Святлана КІСЛАЯ.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Вясна нарэшце заявіла аб сваіх правах. Некалькі дзён прыпякае сонейка, на галінках набухаюць пупышкі, з зямлі прабіваецца сакавітая траўка, а ў гнёздах можна пабачыць буслоў.
– Нават не верыцца, што дачакаліся чарговай пасяўной, па гэтай прыемнай кругаверці спрадвечных вясновых сялянскіх клопатаў за доўгую зіму засумавалі, – кажа намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ “Жабінкаўскі” Ганна Плытнік. – Вясна прыйшла ў поле: там, дзе яшчэ ўчора было гразка – сёння ўжо суха, толькі дзе-нідзе “вымачкі” засталіся. Марудзіць нельга: каторы дзень слупок тэрмометра падымаецца вышэй за 20 градусаў, таму глеба хутка перасыхае і за сеялкай падымаецца пыл.
Ганна Іванаўна расказала, што рупліўцы “Жабінкаўскага”, бадай, першымі ў раёне прыступілі да клопатаў аб ураджаі. Тут, ледзь снег сышоў, пачалі ўносіць арганіку, падкормліваюць азімыя і шматгадовыя травы, рыхтуюць глебу.
На сяўбе яравых задзейнічаны дзве сеялкі. На гэтым відзе работ заняты Андрэй Кузнец і Васіль Селях – бясспрэчныя прафесіяналы сваёй справы. Яны распачалі вясновы сезон і пасеялі ўжо 126 гектараў яравых (на 6 красавіка) – гэта 30 %
ад плана. На чарзе – сяўба кукурузы і цукровых буракоў.
Апошнія культуры каторы год запар давяраюць Аляксандрам – Мандру і Царуку.
– Сёлета крыху змянілі пасяўныя плошчы, – дадае дырэктар таварыства Міхаіл Вячорка. – Летась добра зарэкамендаваў сябе кармавы ячмень “Фэст” (у ім шмат бялку, такога неабходнага ў меню статка), таму яму – “зялёнае святло”. Упершыню паспрабуем пасеяць 10 гектараў гароху гатунку “Заазерскі вусаты” – таксама крыніцу бялка. Дарэчы, дзеля падкормкі статка звяртаем увагу на сурэпіцу.
Дырэктар гаспадаркі запэўніў: збояў з-за недахопу тукаў і ГЗМ не будзе, працоўнымі рэсурсамі забяспечаны спаўна.
– Летась “Жабінкаўскі” стаў пераможцам раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур. На жніве таксама быў лідарам па валавым зборы і ўраджайнасці цукровых буракоў. Гэтую “марку” будзем намагацца трымаць і далей, – сказаў Міхаіл Мікалаевіч. – Хочацца, каб надвор’е нам спрыяла.
На здымках: вадзіцель Іван Назарук запаўняе сеялку пасяўным матэрыялам; добры настрой
у вадзіцеля Івана Назарука, дырэктара ААТ Міхаіла Вячоркі і сеяльшчыка Андрэя Кузняца.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%