“Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома”

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Многія памятаюць словы, напісаныя больш за сотню гадоў таму вялікім пісьменнікам Львом Талстым, што тычацца няшчасных і шчаслівых сем’яў. На жаль, ні на ёту не страцілі яны сваёй надзённасці і ў сённяшнім зменлівым бурлівым часе. Пра тое неаднойчы згадвалася падчас вечарыны, што ладзілася напярэдадні Міжнароднага дня сям’і ў раённай бібліятэцы. Мерапрыемства, названае “Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома”, дазволіла ў перадсвяточныя дні глыбей зірнуць на праблемы найпершай ячэйкі грамадства.

СУСТРЭЧА МЕЛА свае асаблівасці. Найперш, незвычайным быў склад запрошаных на яе. Гэта бацькі, якія не заўсёды належна выконваюць свае абавязкі ў выхаванні родных дзяцей. Таму адной з галоўных мэт арганізатараў – бібліятэкараў і прадстаўнікоў раённага аб’яднання прафсаюзаў – было дагрукацца да сэрцаў, якія не страцілі пакуль канчаткова сваёй пяшчоты і цеплыні да родных сваіх крывіначак. І аб тым, што яны, гэтыя сэрцы, не пакрыліся яшчэ лёдам, можна было меркаваць па рэакцыі некаторых гасцей, па іх вачах, скіраваных на экран, калі дэманстраваліся хвалюючыя кадры відэастужак “Запіска” і “Ліст да маці”, у якім дзіця звяртаецца да самага роднага чалавека. Гэты ліст, напісаны з дзіцячага дома, быццам ляціць у пустэчу і не знаходзіць водгуку…
Таму свята было асаблівым, скіраваным на тое, каб не толькі ўзняць аўтарытэт сям’і, але й звярнуць увагу на праблемы, якія існуюць у гэтых ячэйках грамадства.
Вядучыя, у ролі якіх выступалі Валянціна Славуціч і Ірына Гулько, згадалі старажытнае паданне пра вялікую сям’ю, дзе непарушна ўладарылі мір, каханне і згода. Гэта было настолькі нязвыкла, што “таямніцай” іх агульнага шчасця, падзеленага паміж усімі, зацікавіўся нават цар тае дзяржавы. Уражаны гармоніяй, што прапісалася ў сям’і, ён спытаўся ў старэйшыны роду, як здолелі яны жыць без сварак. У адказ галава сям’і пакінуў на аркушы сто слоў і перадаў ліст правіцелю. Цар быў здзіўлены, калі пабачыў сотню разоў паўторанае слова “ўзаемаразуменне”.
І гэта насамрэч так. Бо нездарма ў моцных сем’ях працягваюцца традыцыі прашчураў, існуе шчырае разуменне, што род і Радзіма, народ і прырода – словы з адным коранем. А пачаткам усяму – вытокам – з’яўляецца бацькоўскі дом, які ёсць у кожнага чалавека на Зямлі і ўваходзіць у нашу свядомасць з першых дзён жыцця. Прычым, гэта не проста дах над галавою, а аб’яднанне блізкіх і любімых людзей. Гэта, нарэшце, маленькія часцінкі вялікай Айчыны. Чалавек шчаслівы жыве сям’ёй. Трымаецца за яе, паколькі адчувае ў сямейных каштоўнасцях абарону ад злыбяды, дапамогу ад жыццёвых перашкод, хваробы і гора. Бо толькі родны можа прыняць на сябе часцінку скаргі і болю, прынесці супакаенне на сваіх цёплых далонях…
Віншуючы з Міжнародным днём сям’і, вядучыя прыгадалі таксама, што ў праваслаўным свеце існуе і ўласнае адпаведнае свята, звязанае з імёнамі святых мурамскіх князёў Пятра і Фяўронні, больш падрабязна спыніліся на гэтых гістарычных асобах, што сталі прыкладам вялікага кахання, пранеслі яго праз доўгае жыццё і памерлі ў адзін дзень. У 1547 годзе Пётр і Фяўроння былі кананізаваныя царквою, 8 ліпеня – дзень іх памяці – стаў днём закаханых і сямейных людзей, да святых праведнікаў сталі звяртацца з малітвамі, просячы падтрымкі ў сямейных пытаннях.
Не абмінулі ў час размовы і ролю бацькі ў сям’і, паколькі, як слушна было заўважана: “Быць татам – цяжкая справа, але й пачэсная. І тыя мужчыны, што ўхіляюцца ад выхавання роднага дзіцяці, нават не ўсведамляюць, як шмат губляюць у жыцці”. Адносіны паміж бацькамі заўсёды ёсць эталон для іх нашчадкаў, скуль бярэцца мадэль будучых паводзін. Акрылены татавым прыкладам, хлопчык пазней створыць сям’ю, падобную на тую, у якой выхоўваўся сам. А для дачкі бацька становіцца нярэдка эталонам мужчыны.
Асаблівую цікавасць выклікала размова са святаром Андрэем Петрусевічам, запрошаным на вечарыну. Айцец Андрэй адказаў на пытанні, якія хвалявалі гасцей. Прынамсі, расказаў, што ёсць сям’я з праваслаўнага пункту погляду. У святара пацікавіліся, якія абавязкі ўскладаюцца Новым запаветам на тату і маму ў выхаванні дзяцей, як дзеці павінны адносіцца да сваіх бацькоў і многае іншае.
Напрыканцы сустрэчы прагучала шчырае пажаданне, каб як мага менш няшчасных сем’яў заставалася на Зямлі. Дзеля гэтага дарослыя павінны быць лоцманамі і штурманамі для сваіх дзяцей, дапамагаць ім стаць дзейснымі, цікаўнымі, гарманічна развітымі асобамі. Навучыцца каваць ключы ад агульнага шчасця, што магчыма толькі ў сям’і, дзе гаспадараць надзея, вера і каханне.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.