Курэнне – адна з прычын хваробаў сэрца

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) у 1988 годзе абвясціла 31 мая Сусветным днём без тытуню. І штогод СААЗ і партнёры паўсюдна адзначаюць гэты дзень, прыцягваючы ўвагу да небяспек для здароўя, якія звязаны з ужываннем тытуню, і заклікаючы дзяржавы праводзіць эфектыўную палітыку памяншэння маштабаў яго спажывання.
Штогод глабальная тытунёвая эпідэмія забірае жыцці ў больш чым сямі мільёнаў чалавек, з якіх каля 900 тысяч не з’яўляюцца курцамі і паміраюць у выніку ўдыхання другаснага тытунёвага дыму. Ад сардэчна-сасудзістых захворванняў памірае больш людзей, чым ад любой іншай прычыны смерці ў свеце, а ўжыванне тытуню і ўздзеянне другаснага тытунёвага дыму прыводзіць прыкладна да 12 % усіх выпадкаў смерці ад хвароб сэрца і з’яўляецца другой пасля высокага крывянога ціску прычынай хвароб сістэмы кровазвароту.
Тэма сёлетняга Сусветнага дня – “Тытунь і хваробы сэрца”. Кампанія накіравана на павышэнне дасведчанасці насельніцтва ў адносінах да праблемы гэтай узаемасувязі.
Па меркаванні СААЗ, нягледзячы на прызнанае шкоднае ўздзеянне тытуню на здароўе сэрца і наяўнасць мер для зніжэння звязанай з гэтым смяротнасці і захваральнасці, вялікая колькасць людзей недастаткова інфармавана пра тое, што тытунь з’яўляецца адной з вядучых прычын сардэчна-сасудзістых захворванняў. Апытанні сярод насельніцтва розных краін паказваюць, што дзве трэці курцоў памылкова мяркуюць, што курэнне аказвае невялікую шкоду ці наогул не аказвае яе.
Кінуць курыць нялёгка – вядома, што нікацін выклікае моцную залежнасць, але сёння мы ведаем пра існаванне эфектыўных метадаў лячэння, а таксама пра сродкі, якія замяняюць яго. Добрай навінай з’яўляецца і тое, што можна мець істотныя перавагі для здароўя, кінуўшы паліць у любым узросце. Тыя, хто зрабіў гэта ў 30-35 гадоў, маюць працягласць жыцця такую ж, як у людзей, якія ніколі не курылі.
Па дапамогу ў адмове ад тытунекурэння можна звярнуцца да ўрача-нарколага раённай паліклінікі ў кабінет № 39 з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 16.00, акрамя выхадных, тэл. 60-8-11.
Ірына АСТРОЎСКАЯ, урач-валеолаг Жабінкаўскай ЦРБ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*