Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
Якая ўлада самая блізкая да народа? Вядома ж, вясковы стараста. А добры стараста – выратаванне для вёскі, без яго не абысціся ні жыхарам, ні мясцовым выканкамам. Старасты – іх першыя памочнікі і заўжды – на пярэднім краі вясковых праблем. Яны для аднавяскоўцаў – і камунальнікі, і сацыяльная служба, і псіхолагі. І ўсё гэта – на грамадскіх пачынаннях.
Стараста вёскі Вежкі Крыўлянскага сельсавета Марыя Галавейка на гэтай пасадзе вось ужо восьмы год.
Марыя Дзмітрыеўна родам са Столінскага раёна. Лёс, а дакладней шчырае і ўзаемнае каханне, прывяло яе на Жабінкаўшчыну. 30 гадоў таму ў вёску Вежкі яе, выпускніцу Столінскага аграрнага сельгастэхнікума, прывёз малады муж. Колішні старшыня гаспадаркі Васіль Іванавіч Ярашук, як шаноўны госць на вяселлі маладых, уручыў ключы ад дома маладой сям’і: “Жывіце, працуйце, памнажайце дабрабыт калгаса імя Чапаева!” Бухгалтар і вадзіцель вілі сямейнае гняздзечка, у якім праз адведзены тэрмін падаў голас сынок Андрэйка. Хлопчык падрос, пайшоў у дзіцячы садзік. Вырасла і кола абавязкаў яго матулі – пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку Марыя Галавейка заняла пасаду намесніка галоўнага бухгалтара. У 2003 годзе, як сведчыць запіс у яе працоўнай кніжцы, была пераведзена на пасаду галоўнага эканаміста, і дагэтуль з’яўляецца “правай рукой” кіраўніка гаспадаркі, што цяпер носіць назву ААТ “Вазнясенскі”.
За “сухімі” лічбамі зводак і справа-здач Марыя Дзмітрыеўна стараецца не згубіць з поля зроку кожнага працаўніка гаспадаркі, якім налічвае зарплату. У службовай інструкцыі галоўнага эканаміста нямала абавязкаў, з якімі спраўляецца ў тэрмін і толькі на “выдатна”.
– Наша Марыя Дзмітрыеўна – цудоўны спецыяліст, прафесіянал сваёй справы, – каменціруе дырэктар таварыства Надзея Кандрацюк. – Умее аператыўна прымаць рашэнні, арганізоўвае людзей, кантралюе і аналізуе працу, здольная за невялікі тэрмін справіцца з вялікім аб’ёмам работы, дысцыплінаваная і старанная, як жанчына – цярплівая і чулая да чужых просьбаў.
У родных Вежках (а за тры дзясяткі гадоў вёсачка сапраўды стала роднай) Марыя Дзмітрыеўна ведае, здаецца, кожны куток.
– Народ арганізоўваць няпроста, бо кожны сёння пра сябе больш клапоціцца, чым пра грамадскае. Сваім прыкладам намагаюся “разварушыць”, – кажа Марыя Дзмітрыеўна. – Трэба – кідаю кліч, ідзём парадак на тэрыторыі наводзіць, суботнікі праводзім, кветкі садзім.
Марыя Дзмітрыеўна лічыць, што ў Вежках, дзе пражывае 169 жыхароў, яна за кожнага чалавека ў адказе. І дробязяў тут не бывае. А абавязкаў – хоць адбаўляй.
– Хочацца, каб у вёсцы моладзь заставалася, дзеткі нараджаліся. А для гэтага ўмовы трэба, – кажа стараста. – “Выраслі” ў нас ажно дзве вуліцы новабудоўляў, маладыя спецыялісты прыязджаюць і пускаюць карані. Аграгарадок злучаны з райцэнтрам асфальтаванай дарогай, газ праведзены – чым не гарадскія выгоды?
Дарэчы, сама з моладдзю да старшыні райвыканкама і на прыём да Канстанціна Сумара ездзіла, каб станоўча гэтыя пытанні вырашыць.
