Як праводзяць перапынак большасць школьнікаў? Правільна, бяруць у рукі тэлефоны і “завісаюць” у інтэрнэце. Здаецца, у выйгрышы ўсе: настаўнікі, бо дзеці не носяцца па калідорах і на перапынку адносна ціха, і вучні, бо можна нарэшце “пераключыцца” са складаных тэарэм, катангенсаў-сінусаў на прагляд, скажам, прыкольных ролікаў у “УКантакце”. Праўда, гэта мала датычыцца вучняў-пачаткоўцаў, бо не ўсе яны могуць “выплакаць” у бацькоў смартфон. У нашай школе, каб неяк змагацца з татальнай тэлефанізацыяй, на трэцім паверсе паставілі для навучэнцаў тэнісны стол. Усю восень-зіму старшакласнікі кожны перапынак актыўна гулялі ў тэніс. Я ўпотай спадзяваўся, што і нам з лепшым сябруком Андрэем Бурко ўдасца нарэшце згуляць партыю-другую, нават свае ракеткі і мячык неаднойчы прыносілі. Ды дзе там!.. За старшакласнікамі да стала не падступіцца! Кінулі мы гэтую задумку, пасля ўрокаў пайшлі ў спартыўны комплекс “Ба-дзёрасць”. Там сталоў тэнісных шмат – нагуляліся ўдосталь. Э-э-эх, каб у школе яшчэ адзін стол для тэніса паставілі – каб і “старшакам” хапала, і нам, пяцікласнікам, выпадала пагуляць на перапынку. А яшчэ лепей – аэрахакей. Толькі гэта, разумею, з вобласці фантастыкі. А раптам?
Дзіма КІСЛЫ, навучэнец 5 “А” класа СШ № 2 Жабінкі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%