Малы залатнiк, ды дарагi

Малы залатнiк, ды дарагi

 

Анатоль РОСТАЎ. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Гэтак звычайна гаворыцца пра нешта невялічкае, але ж надзвычай каштоўнае. Народная прыказка цалкам адпавядае ролі Жабінкаўскага сельсавета – найменшага па памерах у аднайменным раёне, але вельмі прыкметнага ў жыцці ўсяго краю.

Крыху гісторыі

СЁЛЕТА СЕЛЬСАВЕТ святкуе свае дваццатыя ўгодкі. Хоць гэта другое па часе ягонае нараджэнне. Бо з гістарычных крыніц дакладна вядома: адміністрацыйна начале краю Жабінка паўстала нашмат раней.
Калі ўвесну 1928-га (альбо роўна 90 гадоў таму), як раней казалі “за польскім часам”, мястэчка аб’яднала наваколлі ў якасці цэнтра гміны (воласці), дык з прыходам Савецкай улады і ўсталяваннем зімой 1940-га раёна быў створаны Жабінкаўскі сельсавет. Ён уключаў у свой склад усяго адзін, але найбуйнейшы населены пункт краю – сяло Жабінку, дзе налічвалася на той час больш за 1400 жыхароў. Сельсавет праіснаваў да красавіка 1952 года.
Паўторнае яго адраджэнне адбылося праз шмат часу. Падставай стаў прэзідэнцкі Указа “Аб упарадкаванні пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання ў Рэспубліцы Беларусь”, падпісаны 3 лютага 1997 года. Як вынік, восенню было створана адпаведнае рашэнне Брэсцкага аблвыканкама. Паводле яго на Брэстчыне ўзніклі новыя сельсаветы. У іх ліку і Жабінкаўскі, які святкуе сваё нараджэнне з 12 чэрвеня 1998 года.
Амаль два дзясяткі гадоў сельсавет узначальвала Галіна Сцяпанаўна Акуліч, якая нязменна карысталася вялікім павагай і аўтарытэтам ў жыхароў. Сапраўднай памочніцай і дарадцам для старшыні ва ўсіх сельсавецкіх пачынаннях увесь гэты час была кіраўнік спраў Наталля Уладзіміраўна Шаўчук.
Восенню 2017-га сельвыканкам узначаліў Алег Анатольевіч Смаршчок, якому цяпер даводзіцца жыць клопатамі і праблемамі вяскоўцаў, дапамагаць людзям у вырашэнні іх паўсядзённых патрэб.

Заўсёдны рух наперад

ЯК АДЗНАЧАЕ Алег Анатольевіч, Жабінкаўскі сельсавет – месца прыкметнае, са сваімі асаблівасцямі.
– Жабінкаўшчына па-свойму ўнікальны і самабытны край, – дадае кіраўнік сельвыканкама. – Найперш адзначу, што тут жывуць добрыя і працавітыя людзі, якія шануюць сваю зямлю, стараюцца зрабіць яе больш урадлівай, чыстай і прыгожай. Адчуваю, што працаваць тут і вялікі гонар, і высокая адказнасць, бо найважнейшую адзанаку даюць у выніку жыхары жабінкаўскай зямлі.
Свой адбітак на развіццё Жабінкаўскага сельсавета заўсёды накладвала ягоная блізкасць да горада. Зямельнымі ўчасткамі, размешчанымі вакол райцэнтра, якія належалі сельсавету, яшчэ колькі гадоў таму актыўна вёўся гандаль на аўкцыёнах. Паколькі існаваў трывалы попыт нават у жыхароў абласнога цэнтра, каб прыдбаць надзелы пад будаўніцтва жытла непасрэдна паблізу Жабінкі.
З часам межы сельсавета не аднойчы мяняліся.
То яны ўключалі ў сябе новыя населеныя пункты, як адбылося ў 2012 годзе, калі ў Жабінкаўскі сельсавет улілася так званая “Якаўчыцкая зона”. (Тады ў складзе сельсавета было аб’яднана ажно 17 населеных пунктаў, у тым ліку аграгарадок Вялікія Якаўчыцы).
То, наадварот, плошча і колькасць насельніцтва ў сельсавеце прыкметна змяншаліся, як адбылося ў 2017-м пасля ўз’яднання з Жабінкай вёсак Здзітава і Курпічы, Сцяброва і Шчэглікі.
Вёскі, далучаныя да горада, – буйныя. Гэта моцна адбілася на статыстыцы. Калі ў 2017 годзе колькасць жыхароў у сельсавеце складала каля 2200 чалавек (з іх 1200 – людзі працаздольнага ўзросту, больш за 400 дзяцей да шаснаццаці гадоў і 500 пажылых). Дык сёння ў 13 вёсках Жабінкаўскага сельсавета налічваецца ўсяго 952 чалавекі. Найбуйнейшы населены пункт – аграгарадок Вялікія Якаўчыцы мае і найбольшую колькасць сацыяльных аб’ектаў (між іншым – школу ды дзіцячы сад).
– Зямлі заўжды патрэбны гаспадар, – лічыць старшыня сельвыканкама. – Прыемна, што ёсць прыклады рупліўцаў у нашым сельсавеце.
Як прыклад дбайных адносінаў да зямлі, ён прыводзіць сялянскія фермерскія гаспадаркі, якія даўно працуюць увішна на палетках Жабінкаўшчыны. Сярод найбуйнейшых – СФГ “Улас” (вёска Рачкі, гаспадар Уладзімір Краўчук), што спецыялізуецца ў раслінагадоўлі і закладцы пладова-ягадных насаджэнняў ды СФГ “Цалюк А.І.”(вёска Панцюхі) (яе гаспадар Аляксандр Цалюк займаецца жывёлагадоўляй, вырошчваннем зерневых і бульбы, буракоў ды кукурузы на кармы). А вось фермерская гаспадарка “Лясны арэшак”, размешчаная паблізу Рачак, толькі развіваецца і мае намер разводзіць фундук.
Цудоўна разумеючы, наколькі вялікае багацце зямля, сельвыканкам займаецца яе аховай, у межах сваёй кампетэнцыі кантралюе, як яна выкарыстоўваецца. Праводзіцца, між іншым, назіранне, наколькі правільна і асвойваюць уласнікі свае ўчасткі, набытыя для будоўлі.
– Вялікую дапамогу ў добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў аказвае нам ААТ “Жабінкаўскі”, які ўзначальвае Міхаіл Мікалаевіч Вячорка, – гаворыць Алег Смаршчок, – ёсць разуменне, што гэта наша агульная справа і агульны клопат. Сумесна з прадстаўнікамі акцыянернага таварыства праводзяцца маніторынгі на тэрыторыі сельсавета, каб выяўляць месцы чалавечай нядбайнасці. Гаспадаркай рэгулярна выдзяляецца тэхніка для ліквідацыі стыхійных сметнікаў і ўборкі могілак.
– Каб не было сорамна за знешні выгляд нашых населеных пунктаў, увесь час тлумачым людзям, што неабходна ўтрымліваць парадак на сваіх сялібах, – гаворыць старшыня сельвыканкама. – І гэта прыносіць сваю карысць.
Так, у апошнія гады больш утульнымі сталі нашыя вёскі, у іх праводзіцца азеляненне, паляпшаецца санітарны стан. Дзеля гэтага сельвыканкам рэгулярна ладзіць рэйды з удзелам участковага інспектара, спецыялістаў цэнтра ггігіены і эпідеміялогіі. Штогод адпаведным рашэннем зацвярджаюцца мерапрыемствы, у якіх вызначаецца пералік спраў, патрэбных выканаць, каб чысціня надоўга прапісалася на вясковых вуліцах і падворках, у тым ліку ў грамадскіх месцах. Мэтанакіравана, крок за крокам, выконваецца схема санітарнай ачысткі населеных прунктаў. Гэтаму садзейнічаюць і святы вёсак, вызначэнне “Дамоў узорнага санітарнага парадку”. Вялікую дапамогу ў гэтых справах аказваюць старасты вёсак.

