Якасны корм – зарука фінансавай стабільнасці

Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара.
Кармы – падмурак фінансавага дабрабыту гаспадаркі. Будзе якасны і ўдосталь корм – будуць малако і мяса, а значыць, і грошы ў касе сельгас-прадпрыемства. Асабліва актуальная тэма кормавытворчасці вясной, калі на майскіх укосах можна нарыхтаваць якасныя сена і сянаж. Тут важна не ўпусціць момант – загадзя падрыхтаваць тэхніку, на сенакосы ўнесці тукі, каб багаты травастой закласці ў валкі або ў сянажныя ямы з прымяненнем кансервантаў.
І хаця ўжо ўсе сельгасарганізацыі прыступілі да корманарыхтоўкі, кіраўнікі і спецыялісты сабраліся разам, каб абмеркаваць пытанні гатоўнасці да нарыхтоўкі кармоў, вызначыць праблемы і недахопы сёлетняй касавіцы. Менавіта гэтаму пытанню на мінулым тыдні было прысвечана выязное пасяджэнне райвыканкама, якое праводзілася на базе ААТ “Ракітніца”. Адкрыў яго на полі ля вёскі Булькова, дзе якраз гула нагружаная зялёнай масай тэхніка, кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі.
– Ад колькасці і якасці корму, які мы нарыхтуем зараз, залежыць продаж малака – а значыць, прыбытак і дабрабыт кожнай сельгасарганізацыі, – гаварыў Дзмітрый Мікалаевіч. – Сёння ўзровень продажу малака неблагі, аднак нас ужо “абышоў” Іванаўскі раён. Сёння варта абмеркаваць стратэгію нарыхтоўкі, каб атрымаць дастаткова якаснага корму.
Дырэктар ААТ “Ракітніца” Рыгор Панасюк на правах гаспадара, у сваю чаргу, інфармаваў, як у іх наладжана касавіца. Яго дапоўнілі спецыялісты – галоўны заатэхнік Анжэла Лукашык і начальнік участка Віктар Кашук. Так, каб пракарміць статак (а ў “Ракітніцы” ён немаленькі – 2600 галоў), неабходна назапасіць 7000 тон сенажу. Пры гэтым 3000 тон – з бабовых, для кармлення высокаўдойных кароў і маладняку, столькі ж сенажу – з разнатраўя і яшчэ 1000 тон – з атавы, для сухастойных кароў і цялушак. Каб атрымаць прадуктыўны другі і трэці ўкос траў, у “Ракітніцы” плануецца падкарміць бабовыя азотнымі ўгнаеннямі.
Затым слова ўзяла намеснік начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці райсельгасхарчу Аліна Вайтовіч. Яна паведаміла, як на Жабінкаўшчыне выконваецца заданне па падрыхтоўцы травяністых кармоў і больш падрабязна спынілася на чарговых навуковых распрацоўках у гэтай сферы. Аліну Васільеўну дапоўніў начальнік раённай ветстанцыі Міхаіл Чырук. Ён падкрэсліў, што важна закладваць корм з прымяненнем кансервантаў і не забываць пры гэтым пра якасць: ніякага “гарэння” цюкаў сена, валакіты з трамбоўкай і закладкай масы ў траншэі дапускаць нельга. Дарэчы, працэс закладкі зялёнай масы кіраўнікі і спецыялісты райсельгасхарчу, сельгасарганізацый, абслугоўваючых арганізацый маглі пабачыць ля фермы Стрыганец. Два “Амкадоры”, як прасы, шчыльна трамбавалі зялёны ўраджай, які сюды аператыўна падвозілі МАЗы. Спатрэбіцца не так шмат часу, каб накрыць сянаж спецыяльнай плёнкай – і корм на зімоўку гатовы!
