У Камітэт дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці ў першым квартале бягучага года паступілі 253 звароты, што менш у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам на 20 %,
ці на 62 звароты. Амаль на 20 % зменшылася колькасць вусных зваротаў грамадзян да кіраўніцтва і службовых асоб Камітэта, якія паступілі падчас асабістых і выязных прыёмаў, а таксама пры правядзенні “прамых тэлефонных ліній”. Сёлета іх было 132. Звароты, што паступілі, знаходзяцца на кантролі да канчатковага вырашэння пытання ці прыняцця адпаведных мер.
Традыцыйна ў Камітэт найбольшая колькасць зваротаў грамадзян паступіла ад жыхароў Брэста, Пінска і Баранавічаў, у разрэзе раёнаў вобласці – ад жыхароў Ляхавіцкага, Столінскага, Кобрынскага і Брэсцкага.
Найбольш прыярытэтнымі аказаліся пытанні дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый, камунальна-побытавай сферы і добраўпарадкавання, грамадзянска-прававых адносін, дзейнасці органаў выканаўчай улады, а таксама парушэнняў у рабоце кіраўнікоў.
Да прыкладу, запатрабавалася ўмяшанне Камітэта пры разглядзе звароту жыхара г. п. Ружаны (Пружанскі раён) на асабісты прыём да старшыні Камітэта Дзмітрыя Баско па пытанні парушэнняў, дапушчаных службовымі асобамі ўстановы “Пружанская раённая ветэрынарная станцыя” пры ажыццяўленні супрацьэпізаатычных мерапрыемстваў на тэрыторыі асабістай дапаможнай гаспадаркі заяўніка. Падчас разгляду звароту факты, выкладзеныя заяўніком, часткова пацвердзіліся, вінаватая службовая асоба прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці. Акрамя таго, нягледзячы на прадпрынятыя Камітэтам меры папераджальнага характару, ветстанцыя дапусціла парушэнне ўсталяванага заканадаўствам парадку разгляду пісьмовага звароту заяўніка, за што вінаватая службовая асоба ўстановы прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці. Кіраўнік Пружанскай райветстанцыі прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці.
Не страцілі сваёй актуальнасці і пытанні, якія тычацца дзейнасці органаў выканаўчай улады. Так, у справаздачным перыядзе па дадзенай тэматыцы паступіла 27 зваротаў. Да прыкладу, па выніках праведзеных Камітэтам кантрольных мерапрыемстваў падчас разгляду звароту, які паступіў на “тэлефон даверу”, выяўлена нямэтавае выкарыстанне сродкаў бюджэту раёна, выдзеленых у рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016-2020 гады на выкананне работ на аб’екце “Капітальны рамонт з мадэрнізацыяй музея ў Давыд-Гарадку”. Як паказала праверка Столінскага райвыканкама, сродкі раённага бюджэту фактычна былі накіраваны на капітальны рамонт будынка Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці, які знаходзіцца на балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама, а не на рамонт музея. Акрамя таго, пасля завяршэння рамонту ў будынку цэнтра дзіцячай творчасці размясціўся Давыд-Гарадоцкі гарвыканкам, цэнтр дзіцячай творчасці пераведзены ў будынак вартавога памяшкання былой ваеннай часці, а экспазіцыя Давыд-Гарадоцкага музея проста аддадзена на захоўванне ў будынак бібліятэкі. Праверка выявіла таксама завышэнне кошту выкананых будаўнічых работ і выкананне іх без дазволу інспекцыі Дзяржбуднагляду. Па выніках праверкі выкарыстаныя не па мэтавым прызначэнні сродкі ў добраахвотным парадку пакрыты ў бюджэт, на двух аб’ектах паменшаны кошт будаўніцтва, вінаватыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Падчас разгляду звароту жыхаркі Пружан па пытанні законнасці і абгрунтаванасці выкарыстання бюджэтных сродкаў Пружанскім райвыканкамам пры набыцці службовага легкавога аўтамабіля выяўлены парушэнні заканадаўства аб дзяржзакупках. Службовыя асобы райвыканкама пры апісанні прадмета дзяржаўнай закупкі прывялі спасылкі на канкрэтныя таварныя знакі, а таксама ўказалі характарыстыкі прадмета закупкі, якія цалкам супадаюць з адпаведнымі характарыстыкамі аўтамабіля Nissan Qashqai (які і быў набыты па выніках закупак).
Аналагічныя парушэнні ўстаноўлены і пры праверцы Кобрынскага райвыканкама. Вінаватыя асобы прыцягнуты да адказнасці.
Нягледзячы на памяншэнне колькасці зваротаў практычна па ўсіх тэматыках, павялічыўся лік тых, што змяшчаюць звесткі пра парушэнні ў рабоце кіраўнікоў арганізацый. Пры гэтым часта нароўні з прэтэнзіямі па арганізацыі працы і фінансавай дзейнасці даручаных прадпрыемстваў выказваліся прэтэнзіі і па іншых парушэннях.
Так, факт бескантрольнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю выяўлены супрацоўнікамі Камітэта падчас разгляду звароту жыхароў аграгарадка Чарняны Маларыцкага раёна. Грамадзяне скардзіліся на самаўпраўства дырэктара ААТ “Чарняны”, які на прысядзібным участку без неабходных узгадненняў выкапаў вадаём. Маларыцкая райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па даручэнні Камітэта правяла праверку і ўстанавіла факт прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю шляхам самавольнага вымання грунту на дачным участку службовай асобы. У выніку была выстаўлена прэтэнзія аб пакрыцці шкоды. Яна пакрыта вінаватай асобай у добраахвотным парадку.
Падчас разгляду звестак, выкладзеных у зваротах, якія паступілі і знаходзіліся на кантролі ў Камітэце ў першым квартале бягучага года, праведзены пяць праверачных мерапрыемстваў. Па выніках разгляду зваротаў восем службовых і чатыры юрыдычныя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, накладзена штрафаў і прад’яўлена прэтэнзій аб пакрыцці шкоды на агульную суму 772,023 тыс. руб., чатыры чалавекі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Камітэт дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%