“Be healthy!” (ці “Быць здаровым!”) – дэвіз праекта ЕС-ААН “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. У межах дадзенага праекта Жабінкаўская раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва рэалізуюць на Жабінкаўшчыне сумесную ініцыятыву “Шлях да даўгалецця” для грамадзян пажылога ўзросту.
Прапаганда здаровага ладу жыцця ў наш час неабходная, змяніліся нагрузкі на арганізм, мы сталі менш рухацца. Але нашы кулінарныя перавагі не змяніліся, апетыты не зменшыліся. Людзі імкліва пачалі паўнець, а значыць хварэць. Калі чалавек здаровы, ён больш жвавы, рухомы, хутка спраўляецца з пастаўленымі задачамі, часцей радуецца таму, што адбываецца вакол, у яго ўсё атрымліваецца.
Чаго мы часцей за ўсё жадаем родным і блізкім, віншуючы іх са святамі? Здароўя! Аб чым молімся ў храмах? Аб здароўі родных! А што мы робім для таго, каб быць здаровымі? Ды амаль нічога. За здароўе адказвае імунная сістэма. Пра здаровага чалавека кажуць, што ў яго добры імунітэт (гэта здольнасць абароны ад інфекцый і іншых шкодных уздзеянняў). Падтрымліваць імунную сістэму трэба што-дня. А для гэтага трэба весці здаровы лад жыцця!
Немалаважную ролю пры гэтым адыгрывае харчаванне. Першае правіла нашага арганізма: лепш не даесці, чым пераесці. Вядома, што здаровы чалавек пры правільным харчаванні наўрад ці з’есць больш, чым яму неабходна. Але некаторыя захворванні могуць выклікаць павышэнне апетыту, напрыклад, цукровы дыябет.
“На жаль, сёння ў нашай краіне расце колькасць лю-дзей, якія маюць лішак масы цела і пакутуюць на атлусценне. Гэта праблема найбольш актуальная ў дачыненні да дзяцей і моладзі, бо ад лішняй вагі і атлусцення пакутуюць амаль 30 % насельніцтва, палове з іх няма і 18 гадоў. Яшчэ 15-20 гадоў назад сярод дзяцей ва ўзросце пяці гадоў атлусценне было рэдкасцю. Цяпер гэта вельмі частая з’ява.
Самая распаўсюджаная прычына такой сітуацыі – банальнае пераяданне ў сілу звычак, што склаліся ў сям’і. Даволі часта бацькі перакормліваюць дзіця, прапануючы яму порцыі, якія па аб’ёме перавышаюць узроставыя, а таксама аддаючы перавагу выкарыстанню ў харчаванні паўфабрыкатаў або фаст-фуда. Школьнікі і студэнты нярэдка, адмаўляючыся ад арганізаванага харчавання ў сталовых, аддаюць перавагу чыпсам, хот-догам, салодкім газіраваным напоям. Досыць часта дзеці, як і дарослыя, “заядаюць” праблемы, звязаныя з вучобай, узаемаадносінамі ў сям’і і калектыве. Кожнае чацвёртае дзіця мае лішнюю вагу, кожнае восьмае – пакутуе на атлусценне”, – піша галоўны дыетолаг Міністэрства аховы здароўя Марына Папова ў артыкуле “Правільнае харчаванне – залог здароўя і прыгажосці”.
Правільнае харчаванне дапамагае пазбегнуць шматлікіх узроставых захворванняў і рэкамендавана для захавання здароўя.
Яшчэ адзін момант. Людзі са старажытных часоў шмат працавалі, пастаянна мелі фізічныя нагрузкі. Цяпер яны зведзены да мінімуму. На працы мы сядзім за сталом, перамяшчаемся на аўтамабілях, на адпачынку грэемся на сонейку. Гэта не правільна і не карысна для здароўя. Бо генетычна мы не змяніліся. Усе даследаванні паказваюць, што людзі, якія займаюцца спортам, хварэюць нашмат радзей.
Здаровы лад жыцця прадугледжвае ўмеранасць фізічных нагрузак. Навукоўцы высветлілі, што аптымальным будзе 150 хвілін практыкаванняў на тыдзень. Якія выбраць, каб адчуваць сябе бадзёрым і не хварэць? Тут кожны павінен вырашаць сам. Лепш змяніць некалькі розных спартыўных зал, чым не атрымліваць ад заняткаў задавальнення. Найбольш спрыяльныя плаванне, водная аэробіка. Для жанчын рэкамендуюцца ўсе віды танцаў, падчас іх выканання працуюць усе мышцы. Для мужчын – групавыя віды спорту: футбол, валейбол. Часта прапагандуюць ранішнюю зарадку. Але калі вы робіце яе праз сілу, стамляецеся пасля практыкаванняў, то якая ад іх карысць? Памятайце, што пры правільна падабраным комплексе практыкаванняў вы будзеце адчуваць лёгкую фізічную стомленасць і велізарнае маральнае задавальненне.
Для павышэння фізічнай актыўнасці людзей пажылога ўзросту на базе Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізаваны фізкультурна-аздараўленчы гурток “Гімнастыка”.
У канцы мая на чарговым яго занятку пабывала карэспандэнт “Сельскай праўды”. Заняткі право-дзяцца з сакавіка двойчы на тыдзень па аўторках і чацвяргах на працягу гадзіны пад кіраўніцтвам трэнера Ігара Галавейкі. Пры добрым надвор’і – у гарадскім парку, а калі яно падводзіць – у тэрытарыяльным цэнтры. У групе налічваецца 30 чалавек. Падчас заняткаў увага надаецца ўмацаванню мышцаў рук, ног, шыі, спіны. Для гэтага выконваюцца розныя практыкаванні: нахілы, павароты, хадзьба і іншыя. З лютага для заняткаў гімнастыкай закупляўся інвентар – мячыкі і дыванкі, веласіпеды, для лыжнай хадзьбы – лыжы, для скандынаўскай – палкі. У рамках ініцыятывы запланаваны і праводзяцца майстар-класы. Ужо прайшлі па лыжнай хадзьбе, на чэрвень плануюцца па скандынаўскай. Усе заняткі і майстар-класы праводзіць адзін трэнер – Ігар Галавейка. На базе тэрытарыяльнага цэнтра з мая дзейнічае бясплатны пункт пракату веласіпедаў. За гэты час такой магчымасцю скарысталіся больш за 20 чалавек. Натуральным чынам, лыжы будуць выдавацца на пракат зімою, а з чэрвеня – скандынаўскія палкі, але пасля таго, як прой-дзе майстар-клас па гэтым відзе фізічнай актыўнасці. Запрашаем яго наведаць. Па пытаннях пракату інвентару і даты правядзення майстар-класаў звяртайцеся па адрасе: г. Жабінка, вул. Калгасная, 4 або тэлефануйце на нумар: 2-35-64.
Будзьце здаровыя!
Вольга РЭБЯКЕЎША, каардынатар ініцыятывы “Шлях да даўгалецця”; Алёна НІКАНЧУК, карэспандэнт “Сельскай праўды”.
Фота Алёны НІКАНЧУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%