Напрыканцы красавіка ў Беларусі ў дзявяты раз адбыўся “Фэст экскурсаводаў”, падчас якога па ўсёй краіне можна было бясплатна наведаць самыя разнастайныя экскурсіі. Ён быў прысвечаны Міжнароднаму дню помнікаў і мясцін, які па ініцыятыве ЮНЕСКА адзначаецца штогод 18 красавіка.
Сёлета ўпершыню “Фэст экскурсаводаў” прайшоў і ў нашым раёне. Сумеснымі намаганнямі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і дырэктара Брэсцкага філіяла турфірмы “ТОП-ТУР” Валянціны Бараноўскай была праведзена веласіпедная экскурсія “Старонкі біяграфіі Тадэвуша Касцюшкі”, у якой прынялі ўдзел 26 веласіпедыстаў з Брэста, Кобрына і Жабінкі.
Стартавала экскурсійная група з цэнтральнай плошчы нашага горада і рушыла па аўтадарозе Р7 у бок раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў вёску Малыя Сяхновічы. У музеі нас сустрэла дырэктар установы Жанна Падрубная, а займальную экскурсію правёў навуковы супрацоўнік Мікалай Юроўскіх.
Малыя Сяхновічы невыпадкова былі выбраны першым пунктам наведвання: менавіта тут знаходзілася радавое гняздо Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, дзе сам Тадэвуш Касцюшка пражыў больш за пяць гадоў, а па некаторых дадзеных і нарадзіўся тут.
Адтуль наша група накіравалася ў Вялікія Сяхновічы, дзе я паведаміў экскурсантам пра гісторыю гэтай вёскі і мясцовай Свята-Мікалаеўскай царквы 1727 года пабудовы, у якой, магчыма, быў першапачаткова ахрышчаны будучы “герой двух кантынентаў”.
Далей праз вёскі Грыцэвічы і Новыя Дворы група накіравалася да Жабінкаўскай ПМК-19, дзе наведала гісторыка-экспазіцыйны комплекс развіцця меліярацыі земляў Брэстчыны. Ён уключае ў сябе больш за 130 адзінак унікальных меліярацыйных машын і механізмаў. Экскурсію па комплексе правёў для нас вядучы інжынер ПМК-19 Пётр Вайноўскі. Цікава, што ўпершыню меліярацыя зямель, якія сёння знаходзяцца ў складзе Жабінкаўскага раёна, пачалася яшчэ ў XVI стагоддзі, праз сто гадоў пасля таго, як кароль Казімір IV Ягелончык падараваў Сяхновічы роду Касцюшкаў.
Ад ПМК-19 экскурсанты рушылі да Свята-Мікіцкай царквы ў вёску Здзітава. Яе настаяцель айцец Стэфан і былы стараста Міхаіл Кузіч падрабязна расказалі пра царкву, яе гісторыю, правялі экскурсію ўнутры храма. Вядома, што вёска Здзітава і Свята-Мікіцкая царква непарыўна звязаны з продкамі знакамітага генерала Тадэвуша Касцюшкі. У XVI стагоддзі Здзітаўскую сядзібу арэндаваў Людвіг Касцюшка. У Свята-Мікіцкую царкву хадзілі на службу прадстаўнікі не аднаго пакалення славутага роду. Тут і адпявалі палкоўніка Людвіга Касцюшку-Сяхновіцкага – бацьку будучага кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года.
Наступнай кропкай на шляху групы стаў гідравузел “Залуззе” на рацэ Мухавец (частка Днепра-Бугскага воднага шляху). Суднапрапускнік Анатоль Астапук паведаміў пра гісторыю будаўніцтва гідравузла, сістэму работы шлюза і гідраэлектрастанцыі.
Далей група экскурсантаў накіравалася ў вёску Чыжэўшчына – апошнюю кропку нашай экскурсіі. Мы наведалі капліцу, пабудаваную ў памяць аб воінах, што загінулі ў Крупчыцкай бітве 17 верасня 1794 года. Валянціна Бараноўская падрабязна расказала пра яе ход і тое, як яна паўплывала на лёс мясцовых жыхароў.
Удзельнікі велаэкскурсіі “Старонкі біяграфіі Тадэвуша Касцюшкі” пераадолелі адлегласць у 55 кіламетраў, наведалі шэсць розных турыстычных аб’ектаў. На жаль, не хапіла часу, каб пабываць на сядзібе Шадрыных, у іх незвычайным музеі, дзе змешчаны арыгінальныя вырабы, створаныя пры дапамозе мастацкай разьбы па дрэве. Вялікі дзякуй усім, хто прыняў удзел у велаэкскурсіі, хто сустракаў нас на аб’ектах і расказваў пра іх. Усе экскурсанты засталіся вельмі задаволеныя гэтым велападарожжам, падчас якога можна было бліжэй пазнаёміцца з важнымі падзеямі ў біяграфіі слаўнага сына берасцейскай зямлі. Не сядзіце на месцы і вы, паважаныя чытачы, вандруйце, пазнавайце гісторыю свайго краю, захапляйцеся краявідамі нашай Беларусі!
Антон ПАЦАЙ, інспектар па турызме аддзела адукацыі, спорту
і турызму райвыканкама.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%