Да Сусветнага дня грамадзянскай абароны

Да Сусветнага дня грамадзянскай абароны

Аб чым гаворыць сігнал?

Ад французскага генерала

З ініцыятывы некалькіх дзяржаў у 1931 годзе французскі генерал медыцынскай службы Жорж Сен-Поль заснаваў у Парыжы Асацыяцыю Жэнеўскіх зон. Пад паняццем “Жэнеўскія зоны” мелася на ўвазе нейтральная тэрыторыя, дзе ў ваенны час маглі б знайсці прытулак некаторыя катэгорыі насельніцтва: жанчыны, дзеці, пажылыя і хворыя людзі. З цягам часу Асацыяцыя была ператворана ў Міжнародную арганізацыю грамадзянскай абароны (МАГА). Зараз у яе ўваходзяць 50 краін, яшчэ 16 маюць статус наглядальніка. Сусветны дзень грамадзянскай абароны, усталяваны ў 1990-м, адзначаецца 1 сакавіка не выпадкова. Менавіта тады ўступіў у сілу Статут МАГА, які адобрылі 18 дзяржаў.

Беларусь у МАГА

Сярод накірункаў дзейнасці арганізацыі варта вылучыць наступныя: падрыхтоўка нацыянальных кадраў у галіне кіравання ў перыяд надзвычайных сітуацый; аказанне тэхнічнай дапамогі дзяржавам у стварэнні і ўдасканаленні сістэм папярэджання НС і абароны насельніцтва; прапаганда вопыту і ведаў па грамадзянскай абароне і пытаннях кіравання ў перыяд надзвычайных сітуацый. Беларусь мае шматгадовы вопыт супрацоўніцтва з МАГА ў галіне падрыхтоўкі міжнародных спецыялістаў на базе ўстаноў адукацыі МНС краіны, а таксама навучання нашых кадраў у сферы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый пад эгідай арганізацыі за мяжой. Трэцяга сакавіка 2014 года Беларусь стала членам-наглядальнікам Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны.

“Увага ўсім!”

У нашай краіне створана і ўдасканальваецца сістэма апавяшчэння. У ёй выкарыстоўваюцца ўсе сродкі правадной, радыё-і тэлевізійнай сувязі для своечасовага папярэджвання насельніцтва аб надзвычайных сітуацыях у мірны і ваенны час. Агульнапрынятымі сігналамі грамадзянскай абароны з’яўляюцца: “Увага ўсім!”, “Паветраная трывога”, “Адбой паветранай трывогі”, “Радыяцыйная небяспека” і “Хімічная трывога”. Спачатку падаецца першы з дапамогай сірэн, гудкоў і іншых гукавых сродкаў з мэтай прыцягнення ўвагі насельніцтва або персаналу. За ім прагучаць іншыя сігналы або апавяшчэнні пра аварыі ці катастрофы, таму патрэбна адразу ўключыць усе наяўныя сродкі радыё- і тэлекамунікацый для праслухоўвання інфармацыі штаба грамадзянскай абароны.

Слухай сігнал

Астатнія агульнапрынятыя сігналы перадаюцца з дапамогай радыётрансляцыйных і тэлевізійных прыёмнікаў інфармацыі. Апавяшчэнні аб паветранай ці хімічнай трывозе, радыяцыйнай небяспецы гучаць бесперапынна адкрытым тэкстам на працягу 2-3 хвілін, а таксама ідзе тлумачэнне дзеянняў па гэтым сігнале. “Паветраная трывога” сведчыць пра ўзнікшую небяспеку нападзення праціўніка, “Радыяцыйная небяспека” апавяшчае пра радыеактыўнае забруджванне мясцовасці, а “Хімічная трывога” – пра хімічнае заражэнне тэрыторыі і абарону ад моцнадзейных атрутных рэчываў. Пасля сігналу неабходна выканаць пэўныя ахоўныя меры і заставацца ў небяспецы да каманды “Адбой” ці іншых распараджэнняў штаба грамадзянскай абароны, пры гэтым прыёмнікі трымаць уключанымі. Толькі паступовы і свядомы алгарытм дзеянняў дапаможа ў надзвычайнай сітуацыі.
Аляксандр БАТУЛЯ, старшы інжынер Жабінкаўскага РАНС.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*