Вёска набліжаецца да горада

КОЖНАМУ ЗРАЗУМЕЛА, што сённяшні дзень патрабуе, каб чалавек меў жаданне заставацца жыць і працаваць у сельскай мясцовасці, патрэбна ствараць умовы, блізкія па якасці да гарадскіх. Збліжэнне вёскі і горада – непазбежнае.
Менавіта таму пытанне, наколькі глыбока ўкараняюцца дзяржаўныя сацыяльныя стандарты на сяле, знаходзіцца на пастаянным кантролі ў сельвыканкаме. Яны выконваюцца ў сферах культуры, сацыяльнага абслугоўвання, адукацыі, аховы здароўя.
Дзеля гэтага на тэрыторыі Жабінкаўскага сельсавета працуюць сельскі клуб і бібліятэка ў Вялікіх Якаўчыцах, Залуззеўскі Дом народнай творчасці, які шмат гадоў узначальвае Людміла Пышынская. Галоўны накірунак іх дзейнасці – культурнае абслугоўванне насельніцтва, развіццё сама-дзейнай творчасці, адраджэнне старадаўняй палескай спадчыны. У сваёй дзейнасці культработнікі і бібліятэкары цесна звязаны з установай адукацыі – Якаўчыцкай СШ..
Справу медыцынскага абслугоўвання здзяйсняюць фельчарска-акушэрскія пункты, размешчаныя ў вёсках Залуззе, Пшанаі і аграгарадку Вялікія Якаўчыцы. На ФАПах рэгулярна праводзіцца процітуберкулёзная прафілактыка і лячэнне, планавыя прывіўкі дзецям і дарослым. Штогод аглядаюцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і асобы, прыроўненыя да іх, перыядычна – адзінокія грамадзяне, якіх налічваецца 124.
Найбольшым клопатам і павагай агорнуты жыхар Якаўчыц, ветэран вайны Арсеній Васільевіч Жук і працаўнік тылу Мікалай Мікітавіч Юхімук з Рачак, якія на ўласным вопыце паспыталі, што нясе з сабою грознае ваеннае ліхалецце.
Сярод агульнай колькасці жыхароў сельсавета 541 – працаздольнага ўзросту, 274 дасягнулі паважанага пенсійнага.
Нельга верыць у нейкую магію “адмоўных” лічбаў, калі назіраеш за развіццём 13 вёсак, што ўваходзяць у склад Жабінкаўскага сельсавета. Акрамя таго, на яго тэрыторыі –пражываюць ажно 13 шматдзетных сямей. А там, дзе нараджаюцца дзеці, і жыццё абавязкова мае свой працяг.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top