Алеся ДАБРАВЕСТ. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
26 красавіка на базе нашага раёна адбыўся XL занальны злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху. У ім прынялі ўдзел каманды юідаўцаў – пераможцы раённых спаборніцтваў ЮІД – з Брэсцкага, Маларыцкага, Кобрынскага, Камянецкага раёнаў, а таксама Ленінскага і Маскоўскага горада Брэста. Гонар Жабінкаўшчыны на злёце абаранялі юідаўцы трэцяй гарадской школы.
Адкрыла мерапрыемства старшы інспектар па асобых даручэннях УДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Наталля Сахарчук. Наталля Міхайлаўна зазначыла, што тройка каманд-пераможцаў занальнага этапу паедзе на абласны злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху, які адбудзецца ў горадзе над Бугам. Яна звярнула ўвагу на тое, што сёлета на Брэстчыне пройдуць і рэспубліканскія спаборніцтвы ЮІД, а іх пераможцы паедуць у Сочы, таму камандам ёсць за што змагацца.
Права ўзняць Дзяржаўны сцяг Беларусі прадаставілі юідаўцам Брэсцкага раёна – пераможцам леташняга занальнага злёту-конкурсу. Ганаровую місію ажыццявіў капітан каманды Ілля Крыўнюк.
Пасля правядзення жараб’ёўкі юідаўцы адправіліся на іспыты, сёлета іх чатыры. Гэта “Тэарэтычны экзамен на веданне Правілаў дарожнага руху”, “Аказанне першай дапамогі пацярпелым”, “Фігурнае ваджэнне веласіпеда” і “Агітацыйна-мастацкае прадстаўленне”.
Ва ўсіх выпрабаваннях удзельнікі конкурсу імкнуліся на ўсе сто паказаць свае ўменні і навыкі, прадэманстраваць здольнасці і таленты. Адчувалася хваляванне каманд, але былі бачны іх згуртаванасць і цэласнасць, імкненне быць першымі. Конкурс ёсць конкурс, ён і назваў лепшых. Сярод знаўцаў правілаў дарожнага руху ў старэйшай групе 13-15-гадовых пераможцамі сталі: сярод дзяўчынак – Кацярына Давідчык з СШ № 3 Жабінкі, сярод хлопчыкаў – Павел Гайдуковіч з сярэдняй школы вёскі Вялікія Матыкалы Брэсцкага раёна; у малодшай групе (10-12 гадоў) сярод дзяўчынак – Аляксандра Леська з Матыкальскай СШ, сярод хлопчыкаў – Уладзіслаў Цалуйка з Маларыцкай раённай гімназіі. У камандным заліку ў гэтым конкурсе месцы размеркаваліся наступным чынам: першае заваявалі юідаўцы Брэсцкага раёна, другое – Жабінкаўскага, трэцяе – Маскоўскага раёна Брэста.
У фігурным ваджэнні веласіпеда лепшымі былі: у старэйшай групе сярод дзяўчынак – Ганна Гайдуковіч з Матыкальскай СШ, сярод хлопчыкаў – Уладзіслаў Дворак з Маларыцкай гімназіі; у малодшай групе сярод дзяўчынак – Паліна Вярэніч з СШ № 28 Брэста (Маскоўскі раён), сярод хлопчыкаў – Артур Буйноўскі з трэцяй адзінаццацігодкі Жабінкі. Месцы каманднага заліку наступныя: першае –
у СШ № 3 Жабінкі, другое – у Матыкальскай сярэдняй школы, трэцяе – у Маларыцкай гімназіі.
У конкурсе “Аказанне першай дапамогі пацярпелым” трэцяе месца заваявала каманда юідаўцаў Матыкальскай СШ, другое – СШ № 33 Брэста (Ленінскі раён) і першае – СШ № 3 Жабінкі.
Лепшыя выступленні агітбрыгад па меркаванні журы паказалі каманды Брэсцкага, Маскоўскага і Маларыцкага раёнаў, ім прысуджана адпаведна першае, другое і трэцяе месцы.
У выніку напружаных спа-борніцтваў пераможцамі занальнага юбілейнага злёту-конкурсу юных інспектараў дарожнага руху сталі атрады ЮІД СШ № 28 Брэста (Маскоўскі раён) і Маларыцкай раённай гімназіі, якія падзялілі трэцяе месца, юныя інспектары дарожнага руху СШ № 3 Жабінкі заваявалі другое, а сярэдняй школы вёскі Вялікія Матыкалы Брэсцкага раёна ўзняліся на першую прыступку п’едэстала. Яны ўзнагароджаны кубкамі, ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі ад Дзяржаўтаінспекцыі. Граматы і прызы ў асабістым заліку ўручаны таксама пераможцам конкурсаў “Тэарэтычны экзамен на веданне Правілаў дарожнага руху” і “Фігурнае ваджэнне веласіпеда”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%