У Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры моладзевай творчасці адбыўся 17-ы фестываль абласной лігі КВЗ. У ім прынялі ўдзел 26 каманд.
Гульня складалася з пяці блокаў, у кожным з якіх выступала па пяць каманд, і доўжылася дзве з паловай гадзіны. Каманды сабраліся з розных гарадоў і населеных пунктаў Беларусі: з Брэста і Ганцавічаў, Давыд-Гарадка і Іванава, Івацэвічаў і Століна, Астрамечава і Медна, Знаменкі і Люсіна, Баранавічаў, Маларыты і Жабінкі, а таксама з Гродна, Мінска, Гомеля, Віцебска і Барысава. Бралі ўдзел навучэнцы ВНУ, каледжаў, ліцэяў і школ.
У намінацыі “Жывы момант гульні” пераможцай прызнана каманда “Імя Кустурыцы” (Мінск), “Лепшы жарт гульні” выдалі “Педыятрычны факультэт” (Гродна) і “Без варыянтаў” (Мінск). Самае “Сакавітае выступленне” паказала “Суседняе сяло” (Астрамечава).
Гонар нашага райцэнтра абараняла на фестывалі каманда КВЗ “Джэнтльмены на дачы” выхаванцаў аб’яднання па інтарэсах “КВЗ” раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якім я кірую. У камандзе прынялі ўдзел навучэнцы розных школ Жабінкі, ліцэя і нават дзіцячага сада: Аляксандра Чаркасюк, Аляксандра Марковіч, Вікторыя Дулевіч, Кацярына Лось і самы юны ўдзельнік фестывалю, па сумяшчальніцтве капітан каманды, Мацвей Войнаш. Каманда нашага горада прайшла ў рэйтынгавую гульню для школьных каманд.
Асаблівую падзяку наша каманда выказвае кіраўніцтву РЦТДіМ і аддзелу адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама за аказаную дапамогу ў падрыхтоўцы да фестывалю. Застаецца пажадаць поспехаў нашай камандзе ў далейшых гульнях!
Аляксей ВОЙНАШ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%