…Вера, Надзея, Любоў – шчасця і радасці крыніца

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

З аўтра ў нашай краіне будзе адзначацца жаночае свята – 8 Сакавіка. У Аляксандра Ермакова, начальніка станцыі тэхабслугоўвання і рамонту ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”, як і ў большасці мужчын, ужо падрыхтаваны падарункі для любімых прадстаўніц прыгожай паловай чалавецтва. Зразумела, букет кветак ён падорыць сваёй вернай спадарожніцы па жыцці – жонцы Валянціне, а маленькія сюрпрызікі чакаюць Веру, Надзею і Любоў. Менавіта так прыгожа і мілагучна тата назваў чаканых і любімых дачушак.
– Зразумела, хацелася з раддома хоць раз забраць жонку з сыночкам, але і дзяўчаткі – таксама радасць, – расказвае Аляксандр Аляксеевіч. – Нічога, падрастуць – хлопчыкаў самі ў дом прывядуць…
…Шматдзетная і дружная сям’я Ермаковых атрымала цагляны дом на вуліцы Падсонечнай, што ў былых Курпічах. (Да гэтага жылі ў Якаўчыцах). Зрабілі невялікі рамонт, каб дачушкам было ўтульна. Бацькі-рупліўцы завялі свойскую птушку, свіней (а як жа! Без гаспадаркі цяжкавата пракарміцца), сабаку-вартаўніка. Жонка Валянціна працуе ў райветстанцыі, з задавальненнем вырошчвае на прысядзібным участку гародніну, таму ехаць па бульбу, памідоры, агуркі, кабачкі, клубніцы на рынак няма патрэбы. А нарыхтовак на ўсю зіму хапае!
Дзяўчаткі, зразумела, маміны памочніцы. Старэйшая, 13-гадовая Люба, з ахвотай разам з маці змагаецца з пустазеллем, прывучаецца да працы на зямлі і 9-гадовая Надзейка. Найменшанькая Верачка таксама дапамогу прапануе, але ад яе “помачы” пакуль больш шкоды, чым карысці, таму задача маленькай – забаўляцца, падтрымліваць настрой старэйшых вясёлым шчабятаннем і песнямі. Верачка гарэза, ні хвілінкі не сядзіць на месцы і з нецярпеннем чакае спякотных дзён, калі тата ля дома паставіць басейн і можна будзе ў ім купацца.
Аляксандр з гонарам расказвае пра дачушак:
– Старэйшая, сямікласніца, прыгожа малюе, наведвае дзіцячую школу мастацтваў. І хаця Любе толькі 13 гадоў, яна можа прыгатаваць піцу, напячы блінчыкаў, пасмажыць з цыбуляй мяса на патэльні, катлеткі, спрабавала суп варыць. Любоў спакойная і разважлівая. Надзейка любіць чытаць кніжкі пра дыназаўраў і фантастыку. А Верачка – модніца. Яе любімы занятак – мяняць сукенкі і круціцца ў іх перад люстэркам. Дзяўчаткі не перастаюць нас здзіўляць – падобныя знешне, але такія розныя па характарах і інтарэсах… Які б стомлены ні вярнуўся дадому – абдыму сваіх прынцэс, даведаюся, як справы – і ўсю стому як рукой здымае. Нашы Вера, Надзея, Любоў – шчасця і радасці крыніца…

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*