Святкавалі перамогу ў Дзень Перамогі

Анатоль РОСТАЎ.
Фота аўтара.
Сярод мерапрыемстваў, якімі была насычана святочная праграма, прапанаваная жабінкаўцам і гасцям нашага горада 9 мая, можна вылучыць і моладзевы квэст, арганізаваны для вучняў старэйшых класаў гарадскіх школ.
Відовішчнае мерапрыемства, якое патрабавала ад удзельнікаў вынослівасці ды спрыту не толькі фізічнага, але й не ў меншай меры разумовага, ладзілася па прапанове райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі пад кіраўніцтвам першага сакратара Марыі Сянішынай.
Спаборніцтва, названае “Памяць пакаленняў”, утрымлівала заданні, звязаныя з ваеннай гісторыяй Жабінкаўскага раёна, а таксама памятнымі датамі, што адзначаюцца ў маі. Таму ў час квэсту ўдзельнікам давялося паламаць галаву над мудрагелістымі задачкамі і няпростымі заданнямі.
Напрыклад, знайсці вуліцы Жабінкі, названыя ў гонар удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны Чарнака і Наганава; сфатаграфаваць шыльду, прысвечаную нашым землякам, падпольшчыкам і партызанам Сяргею Ануфрыюку і Аляксею Дзмітруку; высветліць, што месцілася ў часы нямецкай акупацыі ў старадаўнім будынку, дзе цяпер знаходзіцца, між іншым, “штаб-кватэра” раённага камітэта ГА “БРСМ”; даведацца, чаму на будынку раённага выканаўчага камітэта пералічаны прозвішчы чатырох партызан-чарнакоўцаў, загінулых у 1942 годзе…
Найбольшы спрыт і найлепшыя веды сярод школьнікаў праявілі на этапах квэсту навучэнцы СШ № 3, якія і прыйшлі першымі да фінішу. Яны святкавалі перамогу ў Дзень Перамогі і атрымалі памятныя прызы (у іх ліку фотаальбом, выда-дзены летась да 200-х угодкаў нашага горада).
На здымку: удзельнікі квэсту пасля фінішу са сцягам сваёй моладзевай арганізацыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.