Святлана БЯЛЯК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
У Жабінкаўскую спецыяльную школу-інтэрнат для дзяцей з паслабленым зрокам на мінулым тыдні ў чарговы раз завіталі шаноўныя госці, якія даўно сталі сябрамі – прадстаўнікі праваслаўнай царквы, упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці і мясцовай улады.
– Гэта стала ўжо добрай традыцыяй – сустракацца разам у школе пасля велікодных святаў, якія доўжацца на працягу сарака дзён, – заўважыў дырэктар установы Аляксандр Кавальчук.
Выхаванцы інтэрната дружнымі апладысментамі сустракалі кожнага госця, што завітаў сюды са шчырымі словамі і падарункамі.
Па-сямейнаму цёплы тон сустрэчы задалі ўдзельнікі дзіцяча-юнацкага хору “Дабравест” Сімяонаўскага кафедральнага сабора з Брэста. Юныя вернікі вельмі ўзнёсла і душэўна выканалі некалькі песень, прысвечаных Вялікадню. Прыгожыя, чыстыя галасы дзяцей зліваліся ў адзін суцэльны спеў. Жабінкаўцы слухалі яго сцішана і зачаравана. А госці спявалі не толькі па-руску, але і па-сербску.
Затым сваё майстэрства прадэманстравалі гасцям і выхаванцы школы-інтэрната. Звонка і мілагучна выконвалі песні Карына Ганчарук, Іван Русіч, Аляксандр Ляшко, Вераніка Анташок. А развіваць талент у слабавідушчых вучняў дапамагае музычны кіраўнік школы Эдуард Пішчык.
Пасля песенных падарункаў надышла чарга прымаць іх у адказ ад высокіх гасцей, якія завіталі да дзетак не з пустымі рукамі.
Першым павіншаваў юных жабінкаўцаў начальнік упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці Вячаслаў Язерскі. Ён быў расчулены выступленнямі слабавідушчых дзетак, падкрэсліў, што з вялікім задавальненнем сочыць за іх поспехамі.
– Асабліва прыемна бачыць на сцэне Вераніку Анташок, – казаў Вячаслаў Васільевіч. – Я памятаю, як яна прыйшла ў першы клас і спрабавала спяваць. Цяпер дзяўчынка заканчвае пяты і яе талент спявачкі раскрыўся, як бутон ружы. Шчыра кажучы, летась, калі Веранічка спявала “Зязюлю” ў нас на юбілейным канцэрце – гэта, па меркаванні ўсіх гледачоў, быў самы ўдалы і моцны нумар. І далей смела крочце па жыцці, раскрывайце таленты – а мы вам дапаможам!
Госць перадаў выхаванцам інтэрната падарунак.
Затым да дзетак звярнуўся кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі. Ён таксама выказаў сваю радасць ад сустрэчы з вучнямі, уразіўся здольнасцямі юных спевакоў.
– Будзьце і далей такімі ж творчымі і таленавітымі, радуйце нас сваімі ўменнямі і поспехамі. Няхай вашы мары ажыццяўляюцца!
Дзмітрый Мікалаевіч уручыў школе-інтэрнату падарунак – мікрахвалевую печ.
Архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, са свайго боку, у чарговы раз павіншаваў усіх са светлым святам Хрыстова Уваскрэсення і сказаў:
– Я вельмі рады за вас, дзеці. Бог даў такую магчымасць сустрэцца нам зноў… Адчуваю вашы адкрытыя душы і чыстыя сэрцы і радуюся за вас. Малайцы, што, нягледзячы на складанасці здароўя, умееце радавацца жыццю і развіваць свае таленты. Жадаю вам цялеснага і душэўнага здароўя, веры ва ўласныя сілы, цярпення і надзеі на Уваскросшага Госпада Ісуса Хрыста.
У падарунак уладыка Іаан прывёз кожнаму дзіцяці шакаладныя яйкі з сюрпрызам і саладосці. А выхаванцы, у сваю чаргу, уручылі гасцям сувеніры, зробленыя з любоўю сваімі рукамі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%