Нямала іншых абавязкаў у старасты. Лекі пажылым прывезці, прадукты даставіць, свежыя навіны абмеркаваць. Іх, людзей шаноўнага ўзросту, няшмат засталося (на зіму многіх дзеці да сябе ў горад забіраюць), таму да іх – асаблівая ўвага.
– Звярнуўся да нас леташняй вясной удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Сяргеевіч Шчаноўскі з просьбай дапамагчы ўчастак абрабіць. Усё акуратна выканалі: гной раскідалі, зааралі і бульбу пасадзілі.
Гаспадарлівасць – рыса характару, якая імпануе старасце ў аднавяскоўцах. Штогод яна абыходзіць падворкі і ўдакладняе дадзеныя справаздачнага ўліку – вядзе ўлік кароў, свіней, коз, авечак і нават… курэй. Вакцынацыю жывёл правесці – Марыя Дзмітрыеўна тут як тут. Хтосьці ўліў малако ад хворай каровы ў агульны “кацёл” або тлустасць малака неапраўдана нізкая – стараста ва ўсім разбярэцца.
…Ідуць да Марыі Дзмітрыеўны людзі з набалелымі пытаннямі: аднаму брыкет прывезці, у іншага печка дыміць, у трэцяга электраправодка замены патрабуе, у чацвёртага – пажарны апавяшчальнік маўчыць, у пятага – ліхтар на вуліцы вечарам не запальваецца. І на ўсё чакаюць адказу і дапамогі. Сама не справіцца – да старшыні Крыўлянскага сельвыканкама Анатоля Марчука звернецца.
– Асабліва балюча, калі ў некаторых сем’ях вежкаўцаў не ўсё ў парадку, – кажа стараста. – Ёсць у нас такія, дзе гарэлка – на пачэсным месцы і пакутуюць дзеці. Даводзіцца ўшчуваць пітушчых бацькоў, сварыцца, даказваць, што такі шлях прыводзіць у бездань. Вось нядаўна падлеткі пасваволілі – засыпалі снегам ганак пажылой жанчыны так, што тая на вуліцу дзверы расчыніць не магла. Дзіцячае свавольства сёння, а заўтра што? З іх бацькамі адбылася складаная гутарка…
Сёлетняй зімой клопатаў у Марыі Дзмітрыеўны дадалося – яна актыўна ўдзельнічала ў правядзенні выбарчай кампаніі. Дарэчы, мае багаты вопыт – неаднаразова з’яўлялася старшынёй выбарчай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў.
У яе нямала ўзнагарод за добрасумленную працу (сярод іх – Пісьмо падзякі Прэзідэнта Беларусі, Ганаровыя граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання краіны і Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК). А з апошніх – дыплом пераможцы ў конкурсе сярод арганізацый тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Жабінкаўскага раёна па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва па выніках работы ў 2017 годзе. Аднак самае галоўнае дасягненне для яе – давер людзей, згуртаванне іх у вырашэнні жыццёвых праблем.
Як удаецца галоўнаму эканамісту несці на кволых жаночых плячах яшчэ і прафсаюзнае жыццё, вырашаць праблемы як стараста? У вёсцы не прынята жаліцца. Проста даводзіцца быць моцнай, захоўваючы жаноцкую прывабнасць, далікатнасць, маючы бязмежнае сэрца любові. Вёска для яе – гэта будучыня, бо тут, на суседняй вуліцы, у новым доме ціхае сямейнае шчасце знайшоў яе сын Андрэй. Разам з жонкай Дзіянай яны нарадзілі Марыі Дзмітрыеўне прыгажуньку-ўнучачку Палінку. Маленькая ўжо робіць свае першыя крокі па вежкаўскіх вуліцах за ручку з бацькамі або бабуляй. Яна яшчэ не здагадваецца, якое гэта шчасце – мець такую бабулю.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%