Удвая шчаслівы

Удвая шчаслівы

Дар’я НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Макар – мужчынскае імя грэчаскага паходжання, якое перакладаецца як “шчаслівы”. Яно старажытнае, але з’яўляецца вельмі папулярным і зараз, у тым ліку і на Жабінкаўшчыне. Аднак ёсць сярод усіх нашых землякоў Макараў удвая шчаслівы ўладальнік імя, таму што “шчасце” схавалася і ў яго прозвішчы. Знаёмцеся: трэцякласнік першай адзінаццацігодкі Макар Макарук.

Сяргей і Ірына Макарукі вырашылі назваць сваіх абодвух сыноў старажытнымі праваслаўнымі імёнамі. Так, старэйшаму далі імя Захар, а малодшаму – Макар. З-за сугучча імёнаў хлопчыкаў часта блытаюць, хаця яны вельмі розныя.
– Маленькім Макар быў такі капрызны, – усміхаецца мама хлопчыка. – Сваю сонечную ўсмешку дараваў толькі тады, калі яго бралі на рукі. Любіў слухаць казкі перад сном, асабліва захапляўся гісторыямі пра жывёл.
Зараз літаратурнае чытанне – любімы прадмет трэцякласніка. Падабаюцца таксама англійская мова, выяўленчае мастацтва і фізкультура. Класны кіраўнік 3-га “В” Аліна Канстанцінаўна Зубік, з якой, безумоўна, вучні праводзяць найбольш часу ў школе, заўважыла, што Макар адказна выконвае ўсе заданні на ўроках, але часам яму не хапае ўседлівасці. Ён вельмі жвавы і рухомы, хоча ўсюды быць першым – падчас спартландый яму давяраюць ролю капітана каманды. Марыць, каб бацькі аддалі яго на плаванне і хоча навучыцца іграць на гітары. Пакуль жа ў вольны ад вучобы час майструе розныя вырабы сваімі рукамі разам з татам і мамай, збірае любімы канструктар лега і, як сказаў хлопчык, гуляе з “баявымі” цацкамі. Гэта разнастайныя наборы для сапраўдных мужчын (няхай і маленькіх) з пісталетамі, аўтаматамі, рацыямі ды іншымі цікавымі для хлопчыкаў рэчамі.
Дарэчы, для сваіх васьмі гадоў Макар вельмі самастойны. Раніцай бацькі сыходзяць на работу, Захар – у школу, а вось Макар вучыцца ў другую змену, таму збіраецца на заняткі сам.
– Становіцца сумна, калі прачынаюся, а дома ўжо нікога няма, таму прашу маму будзіць мяне загадзя, – расказвае Макар. – Праводжу сям’ю і паволі пачынаю збірацца: чышчу зубы, апранаюся, гатую сняданак. Дакладней, разаграваю тое, што прыгатавалі бацькі. Мама навучыла мяне карыстацца плітой, таму цяжкасцяў не ўзнікае. Некалькі разоў я ўжо і пыласосіў, дапамагаю таксама мыць посуд і выціраць пыл. Стараюся захоўваць рэжым дня, таму вечарам кладуся спаць не пазней за дзесяць гадзін.
Але найбольш майму суразмоўніку падабаецца праводзіць час з сям’ёй. Тата вучыць любіць прыроду, быць сапраўдным мужчынам, не крыўдзіць дзяўчынак і дапамагаць матулі. Яна ж прызнаецца, што самы маленькі мужчына ў сям’і заўжды знойдзе пяшчотнае слова, уздыме настрой сваёй усмешкай, а яшчэ годна ацэніць матуліны кулінарныя здольнасці. Макар вельмі любіць піцу і запечаную курачку, заказвае прыгатаваць блінчыкі і знакамітую салату “Аліўе”. Разам са старэйшым братам ён катаецца на веласіпедзе, гуляе ў футбол, розныя настольныя і камп’ютарныя гульні. Часта наведваецца да бабуль, якім дапамагае па гаспадарцы і на агародзе, ён вельмі любіць жывёл. Маленькі памочнік сыпле курачкам зерне і праполвае градкі. Асабліва падабаецца збіраць там суніцы: смачней за іх з цукрам толькі маміны стравы.
Макар наведвае нядзельную школу пры храме Пакроваў Прасвятой Багародзіцы, удзельнічае ў розных мерапрыемствах, якія там ладзяцца. Зараз юныя вернікі рыхтуюць пастаноўку пра Дзюймовачку, у якой хлопчык іграе ролю жука.
Летам сям’я Макарукоў традыцыйна адпраўляецца ў паход, стараецца пабываць на моры і зарадзіцца энергіяй і пазітывам на ўвесь год.
На развітанне запыталася ў Макара, што для яго значыць шчасце. Хлопчык падараваў сваю чароўную ўсмешку і прызнаўся:
– Шчасце – гэта такія мама і тата, як у мяне, гэта радасць і калі я вясёлы і ў добрым настроі!

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*