Жыццё прадаўжаецца ў дзецях і ўнуках


Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

Чарнобыльская бяда прымусіла многія беларускія сем’і пакінуць родныя мясціны, якія пасля аварыі ператварыліся ў зоны адчужэння і адсялення, і пераехаць у іншыя раёны і вобласці краіны. Для Сініцкіх – жыхароў Нараўлянскага раёна – другой радзімай стала Жабінкаўшчына. Пра жыццё сваіх родных да аварыі і пасля яе расказала прадстаўніца гэтай сям’і, адна з пяцярых дзяцей – Валянціна, якая зараз носіць прозвішча Калячка.
Да аварыі дружная сям’я Сініцкіх жыла ў вёсцы Дуброва Нараўлянскага раёна, што на Гомельшчыне. Месцы вакол маляўнічыя і прыгожыя. Побач Прыпяць, якая шчодра адорвала рыбакоў рознай рыбай. Лясы былі багатыя на грыбы і ягады, іх хапала не толькі для сябе, але і на продаж.
Фёдар Пятровіч Сініцкі працаваў загадчыкам фермы ў саўгасе “Партызанскі”, Вольга Іосіфаўна – там жа, разам з мужам, ветфельчарам.
У дзень аварыі – 26 красавіка 1986 года – побач з бацькамі былі малодшыя дзеці-школьнікі: Валерый, Валянціна і Таццяна. Старэйшы Мікалай служыў у Германіі, Пётр працаваў электрамантажнікам на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Ад яго і даведаліся пра аварыю – такую сумную вестку ён прынёс у бацькоўскую хату.
Як успамінала ў размове Валянціна, у хуткім часе ў вёсцы з’явіліся ваеннаслужачыя, якія спецыяльным дэзрастворам мылі дахі дамоў, здымалі і вывозілі на машынах верхнія слаі зямлі. Жыхарам пачалі выдаваць ёдаўтрымліваючыя прэпараты.
Пасля Дня Перамогі дзеці былі вывезены на ўсё лета ў піянерскія лагеры ў Гродзенскую вобласць пад Ліду. Развіталіся з бацькамі і Валера, Валя і Таня Сініцкія. Па прыездзе ў нараўлянскіх хлопчыкаў і дзяўчынак забралі адзенне і выдалі новае. Харчаванне было ўзмоцненым, давалі шмат фруктаў і сокаў – ішла актыўная вітамінізацыя.
Тым часам жыхароў роднай Дубровы адсялялі ў Жлобінскі раён, у вёску Папаратнае. Але Сініцкія туды не паехалі, не захацелі так далёка, усё ж спадзяваліся, што некалі вернуцца на сваю сядзібу. Таму апынуліся ў вёсцы Фізінкі Нараўлянскага раёна, дзе пражылі шэсць гадоў. Менавіта там Фёдар Пятровіч і Вольга Іосіфаўна і на пенсію пайшлі. А ў 1992 годзе па волі лёсу апынуліся на Жабінкаўшчыне, у Азятах. Атрымалі домік з усімі выгодамі. Заўсёды адчувалі клопат і падтрымку з боку мясцовай улады, кіраўніцтва гаспадаркі. Некаторы час Фёдар Сініцкі падпрацоўваў у калгасе. Сярод мясцовых жыхароў знайшлі сяброў і з цягам часу прыжыліся ў Азятах, прызвычаіліся. Цяпер ужо жабінкаўская зямля родная і блізкая, хаця Нараўляншчына, па якой доўга сумавалі, калі-нікалі сніцца і зараз.
– Побач з бацькамі ў Азятах жыве брат Пётр, – расказвае Валянціна. – Раней тут меў дом і Валерый, але праз некаторы час прадаў яго і набыў кватэру ў Жабінцы. Сястра Таццяна абаснавалася ў Сцяброве, а я з сям’ёй – у райцэнтры на Каштанавай. Толькі старэйшы брат Мікалай далёка ад нас – у Мазыры, выйшаў ужо на пенсію, але адлегласць – не перашкода для зносінаў і сустрэч. У кожнага з нас свае сем’і і дзеці, а некаторыя гадуюць ужо і ўнукаў. На Жабінкаўшчыне знайшлі сабе і справу па душы, рэалізаваліся ў прафесіі: хтосьці рупіцца на цукровым заводзе, хтосьці – на камбікормавым, я працую акушэркай аглядавага кабінета ў раённай паліклініцы.
Сініцкія заўсёды былі і застаюцца адзінай дружнай сям’ёй, калі патрэбна, прыходзяць адзін аднаму на дапамогу, падтрымліваюць – у гэтым, як лічаць дзеці, заслуга бацькоў. Збіраюцца разам у Азятах, каб адзначыць іх дні нараджэння, на Раство і Вялікдзень. Сёлета 23 лютага шумна і весела было ў доме Фёдара Пятровіча і Вольгі Іосіфаўны – з’ехаліся да іх дзеці, унукі і праўнукі, каб павіншаваць з 55-годдзем сумеснага жыцця. Другой радзімай для Сініцкіх стала Жабінкаўшчына, тут жывуць, працуюць, гадуюць дзяцей і ўнукаў. Аб страшнай бядзе, якая здарылася больш за трыццаць гадоў таму, нагадваюць успаміны, пасведчанні бацькоў-ліквідатараў ЧАЭС, да таго ж, Фёдар Пятровіч – інвалід Чарнобыля, а таксама аздараўленчыя паездкі дзяцей за мяжу і ў санаторыі. Але жыццё прадаўжаецца ў дзецях і ўнуках, у добрых справах і пачынаннях. Няхай і надалей яно дорыць маім героям незабыўныя ўражанні, радасць і пазітыў ад кожнага пражытага дня.
На здымку: Валянціна КАЛЯЧКА з дочкамі Настассяй і Таццянай, зяцем Іванам і ўнукам Антошкам.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.