Памяць жыве

Памяць жыве

 

Пра Аляксея Харытанюка, свайго роднага брата, мне распавяла Ганна Кандратаўна Лаўранюк, маці маёй жонкі, а значыць, мая цешча. Яе дапоўніла мая любая жонка Таццяна Іванаўна.
…Аляксей нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і. Маці Фацімія Ануфрыеўна сірата, выйшла замуж за таго, хто браў. Ім, мужам, аказаўся мясцовы жыхар Кандрат Харытанюк, мужык з норавам, хваравіты, часта занепадаў, але прыдбаў чатырох дзяцей. Алёша быў першынцам, таму і старэйшым за ўсіх, адзіным хлапчуком у сям’і. Бацькі не стала, калі Аляксей быў ужо дарослым, 30-гадовым дзецюком, да таго ж халасцяком яшчэ. Міжволі за гаспадара застаўся Аляксей. Даводзілася араць, касіць, малаціць збажыну, словам, рабіць усё, што патрабавала вясковая гаспадарка. Вучыцца ў школе давялося мала. Маці часцей напамінала, каб жаніўся і прывёў гаспадыню ў хату. А тут перамены. Заходняя Беларусь стала савецкай. Аляксей уладкаваўся ўчастковым. Служыў у міліцыі да самай вайны. Ужо на другі яе дзень немцы былі ў Жабінцы. Што рабіць? Тут, як кажуць, не да жаніцьбы. Трэба неяк ратавацца. Савецкіх актывістаў, а тым больш міліцыянтаў, ахоўнікаў правапарадку, арыштоўвалі і знішчалі ў першую чаргу. Таму з першых дзён акупацыі Аляксей не начаваў дома, а хаваўся ў надзейных людзей. А калі ў Старасельскім лесе з’явіліся партызаны, Харытанюк стаў байцом атрада, разведчыкам. Камандаваў групай былы старшыня Старасельскага сельсавета Міхаіл Чарнак.
Акрамя разведкі, Аляксей удзельнічаў у многіх партызанскіх аперацыях. Адна з іх – разгром Азяцкага пастарунка, дзе размяшчалася некалькі дзясяткаў немцаў і паліцаяў. А спярша была дакладная разведка, якая і прынесла поспех.
Запомніўся Харытанюку няроўны бой з ворагам. Гэта было ў маі 1943 года. Партызанскі атрад тады знаходзіўся ля вёскі Звозы, што ў Маларыцкім раёне. Немцы спрабавалі акружыць і знішчыць партызан. Прымянялі артылерыю, мінамёты. Але лясных салдат не ўдалося выбіць са знаёмых мясцін. Яны былі тут гаспадарамі. У адной з партызанскіх контратак ад фашысцкай кулі загінуў Міхаіл Чарнак. Харытанюк глыбока перажываў гэтую страту. Яны ж, Аляксей і Міхаіл, былі добра знаёмыя яшчэ да вайны.
Пахавалі Чарнака недалёка ад Старога Сяла ва ўрочышчы Руслаўка пад вялізным дубам, пад якім Міхаіл і ягоная сястра Даша некалі давалі клятву прысвяціць сваё жыццё барацьбе за шчаслівую будучыню мясцовага люду.
Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Аляксей Харытанюк аднавіўся на службу ў міліцыю. Яго зноў прызначылі ўчастковым інспектарам у сваю ж мясцовасць. Хто ж лепш ведае тутэйшых людзей? Вядома, мясцовы чалавек, які да таго ж прайшоў вайну. І, трэба сказаць, сяржант Харытанюк апраўдаў надзеі міліцэйскага кіраўніцтва.
Яшчэ грымела вайна за межамі краіны, а тут на вызваленай тэрыторыі ўсталёўвалася савецкая ўлада. Пачалося аднаўленне народнай гаспадаркі. Не ўсім было гэта па душы. У лясах хаваліся былыя паліцаі, якія па начах рабавалі мірных жыхароў, забівалі мясцовых актывістаў. Участковы Харытанюк дапамагаў атрадам НКУС выяўляць і знішчаць фашысцкіх памагатых. Пры гэтым часта з рызыкай для жыцця.
Нават у самой Жабінцы на яго быў зроблены замах. Ідучы з начнога дзяжурства, на яго ззаду наваліўся нейкі граміла і спрабаваў адны ударам пакончыць з участковым. Не ўдалося. Аляксей хадзіў на заняткі па рукапашнай барацьбе і валодаў многімі яе прыёмамі. Ён адчуў небяспеку адразу, калі пераходзіў масток праз рэчку тады яшчэ на ўсходняй ускраіне Жабінкі і рэзка скочыў убок. Нападаўшы прамахнуўся і аказаўся на зямлі. А далей усё было, як кажуць, справай тэхнікі, дзе той невядомы забойца аж завішчаў ад болю, калі Аляксей заламаў яму рукі за спіну.
