Турзлёт – традыцыйны, уражанні – новыя

Турзлёт – традыцыйны, уражанні – новыя

Турзлёт працаўнікоў устаноў адукацыі – яркая падзея ў жыцці раёна. Сёлета ён адбыўся ў дзясяты раз. Па традыцыі, у ім прымаюць удзел старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый і кіраўнікі навучальных устаноў.
Сёлета турзлёт быў прысвечаны Году малой радзімы, і ладзіўся ён у маляўнічым урочышчы Залуззе.
У палатачным гарадку свае законы і правілы: мець выдатны настрой, радавацца самім і цешыць іншых сваімі ўменнямі і дасягненнямі.
Па традыцыі, на агульным пастраенні паднялі сцяг турзлёта. Права яго падняць сёлета дасталося ветэрану педагагічнай працы Мікалаю Кавальчуку і маладому педагогу Вользе Дэц. Павіншавалі ўдзельнікаў турзлёту старшыня райкама работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан і галоўны суддзя спаборніцтваў Антон Пацай. Яны пажадалі паспяховых стартаў, перамог і зараду бадзёрасці.
Ну, што ж, паехалі! Першы іспыт – “асядлаць” веласіпед (тэхніка веласіпеднага турызму). Тут не было роўных прадстаўнікам каманд першай, Якаўчыцкай і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школ. Затым заданне паскладаней – турысцкая паласа перашкод. Настаўнікі ўстанаўлівалі і збіралі палаткі, лоўка пераадольвалі “буралом” і “мышапастку”, скакалі па “купінах”, пераносілі “пацярпелага”, разводзілі вогнішча. На гэтым этапе былі лепшымі каманды школы-інтэрната, другой гарадской і Маціевіцкай базавай.
Спартыўныя конкурсы чаргаваліся з творчымі. Вось дзе быў палёт фантазіі! Удзельнікі турзлёту пасля таго, як разбілі палатачны гарадок, павінны былі незвычайна аформіць сваю тэрыторыю, навесці ідэальны парадак і чысціню. Тут асабліва вылучыліся каманды другой гарадской, Маціевіцкай, спартыўнай, школы-інтэрната. Аднак найбольш удзельнікаў і суддзяў уразіла афармленне бівуака каманды першай школы. На іх “падворку” можна было пабачыць старажытныя прадметы быту, саматканыя коўдры і ходнікі, вышытыя ручнікі, арыгінальна аздоблены ўваход.
А апетытны пах беларускіх страў, прыгатаваных на вогнішчы, так і заклікаў “зазірнуць на аганёк” да кожнай каманды. А як хораша было вечарам, калі ў небе загарэліся першыя зоркі, ля вогнішча! Завяршыўся першы дзень злёту паказам турыстычнай моды ў этнаграфічным стылі і дыскатэкай. У гэтым конкурсе не было роўных настаўнікам першай гарадской, школы-інтэрната і Маціевіцкай базавай школ.
У другі дзень ладзіўся конкурс капітанаў. Пераможцамі сталі: Аляксандр Дарафяйчук (СШ № 1), Сяргей Макарук (аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама), Алена Самасюк (школа-інтэрнат) і Алена Жалезнякова (СШ № 2).
Таксама былі вызначаны тры лепшыя плакаты, прысвечаныя Году малой радзімы. Іх падрыхтавалі ў СШ № 2, № 1 і ДЮСШ.
Усе каманды (а іх было 9) у фінале чакалі аднаго – вынікаў. Прызавыя месцы ў агульным заліку размеркаваліся так: першае месца – СШ № 1, другое – школа-інтэрнат, трэцяе – СШ № 2.
У закрыцці турзлёта прыняла ўдзел Ніна Калыбская, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў. Яна ўручыла камандзе-пераможцы дыплом і грашовы сертыфікат. Прызёры ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Таксама спецыяльны прыз атрымаў Мікалай Пятровіч Кавальчук, як самы актыўны і вопытны ўдзельнік.
…Турыстычны злёт-2018 пакінуў у памяці процьму вясёлых момантаў, незабываемых уражанняў. Кожная каманда змагла паказаць свае турысцкія ўменні, творчыя і фізічныя здольнасці, а галоўнае, выдатна правесці час на свежым паветры.
Таццяна ГРЫНЁВА, суддзя спаборніцтваў.
На здымках: лепшыя моманты турзлёта педагогаў Жабінкаўшчыны.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top