Галоўны прыз – у юідаўцаў трэцяй школы

Алеся ДАБРАВЕСТ. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
14 красавіка на базе трэцяй гарадской школы прайшоў ХL раённы злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху. У ім прынялі ўдзел сто навучэнцаў з дзесяці школ Жабінкаўшчыны.

Адкрыў мерапрыемства метадыст раённага метадычнага кабінета Аляксей Крук. Аляксей Фёдаравіч нагадаў, што сёлетні злёт-конкурс юбілейны – саракавы. Каманда-пераможца будзе абараняць гонар Жабінкаўшчыны на занальным этапе, які адбудзецца 26 красавіка на базе нашага раёна.
Вітаў удзельнікаў конкурсу і жадаў поспехаў ва ўсіх яго іспытах выконваючы абавязкі начальніка АДАІ Жабінкаўскага РАУС Раман Крупко.
Пад гукі Дзяржаўнага гімна быў узняты Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Гэтае права атрымала прадстаўніца каманды юных інспектараў дарожнага руху сярэдняй школы № 3 – пераможцы леташняга раённага злёту ЮІД – Кацярына Давідчык.
Пасля жараб’ёўкі каманды накіраваліся на месцы праходжання этапаў конкурсу, якіх сёлета было чатыры. У аўдыторыях на другім паверсе ўстановы праходзіў тэарэтычны экзамен на веданне Правілаў дарожнага руху, а таксама правяраліся веды па аказанні першай дапамогі пацярпелым. У актавай зале журы ацэньвала выступленне агітбрыгад, на школьным стадыёне хлопчыкі і дзяўчынкі дэманстравалі свае навыкі ў фігурным ваджэнні веласіпеда.
Калі каманды прайшлі ўсе выпрабаванні, былі падведзены вынікі і аб’яўлены пераможцы. Галоўным іспытам конкурсу Раман Крупко назваў “Тэарэтычны экзамен на веданне Правілаў дарожнага руху”. Пераможцамі ў ім у камандным заліку сталі юныя інспектары дарожнага руху сярэдняй школы
№ 1. У асабістым – у малодшай групе (10-12 гадоў) сярод дзяўчынак лепшай была Кацярына Арол з Ракітніцкай адзінаццацігодкі, сярод хлопчыкаў – Уладзімір Івойлаў з Маціевіцкай базавай школы. У старэйшай групе (13-15 гадоў) лепшымі знаўцамі ПДР названы навучэнцы першай гарадской адзінаццацігодкі Ксенія Сячная і Сяргей Пукіта.
У конкурсе “Фігурнае ваджэнне веласіпеда” пераможцамі прызнаны: у малодшай групе сярод дзяўчынак Сафія Лук’янчык з трэцяй школы, сярод хлопчыкаў – Уладзіслаў Сухарэвіч з Ракітніцкай адзінаццацігодкі; у старэйшай групе – прадстаўнікі каманды юных інспектараў дарожнага руху сярэдняй школы № 3 Кацярына Давідчык і Уладзіслаў Іваноў. Юідаўцы трэцяй школы былі лепшымі ў аказанні першай дапамогі пацярпелым і ў агітацыйна-мастацкім прадстаўленні. Яны і сталі пераможцамі сёлетняга юбілейнага злёту-конкурсу (кіраўнік каманды Арцём Сяргеевіч Серада). Другое месца заваявалі юныя інспектары дарожнага руху Ракітніцкай адзінаццацігодкі (кіраўнік Святлана Іванаўна Цяльпук), трэцяе – юідаўцы першай гарадской школы (кіраўнік Аляксандр Яўгенавіч Булай). Каманда-пераможца і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі. Такімі ж узнагародамі ў асабістым заліку адзначаны пераможцы і прызёры конкурсаў “Фігурнае ваджэнне веласіпеда” і “Тэарэтычны экзамен на веданне Правілаў дарожнага руху”.
У чарговы раз галоўны прыз – веласіпед – атрымалі юідаўцы сярэдняй школы
№ 3. На ім яны трэніраваліся падчас падрыхтоўкі да занальнага этапу конкурсу, які адбудзецца заўтра. Жадаем камандзе поспехаў і перамогі!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.