Або такі выпадак. Неяк улетку Аляксей па службе затрымаўся ў Старым Сяле і ў Жабінку не пайшоў па дарозе, дзе магла быць бандыцкая засада, а прабраўся цераз урочышча Стаўское ў родныя Азяты і завітаў да сястры Ганны. Дарэчы, сястра яшчэ пры паляках выйшла замуж. Са сваім Іванам пабудавалі невялікую хатку. Да вайны ў іх нарадзілася дачка. Пасля вызвалення раёна ад захопнікаў Івана забралі ў дзеючую армію і ён загінуў пад Варшавай. Напрыканцы таго ж сорак чацвёртага ў сям’і нарадзіўся сын Саша.
Акрамя гібелі Івана, Ганнінага мужа, вайна забрала і Аляксееву маці. Здарылася гэта летам 1942 года. Па вуліцы вёскі Азяты немцы вялі на расстрэл мірных жыхароў, якія быццам дапамагалі партызанам. Фацімія, маці Аляксея, выбегла з хаты глянуць, што робіцца. І тут жа немец схапіў яе і ўпіхнуў у той натоўп. Не дапамаглі ні плач, ні енк. Яе расстралялі за вёскай разам з тымі так званымі палоннымі. А пасля вайны захварэла і памерла сястра Маня.
Сястра Ганна, застаўшыся без кармільца, трымала ўласную гаспадарку, працавала ў калгасе, каб пракарміць дзяцей. Брат Аляксей дапамагаў сястры, яна была ўдзячна свайму памочніку і заўсёды з радасцю сустракала яго ў сваёй хаце.
У той летні вечар Аляксей прыйшоў стомлены. Павячэраўшы, рашыў адпачыць у клуні на свежым сене і папрасіў сястру, каб яна зачыніла дзверы і павесіла замок. Ганна так і зрабіла. Аляксей ведаў, што за ім цікуюць бандэраўцы, і на гэты раз не памыліўся. Пасля апоўначы ў дзверы хаты пастукалі. Ганна падыйшла да дзвярэй.
– Адчыні! Дзе брат? – голасна пыталіся ў яе.
– Не адчыню, – сказала Ганна. – У мяне дзеці, – ужо даносіўся іх плач. – А брата няма. Заходзіў і пайшоў у Жабінку. Во, праз вуліцу на Целякі падаўся…
І праўда, Аляксея ў хаце не было. Бандэраўцы аж скрыгаталі зубамі ад злосці. Адыходзячы, стрэлілі па дзвярах. Маўляў, ведай нашых. Мы вернемся.
На світанку Ганна зняла замок з дзвярэй клуні. Перад ёй ужо стаяў брат.
– Прыходзілі па душу тваю, – прамовіла сястра.
– Я чуў усё, – выходзячы сказаў Аляксей.
У тое ранне Харытанюк сапраўды пакрочыў напрасткі да вёскі Целякі, каб потым дабрацца да райцэнтра.
А пасля вайны Аляксей і сапраўды ажаніўся. Яму быў 41 год. Бацькаву вялікую хату перавёз у Жабінку на вуліцу Свабоды. А сястры Паліне, якая жыла адна, пабудаваў невялікую хату на бацькавай сядзібе.
Сваёй службай Аляксей ганарыўся, ёй аддаў у пасляваенны час 14 гадоў. Не маючы сур’ёзнай адукацыі, вучыўся. У міліцыі Харытанюк быў на Дошцы гонару, меў падзякі, атрымліваў грашовыя заахвочванні. Яго ставілі ў прыклад іншым супрацоўнікам райаддзела міліцыі. Ён меў таксама і баявыя ўзнагароды.
У Аляксея былі свае намеры і планы на будучыню. Аднак ажыццявіць іх не ўдалося. Трагічная смерць абарвала жыццё сапраўднага патрыёта, барацьбіта за светлае заўтра сваёй Айчыны. Сёння імя і фота ўчастковага сяржанта міліцыі Аляксея Кандратавіча Харытанюка на стэндзе “Слава бацькоў – спадчына сыноў” у Жабінкаўскім раённым аддзеле міліцыі. Памяць пра салдата вайны і правапарадку жыве.
Святаслаў КАЖАДУБ.
На здымку: сяржант міліцыі Аляксей ХАРЫТАНЮК (1951 г.).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top