Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК. Фота Крысціны Семянюк.
На календары вясна, у паветры пахне цюльпанамі і мімозамі, сакавік пераможна крочыць па планеце, дорачы сонечны настрой. У краіне чатыры выхадныя дні – міні-канікулы ў дзяцей, міні-адпачынкі ў дарослых. А папярэднічалі ім святочныя ранішнікі і канцэрты, прысвечаныя Дню чароўных, прыгожых і непаўторных жанчын – 8 Сакавіка.
Канцэрт у гарадскім Доме культуры сёлета быў асаблівым, поўным сюрпрызаў і падарункаў. Ён сабраў поўную залу абаяльных і мілых жабінкаўчанак, якія на працягу амаль дзвюх гадзін атрымлівалі асалоду ад разнастайных канцэртных нумароў. У праграме былі і песні, і танцы, і жарты. Парадавалі
віноўніц свята аркестр настаўнікаў Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Святланы Зотавай і трыа акардэаністаў ДШМ, вакалісты Сяргей Калішук і Лілія Дашкевіч. Сонечныя ўсмешкі і цяпло падарыла гледачам народная эстрадная група “Аляксандр-парк”, “Кветкі пад снегам” – дуэт Аксаны Пракошынай і Валерыя Няменьшага, “Кветачку-сяміколерку” – вакальны ансамбль “Мажорчыкі” (кіраўнік Аксана Пракошына). Жартамі і песнямі ўзнялі настрой прысутным непаўторныя “Хмелеўскія валацугі”. Бурнымі апладысментамі сустракала і праводзіла зала ўсе тры выступленні ўзорнага ансамбля народнага танца “Каруначкі”. Парадавалі матуль і бабуль юныя “Непаседы”. Пашкадавала, чаму на галаве не растуць кветачкі, Манечка Яцэвіч, а вакальны ансамбль “Фасолькі” пад кіраўніцтвам Вікторыі Міцковіч расказаў пра веліканаў. А сама спявачка разам з дачкой Віялетай падарылі песню пра маму, якая расчуліла жанчын у зале да слёз. Мурашкі прабеглі па скуры і ад выканання Вікторыяй Міцковіч і Іллёй Учаевым кранальнага музычнага нумара “З каханымі не расставайцеся…”
А вось цудоўная пяцёрка мужчын: Валерый Няменьшы, Леанід Батура, Ілля Учаеў, Андрэй Войнаш і Вячаслаў Іванюковіч – прыгадала ў песні, мабыць, усе існуючыя на свеце жаночыя імёны і пажадала іх уладальніцам усміхацца часцей і без прычыны, каб ад усмешак свет стаў прыгажэйшым.
Ну і якое ж свята без сюрпрызаў? Іх у той дзень было шмат. Гэта і прэм’ерныя танцавальныя нумары “Вясёлы аркестр” і “Статуі, якія ажылі” (кіраўнік Ірына Паўлава), і прыемныя падарункі. Святочныя сувеніры атрымалі жанчыны, якім пашчасціла заняць восьмае месца ў восьмым радзе, дзясятае – у 14-м, васямнаццатае – у 20-м, і многія іншыя.
Падчас святочнага мерапрыемства гучала шмат віншаванняў і пажаданняў. Адны з самых цёплых –
ад кі-раўніка раёна Дзмітрыя Гарадзецкага. Дзмітрый Мікалаевіч падзякаваў прадстаўніцам чароўнага полу за тое, што яны сваім розумам, ведамі, працай уносяць уклад у развіццё Жабінкаўшчыны, натхняюць каханых на добрыя справы і пажадаў здароўя, шчасця, дабрабыту, аптымізму, усмешак і каб святы ў іх дамы прыходзілі часцей.
Не скупіліся на шчырыя словы ў адрас жанчын і вядучыя свята: Ганна Макавецкая, Сяргей Калішук, Вікторыя Міцковіч і Ілля Учаеў.
А самі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, якія прыйшлі на канцэрт, не стрымлівалі словы захаплення. Ірына Астроўская выказалася, што святочная праграма была цікавая, насычаная, разнастайная, было што паглядзець і паслухаць, дый падрыхтоўка артыстаў была дастойная. Юлія Андрасюк, малодшыя сёстры якой танцуюць у “Каруначках” і “Stardas”е, адзначыла вялікую колькасць музычных і танцавальных нумароў з удзелам дзетак, моладзі і дадала, што многія кампазіцыі былі сучасныя і модныя. Таццяна Ярмалюк вельмі хвалявалася за выступленне дачушкі Кацярыны, якая займаецца ў Ірыны Паўлавай, а Дар’ю Герасімук пацешылі сын-танцор Ілля і дачка-вакалістка Дамініка.
Свята атрымалася на славу, шчыра парадавала і падарыла незабыўныя ўражанні.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%