Рэгіён, прывабны для турыстаў

У райвыканкаме адбылася 3 сесія Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання. На разгляд выносілася справаздача аб выкананні рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі на Жабінкаўшчыне Дзяржаўнай праграмы “Беларусь гасцінная” на 2016-2020 гады. З ёю выступіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко. У абмеркаванні даклада ўдзельнічалі галоўны спецыяліст аддзела маркетынгу даччынага ўнітарнага прадпрыемства “Санаторый Буг” Руслана Смаль, начальнік установы “Жабінкаўская раённая арганізацыйная структура рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Пётр Вярэмка і дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Жанна Падрубная.
Падчас трэцяй сесіі 28 склікання былі вырашаны арганізацыйныя моманты, а таксама на абмеркаванне выносіліся тры пытанні: “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у рашэнне Жабінкаўскага райсавета дэпутатаў ад 28 снежня 2017 года № 147”, “Аб прызнанні страціўшым моц рашэння Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 17 лютага 2017 года № 112”, “Аб унясенні змяненняў у рашэнне Жабінкаўскага райсавета дэпутатаў ад 23 снежня 2016 года № 101”. У рабоце сесіі прыняла ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка. Яна, дарэчы, на наступны дзень правяла “прамую тэлефонную лінію” са сваімі выбаршчыкамі па Белавежскай акрузе.
З даклада Галіны Бурко:
– Работа па развіцці турызму на Жабінкаўшчыне ажыццяўляецца згодна з Дзяржаўнай праграмай “Беларусь гасцінная” на 2016-2020 гады, мэта якой – фарміраванне ўяўленняў аб рэгіёне, прывабным для турыстаў. У яе аснове – экспарт турыстычных паслуг. На тэрыторыі раёна выконваюць гэтыя паказчыкі ДУП “Санаторый Буг” і парк-атэль “Лясная гавань”. Экспарт турыстычных паслуг на Жабінкаўшчыне за 2017 год склаў 1074,1 тыс. долараў ЗША, ці 102,6 % да ўзроўню папярэдняга года.
Каб нарошчваць экспартны патэнцыял, “Санаторый Буг” летась стварыў інтэрнэт-сайт з праграмай анлайн-браніравання, размясціў рэкламу санаторыя ў інтэрнэце, рассылаліся пісьмы з прапановамі супрацоўнічаць з буйнымі прадпрыемствамі, укаранілі акцыю “Палаючыя пуцёўкі” і г. д.
Таксама перапрацаваны і абноўлены 6 турыстычных маршрутаў па памятных мясцінах Жабінкаўшчыны. Летась наш раён наведалі 3266 арганізаваных турыстаў і экскурсантаў. Супрацоўнікі Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі падрыхтавалі і выдалі буклет “Жабінка этнаграфічная запрашае…”, перавыдадзены турыстычны гід “Жабінкаўскі край”. І цяпер збіраецца інфармацыя аб маланаселеных і знікаючых вёсках, іх славутасцях, вядомых людзях. Была арганізавана фотавыстава “Жабінка гасцінная”, з якой можна пазнаёміцца ў РЦТДіМ.
Усё большую папулярнасць набываюць велапрабегі. Вясной бягучага года яны былі арганізаваны ў межах “Фэсту экскурсаводаў” і прысвячаліся Першамаю і Дню Перамогі.
На тэрыторыі раёна турыстаў могуць прыняць у санаторыях “Буг” і “Надзея”, парку-атэлі “Лясная гавань”. На Жабінкаўшчыне дзейнічаюць 15 аграсядзіб. Летась іх наведалі 8645 турыстаў.
Пашырае сваю дзейнасць “Жабінкаўская раённая арганізацыйная структура” РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. Рэклама ўстановы на працягу мінулага года размяшчалася на паляўнічых выставах у Расіі, Германіі, Аўстрыі, Мінску. І гэта дало свой плён: летась было арганізавана 18 тураў для 21 паляўнічага, з іх 8 тураў – для 11 замежных паляўнічых. Даход склаў 6067 рублёў. Далейшае развіццё паляўнічага і спартыўнага турызму будзе, безумоўна, садзейнічаць прыцягненню ў раён замежных турыстаў.
Значны турыстычны аб’ект у раёне – гісторыка-краязнаўчы музей у Малых Сяхновічах. Па выніках мінулага года платныя паслугі склалі тут больш за тысячу рублёў.
Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 снежня 2017 года “Аб вызначэнні бязвізавага ўезду і выезду замежных грамадзян”, Жабінкаўшчына ўвайшла ў турыстычна-рэкрэацыйную зону “Брэст”. У нашым раёне дзейнічаюць 2 тураператары: прыватнае турыстычнае ўнітарнае прадпрыемтсва “Падарожнічаем разам” і прыватнае транспартна-турысцкае ўнітарнае прадпрыемства “КРИСтур”.
Падрыхтавана інфармацыя пра гістарычнае мінулае раёна, складзеная на аснове турыстычна-экскурсійных маршрутаў, якія ўключаюць памятныя знакавыя мясціны.
Існуе прыкладная праграма знаходжання замежных турыстаў на тэрыторыі раёна, якая арыентавана на замежных школьнікаў.
Зразумела, важны накірунак развіцця турызму – павышэнне ўзроўню сэрвісу, забеспячэнне камфортных умоў знаходжання на Жабінкаўшчыне. Неабходна правесці работу па паляпшэнні стану аб’ектаў, цікавых для турыстаў, па добраўпарадкаванні дарог. Каб развіваць турыстычныя магчымасці раёна, неабходна актыўна прасоўваць свой турыстычны прадукт.
Святлана КІСЛАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.