Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Сёлетнія майскія праводзіны юнакоў у шэрагі Узброеных Сіл Беларусі былі ўдвая ўрачыстымі. Сама па сабе важная падзея ў жыцці маладых людзей адбывалася ў год 100-гадовага юбілею Узброеных Сіл рэспублікі. Беларуская армія заўсёды стаяла на абароне інтарэсаў сваёй краіны, свайго народа, а служба ў ёй была пачэсным абавязкам.
Таму нездарма ўрачыстасць, якая праходзіла ў гарадскім Доме культуры, распачалася ўзнагароджваннем ветэранаў Узброеных Сіл, якія ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне абараназдольнасці нашай краіны. Юбілейнымі медалямі “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь” ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўганараваны палкоўнікі ў адстаўцы Васіль Панін і Мікалай Барадзей, падпалкоўнік запасу Сяргей Візнер, падпалкоўнікі ў адстаўцы Валерый Казакоў і Сяргей Гурын, старшы прапаршчык у адстаўцы Вячаслаў Саўчук і многія іншыя мужныя ды годныя ўзнагароды жабінкаўцы. “Служу Рэспубліцы Беларусь!” – з гонарам прамаўлялі яны.
Затым хвалюючыя хвіліны надышлі для юнакоў. Словы віншаванняў з пачаткам новага этапу ў іх жыцці і пажаданні на дарогу для іх прагучалі з вуснаў намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Алы Ануфрыюк, старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Сяргея Візнера і старшыні раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоля Старыцкага. Блаславіў маладых жабінкаўцаў на годную службу дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцель храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы, протаіерэй Сергій Петрусевіч.
Ала Ануфрыюк, як старшыня прызыўной камісіі, адзначыла, што юнакі прызываюцца не толькі ў юбілейны для Узброеных Сіл рэспублікі год, але й напярэдадні 73-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
– Дзякуючы беларускай арміі, якой мы ганарымся, пануе мір і спакой у нашай краіне, – падкрэсліла Ала Сцяпанаўна. – І служыць вы будзеце на роднай зямлі, а не ў зоне ваенных канфліктаў. Маладыя жабінкаўцы заўсёды вылучаліся адказнасцю – і ваенкамату, і бацькам прыемна было атрымліваць Пісьмы падзякі за іх годную службу.
Яна выказала спадзяванне, што так будзе і на гэты раз.
Сяргей Мар’янавіч пажадаў будучым абаронцам Айчыны мужна перанесці ўсе цяжкасці армейскага жыцця і вярнуцца дадому здаровымі і ўзмужнелымі, Анатоль Аляксандравіч выказаў пажаданні не забываць малую радзіму і часцей пісаць лісты бацькам.
Айцец Сергій у першую чаргу павіншаваў ветэранаў Узброеных Сіл з заслужанымі ўзнагародамі і папрасіў іх падзяліцца вопытам з маладым пакаленнем, якое прыходзіць ім на змену, расказаць у тым ліку і пра свае памылкі, каб юнакі іх не паўтарылі.
Затым начальнік адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў Аляксей Пятроў зачытаў Указ Прэзідэнта Беларусі аб прызыве грамадзян на тэрміновую воінскую службу і ра-зам з ганаровымі гасцямі мерапрыемства ўручыў будучым салдатам позвы. Маладыя жабінкаўцы будуць служыць у сілах спецыяльных аперацый і супрацьпаветранай абароны, у аб’яднаным вучэбным цэнтры ў горадзе Барысаве, у пагранічных і транспартных войсках, у ваеннай камендатуры ўзброеных сіл, ва ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў.
Прызыўнікам Паўлу Федасюку і Аляксандру Кірылаву, можна сказаць, пашанцавала: служыць хлопцы будуць амаль дома – у 48-м асобным батальёне радыёэлектроннай барацьбы ў Брэсце. Юнакі вельмі задаволеныя гэтай акалічнасцю, таму што дома, як вядома, і сцены дапамагаюць.
Павел расказаў, што ў свой час воінскі абавязак перад Радзімай выканалі абодва яго дзядулі, бацька, браты, таму ніякіх ваганняў у хлопца не было.
– Упэўнены, што служба ў арміі пойдзе на карысць: мы пасталеем, узмужнеем, паразважаем над сэнсам жыцця, – сказаў Павел.
Эдуард Цімофціка атрымаў позву ва ўнутраныя войскі, у спецыяльны батальён міліцыі ў Гомелі. Юнак марыў пайсці бацькоўскай сцежкай і стаць пагранічнікам, але не атрымалася. Аднак мара пра “элітныя” войскі ажыццявілася ў крыху відазмененым выглядзе, чаму хлопец вельмі рады.
Юнакі выходзілі па позвы сцішаныя і задуменныя, многія, было бачна, хваляваліся. Напрыканцы ўрачыстасці вядучая Ганна Макавецкая пажадала прызыўнікам годна несці высокае званне абаронцаў Айчыны, сумленна і аддана служыць сваёй Радзіме.
Аздобілі святочнае мерапрыемства сваімі выступленнямі народны хор ветэранаў “Тонус”, эстрадная студыя “Золак” гарадскога Дома культуры і вакальны ансамбль “Балаганчык” клуба цукровага завода.
Служыце годна, землякі!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%