Вучыць вучыцца з радасцю

Ці існуе ўніверсальная формула педагагічнага поспеху? Настаўнік матэматыкі Маціевіцкай базавай школы Настасся Януш лічыць, што кожны педагог – індывідуальны, таму трэба шукаць свой уласны шлях паспяховасці ў прафесіі.
…Матэматыка і інфарматыка былі любімымі прадметамі Настассі падчас школьнай вучобы. Педагогі трэцяй гарадской школы Валянціна Васільеўна Гарбацюк і Таццяна Васільеўна Кунц ўмелі захапіць вучняў майстэрскім выкладаннем матэрыялу падчас урокаў, прывівалі любоў да дакладных навук, рабілі заняткі незвычайнымі і пазнаваўчымі.
Атрымаўшы школьны атэстат, Настасся Януш паступіла на фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Пасля яго заканчэння дзяўчына была накіравана ў СШ № 2 г. Камянца.
– З першага дня працы адчувала вялікую падтрымку калег, адміністрацыі школы, настаўнікаў, – узгадвае Настасся. – Іх парады надавалі мне сілы і ўпэўненасці. З цягам часу зразумела, што мне падабаецца вучыць дзяцей. Бывалі дні, калі было цяжка, калі апускаліся рукі, вярталася дадому стомленая, без сіл. У такія моманты я нагадвала сабе, чаму стала настаўнікам, і станавілася лягчэй.
За ўдзел у раённым конкурсе “Да вяршынь майстэрства” па распрацоўцы факультатыўных заняткаў Настасся Януш была ўганаравана дыпломам ІІ ступені.
Цяпер дзяўчына настаўнічае ў Маціевіцкай школе, загадвае кабінетам матэматыкі. Яе падтрымліваюць кіраўнікі ўстановы, а таксама любімыя настаўнікі Валянціна Гарбацюк і Таццяна Кунц. Яны ахвотна дзеляцца з маладым педагогам сакрэтамі майстэрства.
У студзені Настасся Януш правяла ў школе тыдзень матэматыкі. Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў матэматычных конкурсах і віктарынах, выпускалі інфармацыйныя лісткі і газеты, складалі крыжаванкі.
– Настасся Віктараўна любіць сваю справу, вучняў, напаўняе кожны ўрок творчасцю, каб дзецям заўжды хацелася вучыцца, – кажа дырэктар школы Галіна Парафянюк. – Толькі такім чынам атрымаецца даць ім трывалыя веды. Малады настаўнік вучыць аналізаваць, адстойваць свой пункт гледжання.
– Мне хочацца выкладаць прадметы цікава і нестандарт-на, – кажа Настасся Януш, – даю творчыя заданні, якія дазваляюць рабіць адкрыцці, спрыяюць, каб вучні выказвалі свае думкі, пашыралі кругагляд.
…У вольныя ад працы хвіліны дзяўчына бярэ ў рукі саксафон, і тады душу агортваюць пяшчотныя ці шчымлівыя гукі інструмента. Настасся з цеплынёй узгадвае выкладчыка музычнай школы Аляксандра Леванюка, які навучыў яе адчуваць і любіць музыку. Цяпер яна іграе на саксафоне ў моладзевай групе “YOTH CLAB”.
Лідзія ІВАНІХІНА.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.