Анатоль РОСТАЎ. Фота аўтара.
Два гады назад жанчына ездзіла на Радаўніцу на родны пагост у Дворышча Гомельскага раёна. Вёска, адселеная ў восемдзесят шостым, знікла з карты і зямлі. Поўнае запусценне. Сярод дрэў, кустоў і бур’яну сям-там трапляюцца хаты, напаўразбураныя, уросшыя ў зямлю.
А якая вёска была! 460 двароў, а ў кожным доме дзяцей колькі! У хаце звычайна ад малых і да дарослых сыноў і дачок. Лобаны таксама вырасцілі шасцёра. Два старэйшыя браты, як пачалася вайна, пайшлі разам з бацькам на фронт, і Віктар не вярнуўся дамоў.
Красавік 1986 года Кацярына Міхайлаўна сустрэла ў Хойніках, дзе была замужам за вадзіцелем Юльянам Лукашэнкам і працавала майстрам пакрою мужчынскага і жаночага адзення ў атэлье. Спачатку пра тое, што адбылося ў Чарнобылі, ніхто нічога не ведаў.
Надышло Першага мая. У горадзе рыхтаваліся да ўдзелу ў дэманстрацыі. Людзі сабраліся, і вось тады дырэктар райбыткамбіната Шубянок сказаў пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС і дазволіў сваім работнікам разысціся па дамах. Як аказалася, ён сам даведаўся пра гэта толькі ў апошнія гадзіны.
Праз дзень у Хойнікі прыйшлі аўтобусы і было аб’яўлена, што жадаючыя могуць пакінуць горад. Прапаноўвалася браць з сабою толькі самае неабходнае, бо скора ўсім жа вяртацца дамоў. Пакідалі сваё жытло ў першую чаргу маладыя сем’і, у якіх былі маленькія дзеці. Нікому не дадзена было ведаць, што вярнуцца на забруджаную радыем ды цэзіем зямлю болей не выпадзе.
Кацярына Лобан і Юльян Лукашэнка вырасцілі дзвюх дочак. Старэйшая Вера была ўжо замужам, і сям’я Мальцаў гадавала маленькага Алежку. Вера разам з сынам паехалі ў санаторый “Лётцы”. У Хойнікі яны болей не вярнуліся, бо неўзабаве муж Святаслаў Малец уладкаваўся інжынерам на электрамеханічны завод у Брэсце і перавёз сюды сям’ю.
Меншая Ніна заканчвала Гомельскі кааператыўны інстытут. Як выбухнуў Чарнобыль, дзяўчына была на пераддыпломнай практыцы ў Віцебску. Па размеркаванні паехала ў Мядзел працаваць эканамістам у спажывецкае таварыства. Тут знайшлася, як кажуць, і яе палавінка: Ніна з мужам вырасцілі дваіх дзяцей. Сёння яны працуюць у Мінску: сын Яфрэм – доктарам, а Юлія – перакладчыцай у фірме.
Чарнобыль сваім чорным крылом накрыў увесь Хойніцкі раён. Не абмінуў ён і раённы цэнтр, дзе жылі Юльян з Кацярынаю. Яны вырашылі застацца: тут былі іх любімая праца і суседзі, з якімі даўно ўжо здружыліся.
Юльян Міхайлавіч памёр раптоўна. Як і раней, ён працаваў вадзіцелем, не скардзіўся на здароўе, а смерць падпільнавала на дарозе, як вяртаўся з працы… Яму было ўсяго пяцьдзясят тры гады. Урачы канстатавалі, што смерць наступіла ад сардэчнай недастатковасці. Хваробы сэрца, колькі яны забралі маладых! Дый, мусіць, і жыццё на забру-джанай тэрыторыі паспрыяла таму.
Але й гэта не прымусіла Кацярыну Міхайлаўну пакінуць абжыты кут: вельмі ж не хацелася жанчыне расставацца з родным атэлье! Толькі ў 1995 годзе, калі ўрачы выявілі ў Лобан захворванне і актыўна прапаноўвалі змяніць месца жыхарства, Кацярына Міхайлаўна паехала ў Брэст, дзе жыла яе старэйшая дачка. У аблвыканкаме цёпла прынялі перасяленку і зрабілі ўсё, каб у хуткім часе яна атрымала кватэру ў нашым горадзе.
– Мне вельмі шанцуе на добрых людзей! – расказвае Кацярына Лобан. – І ў Хойніках іх мела, і ў Жабінцы знайшліся. Бо, мусіць, добрых болей на Зямлі, чым злых…
А можа, у характары самой Кацярыны Міхайлаўны ёсць нешта такое, што прыцягвае да сябе людзей, памагае здружыцца з ёю? Прыехаўшы ў Жабінку, яна, пенсіянерка, не замкнулася ў чатырох сценах, а пайшла, як кажуць, “у людзі”. Жанчына наведвае ветэранскі хор “Тонус”, бо знайшла для сябе не толькі занятак і добры адпачынак, але й сябровак, пра якіх ахвотна расказвае. Асаблівае яе захапленне нязменным кіраўніком хору Людмілай Дошчык.
…Нядаўна Кацярына Міхайлаўна Лобан адзначыла свой восемдзесят другі дзень нараджэння. З’ехаліся дзеці, унукі і нават тры праўнукі. У кватэры было весела і шумна. За вялікім сталом лілася нязмушаная бяседа. Чатырохгадовы Алёшка Малец паглядзеў на застолле і спытаў:
– Што ў цябе, бабуля, сёння маленечкі рэстаранчык?
– Можа, і так, – згадзілася Кацярына Міхайлаўна і ўздыхнула, бо раптам падумалася: “Як шкада, што няма з намі Юльяна! Як бы ён парадаваўся з усімі!..”
А жыць трэба. Усё часцей прыходзяць весткі пра тое, што на землях, забруджаных Чарнобылем, адраджаецца жыццё і новыя палеткі ўключаюцца ў севазварот. Можа, ужо праўнукам Кацярыны Міхайлаўны не будзе страшна бываць там, адкуль сагнаў людзей красавік восем-дзесят шостага?..
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%