На працягу лютага ў нашым раёне ў некалькі этапаў праходзіла рэспубліканская акцыя “Бяспека – у кожны дом!”. У першыя яе дні тэматычная сустрэча адбылася ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Установу наведалі начальнік Жабінкаўскага РАНС Алег Бутрым і намеснік начальніка нарматыўна-тэхнічнай работы і папярэджвання надзвычайных сітуацый Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Беларусі Віталь Дзмітрук. Падчас размовы яны агучылі статыстыку пажараў на тэрыторыі раёна і вобласці, прывялі прыклады прычын узнікнення надзвычайных сітуацый. Госці нагадалі сацыяльным работнікам: пры наведванні адзінокіх пенсіянераў неабходна звяртаць увагу на наяўнасць аўтаматычных пажарных апавяшчальнікаў, спраўнасць печаў і ацяпляльнага абсталявання. Напрыканцы сустрэчы прысутных пазнаёмілі з мабільным дадаткам “МНС. Дапамога побач” і ўручылі памяткі з інфармацыяй па акцыі.
У другім этапе былі задзейнічаны ўстановы адукацыі горада і раёна. Так, тэматычныя мерапрыемствы прайшлі ў Старасельскай школе і ліцэі. Юнакі і дзяўчаты даведаліся пра мэты і задачы акцыі, паўдзельнічалі ў віктарыне “Дзе логіка?”, паспрабавалі выканаць тэставыя заданні па тэме “Тонкі лёд”. На сустрэчу ў ліцэй быў запрошаны курсант універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Казак, які расказаў пра сваю цікавую вучобу і адказаў на пытанні прысутных. Зацікавіў школьнікаў і відэаролік пра дадзеную вышэйшую навучальную ўстанову.
Падчас апошняга этапу акцыі супрацоўнікі Жабінкаўскага РАНС наведалі санаторый “Надзея”. Работнікі аддзела нагадалі адпачываючым правілы паводзін пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі ў здраўніцы, прапанавалі тэматычную літаратуру “Кніга бяспекі для наведвальнікаў гасцініцы”.
Таксама ў рамках акцыі на тэрыторыі сельвыканкамаў прадстаўнікі РАНС сумесна з групай работнікаў абласнога ўпраўлення абследавалі жылыя домаўладанні шматдзетных сем’яў, з малалетнімі дзецьмі, адзінокіх пенсіянераў. З жыхарамі былі праведзены прафілактычныя гутаркі, бацькам уручаны брашуры і лістоўкі на супрацьпажарную тэматыку.
Завяршыла акцыю “Бяспека – у кожны дом!” мерапрыемства, якое прайшло ў гарадскім Доме культуры. Разам з работнікамі ўстановы супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях арганізавалі для школьнікаў цікавую сустрэчу, падчас якой хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў казачнае падарожжа, паўдзельнічалі ў конкурсах і атрымалі незабыўныя ўражанні.
Ганна УСЦЬЯНЧЫК, спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Жабінкаўскага РАНС.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%