Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
На мінулым тыдні ў актавай зале ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” адбылася сустрэча членаў моладзевай інфармацыйна-прапа-гандысцкай групы (ІПГ) з Брэста з маладымі жабінкаўцамі.
Сустрэча была ўмоўна падзелена на два блокі. Спачатку госць – першы сакратар абкама ГА “БРСМ” Юрый Сегянюк – спыніўся на ключавых аспектах паслання Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народа і Нацыянальнага схода краіны.
– Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на наступных тэматычных блоках, – расказваў Юрый Сегянюк. – Гэта нацыянальная эканоміка, кадравая, сацыяльная, інфармацыйная, цанавая, знешняя палітыка, чалавечы капітал, заробкі, занятасць, карупцыя, канстытуцыйная рэформа, нацыянальная бяспека. У сваім выступленні Прэзідэнт выдзеліў ключавыя аспекты развіцця сітуацыі на міжнароднай арэне. Сёння, калі ў многіх краінах свету неспакойна, асабліва важна ўтрымліваць раўнавагу ўнутры дзяржавы…
Юрый Сяргеевіч у выступленні закрануў і іншыя аспекты, агучаныя Прэзідэнтам краіны падчас паслання свайму народу. З цікавасцю слухалі маладыя людзі, што гаварылася аб удасканаленні кадравай палітыкі, развіцці чалавечага капіталу, заработнай плаце, стварэнні працоўных месцаў, нацыянальнай бяспецы, інфармацыйнай палітыцы, карупцыі.
– Адна з праблем – кадравы голад, – казаў Юрый Сегянюк. – Каб атрымаць прафесіянала-кіраўніка, неабходна яго “выхаваць” з маладога спецыяліста. У Еўропе рады бачыць нашу моладзь, аднак трэба стварыць усе неабходныя ўмовы, каб яна засталася на сваіх працоўных месцах і рэалізавала свой патэнцыял у Беларусі.
Затым слова ўзяў другі сакратар абласнога камітэта ГА “БРСМ” Мікалай Лугаўскі, дарэчы, нара-джэнец Жабінкаўшчыны. Мікалай, у сваю чаргу, расказаў, якая моладзевая палітыка вядзецца ў вобласці і краіне ў цэлым, як і дзе маладыя людзі могуць адпачыць і рэалізаваць сябе. У бліжэйшыя месяцы ў вобласці адбудуцца моладзевыя фэсты, злёты, сустрэчы, на якіх будуць вельмі рады бачыць і прадстаўнікоў нашага раёна.
Пасля выступленняў брастаўчан свае пытанні задавалі маладыя людзі Жабінкаўшчыны. Іх цікавіла, прынамсі, калі ў горадзе будзе пабудаваны новы дзіцячы сад, чаму дагэтуль не адкрылася абяцаная дырэктарам ЖКГ трэнажорная зала. Дзяўчаты прызналіся, што ў вольны ад работы час наведваюць забаўляльныя цэнтры Брэста, бо ў Жабінцы ім нецікава і сумна, а на дыскатэкі ў асноўным ходзяць школьнікі.
Завяршылася сустрэча-дыялог пажаданнем гасцей у адрас маладых быць актыўнымі, ініцыятыўнымі на працы і ў вольны час. А грамадскае аб’яднанне “БРСМ” ім абавязкова дапаможа.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%