Чаго не стае аматарам спорту?

Далучэнне да здаровага ладу жыцця набывае ўсё большую папулярнасць. У святле гэтага звярнулася да жабінкаўцаў з пытаннем, чаго ім не хапае для заняткаў спортам у райцэнтры.

Максім КАЗЕЙ:
– Добрай баскетбольнай пляцоўкі. На школьных дварах яны ёсць, але ўжо састарэлі і дастаткова траўманебяспечныя, а самае галоўнае – у іх няма якаснага пакрыцця для счаплення красовак з паверхняй пляцоўкі, а гэта вельмі важны фактар. Яна павінна з’явіцца ў парку, бо прыхільнікаў гэтага віду спорту сярод жыхароў Жабінкі, асабліва моладзі, шмат. Ведаю, што рыхтуецца праект па добраўпарадкаванні гарадскога парку, таму туды абавязкова патрэбна дадаць баскетбольную пляцоўку.

Сяргей МАКАРУК:
– Неабходна пляцоўка для варкаўта – вулічнай гімнастыкі, ёю захапляюцца сёння многія. Было б добра мець у горадзе свой каток, велатрэк і проста сучасны стадыён, куды для заняткаў спортам прыходзілі б жыхары нашага горада.

Юлія ВОЛК:
– У нас не хапае фітнес-клубаў, трэнажорных залаў, пляцовак для заняткаў валейболам і баскетболам. Такія павінны з’яўляцца ў дварах новых пяціпавярховак, якія будуюцца ў нашым райцэнтры, іх абавязкова патрэбна ўключаць у праекты новабудоўляў.

Аляксандр ЦІМАШУК:
– У горадзе не хапае банальнага комплексу з турнікоў і брусоў.Мару, каб востраў адпачынку на Мухаўцы за райбальніцай ператварыўся ў востраў здароўя з вела- і бегавымі дарожкамі, трэнажорамі. Было б вельмі цудоўна, калі б у Жабінцы з’явіліся стацыянарныя тэнісныя сталы для аматараў гэтага віду спорту.

Наталля КАВАЛЬЧУК:
– Лічу, што ў горадзе не стае пляцоўкі для вялікага тэнісу і валейбольнай з якасным пакрыццём. Такія проста павінны быць.Упэўнена, што яны прыйшліся б даспадобы і моладзі, і людзям сталага ўзросту. Без увагі не трэба пакідаць і дзяцей. Добрым дапаўненнем да існуючай у гарадскім парку гульнёвай пляцоўкі была б спартыўная.

Вольга ЦЕРПІЛОЎСКАЯ:
– Выдатна было б, калі б у Жабінцы з’явілася коннаспартыўная школа. Выезды на конях для дарослых і дзетак – цудоўная магчымасць для зносінаў з гэтымі разумнымі і грацыёзнымі жывёламі, а таксама лячэнне для тых, каму гэта неабходна. Я маю на ўвазе дзетак-інвалідаў, у якіх цэрэбральны параліч.

Юлія К. (адмовілася фатаграфавацца):
– У парку неабходна ўсталяваць трэнажоры пад адкрытым небам, каб у вольны час любы жадаючы змог прыйсці сюды пазаймацца. Прэс пакачаць або іншыя мышцы, педалі пакруціць. Такія трэнажоры ёсць у расійскіх і еўрапейскіх гарадах, а таксама ў жабінкаўскім санаторыі “Буг”. На жаль, у нашым райцэнтры няма спартыўных аб’ектаў з сучаснай трэнажорнай залай. “Бадзёрасць” не бяру ў разлік: далёка (жыву не ў мікрараёне цукровага завода, а ля райбальніцы), дый трэнажоры там не ўсе працуюць, напрыклад, не функцыянуе бегавая дарожка, астатнія – сілавыя – падыходзяць больш для мужчынскай паловы. На камбікормавым заводзе такая зала толькі для працаўнікоў прадпрыемства. Таму трэнажоры ў парку – выдатная ідэя, якую патрэбна як мага хутчэй ажыццявіць.
Апытанне правяла Алёна НІКАНЧУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*