Убачанае ўдзельнікі выязнога пасяджэння абмеркавалі ў Доме культуры аграгарадка Ракітніца. Начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці райсельгасхарчу Аляксандр Чэрнік расказаў, як працэс корманарыхтоўкі вёўся летась і як ён наладжаны сёлета. Так, у 2017 годзе ў сельгасарганізацыях было нарыхтавана 5,2 тыс. тон сена, 48,5 тыс. тон сенажу, 151,6 тыс. тон сіласу, у разліку на адну ўмоўную галаву атрымана 27,4 ц. к. адз.
Сёлета неабходна для грамадскага статка атрымаць 6,3 тыс. тон сена, 78,6 тыс. тон сенажу, 138,8 тыс. тон сіласу. Гэта магчыма зрабіць, улічваючы сенакосы і пашы. На думку Аляксандра Уладзіміравіча, каб нарыхтаваць якасныя кармы з высокай канцэнтрацыяй абменнай энергіі, сырога пратэіну, лёгкаферментыраваных вугляводаў, неабходна ўнесці важкія змены ў практыку травазвароту ў раёне. Так, на Жабінкаўшчыне 4204 га шматгадовых траў; бабова-злакавых сумесяў 2923, ці 70 % ад агульнай колькасці. Летась было пасеяна 77 %
шматгадовых траў (поўнасцю справіліся з заданнем ААТ “Хмелева”, “Вазнясенскі”, “Жабінкаўскі”, а ў ААТ “Азяты АГРА”, “Мацеевічы” і “Рагазнянскі” – толькі крыху больш за палову запланаванага).
У мінулым годзе перазалужэнне праве-дзена на плошчы 1036 га, што склала 70 % да плана (у поўным аб’ёме гэта зроблена ў ААТ “Хмелева”, “Ракітніца”, “Азяты АГРА”). Улічваючы, што ў апошнія пяць гадоў гэтай задачы надаецца мала ўвагі, знізілася ўраджайнасць шматгадовых траў.
Як яе павысіць? Аляксандр Уладзіміравіч выдае “рэцэпт” – прымяніць мінеральныя ўгнаенні. Азотных сёлета ўнесена на 74 %
плошчы, а калійных яшчэ менш – усяго 33 % ад агульнай плошчы. Каб атрымаць паўнацэнны ўкос, сельгасарганізацыям неабходна паджывіць азотнымі ўгнаеннямі травы. Для гэтага неабходна 66 тон дзеючага рэчыва на суму 78,7 тыс. руб. Кукуруза – крыніца корму – таксама азот любіць. Для гэтай культуры неабходны тукі – 427 тон.
Дзе захоўваць зялёную масу? У раёне налічваецца 118 сянажна-сіласных траншэй умяшчальнасцю 226 тысяч тон, а на зімоўку жывёлам патрэбна 250 тысяч. Таму неабходна пабудаваць 27 сіласна-сянажных траншэй аб’ёмам 63 тысячы тон. На бягучы год запланавана будаўніцтва 21 траншэі.
На касавіцы плануецца задзейнічаць 18 кормаўборачных камбайнаў, 15 трактарных касілак, 27 грабляў, 25 прэс-падборшчыкаў, 70 грузавых аўтамабіляў. У ААТ “Ракітніца”, “Жабінкаўскі”, “Хмелева” ёсць неабходная тэхніка, каб закладваць корм у палімерную тару. Таксама на правядзенне касавіцы спатрэбіцца 350 тон дызельнага паліва, 50 тон бензіну, 14 тон ГЗМ на суму 535 тыс. рублёў. Справіцца з першым укосам сельгасарганізацыі, па разліках, могуць за 13-19 дзён.
– Адна з асноўных задач, якія стаяць перад гаспадаркамі падчас касавіцы – нарыхтоўка якаснага сена, сіласу і сенажу, што ў далейшым дазволіць забяспечыць высокую акупаемасць кармоў колькасцю атрыманай і рэалізаванай прадукцыі, у канчатковым выніку станоўча адаб’ецца на фінансавых выніках работы сельгасарганізацый, – падкрэсліў Аляксандр Чэрнік.
Вынікі выязнога пасяджэння падвёў старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.