Гонар. Доўг. Адданасць справе

Чацвёртага сакавіка ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца Дзень беларускай міліцыі. Пра важнасць гэтай прафесіі, адданасць справе і абарону законных правоў грамадзян расказаў намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнік міліцыі Яўген Самускевіч (на здымку).

Калектыў наш невялікі. Аднак мы самастойна спраўляемся з забеспячэннем аховы грамадскага парадку па выкананні правоў і законных інтарэсаў грамадзян у Жабінкаўскім раёне.
Кожны супрацоўнік усведамляе свой доўг, таму якасна выконвае службовыя абавязкі.
Летась да нас прыбылі чатыры маладыя спецыялісты. Мы бачым, на што кожны з іх здольны, што ў іх атрымліваецца добра, а што не вельмі. Мы дапамагаем хлопцам папоўніць прабелы ў ведах, набрацца практычнага вопыту.
Наш аддзел – гэта маленькая сям’я, дзе адзін другому дапамагае. Мы падтрымліваем сувязь з нашымі пенсіянерамі, якія ўжо пакінулі службу ў міліцыі. Гэта людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, заўсёды гатовыя дапамагчы мудрай парадай.
На мой пагляд, зараз у міліцыі цяжэй працаваць, чым раней. У наш час з развіццём інфармацыйных тэхналогій у злачынцаў з’яўляюцца новыя магчымасці абысці закон. Апроч таго, ускладняецца і само заканадаўства. Сучасны супрацоўнік міліцыі павінен разбірацца ва ўсіх гэтых тонкасцях і валодаць патрэбнымі якасцямі, каб разгадаць планы зламыснікаў.
Па выніках службовай дзейнасці за 2009 год Жабінкаўскі РАУС пад кіраўніцтвам Уладзіміра Жука ў сваёй групе заняў першае месца сярод аддзелаў рэспублікі і атрымаў пераходны ганаровы прыз імя батальёна міліцыі Канстанціна Уладзімірава. У 2014 годзе аддзел быў прызнаны лепшым у сваёй катэгорыі на Брэстчыне і ўзнагароджаны пераходным прызам імя Валерыя Асташонка.
Усе нашы супрацоўнікі зрабілі асэнсаваны прафесійны выбар. Некаторыя – выхадцы з міліцэйскіх дынастый, іншыя прынялі такое рашэнне па закліку сэрца.
Сёлета быў абраны новы старшыня Жабінкаўскай раённай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў. Раней гэтую пасаду займаў Мікалай Шубскі. Ён якасна выконваў свае абавязкі, перажываў за пенсіянераў, імкнуўся вырашыць кожную іх праблему. Але па стане здароўя ён вымушаны быў скласці свае паўнамоцтвы. Яго месца заняў Юрый Карпінчык. Гэта аўтарытэтны ў міліцэйскіх кругах чалавек. Юрый Антонавіч узначальваў Жабінкаўскі РАУС са жніўня 2002 года па снежань 2004-га.
Сямнаццаць гадоў, з 1966 па 1983-і, аддзел узначальваў Дзмітрый Кавалевіч. Службе ў органах унутраных спраў ён аддаў 35 гадоў свайго жыцця.
Пасля сыходу з міліцыі не пакінуў дзяржаўную службу Алег Смаршчок. Зараз ён займае пасаду старшыні Жабінкаўскага сельскага выканаўчага камітэта. У дзейнасці ветэранскай арганізацыі актыўна ўдзельнічае Аляксандр Грыцук, які ўзначальваў Жабінкаўскі РАУС з верасня 1999 года па жнівень 2002-га. Павагай сярод міліцыянераў карыстаюцца Васіль Белянец і Леанід Курдзюк.
Сярод тых, хто даўно ў нас працуе, можна адзначыць начальніка аддзялення ДАІ Андрэя Мядзведзя і начальніка аддзялення крымінальнага вышуку Вячаслава Шаноева. Гэта людзі, якія з гонарам і годнасцю на працягу многіх гадоў нясуць сваю службу. У гэты спіс можна дадаць старшага ўчастковага інспектара Сяргея Галоўчыка і старшага інспектара па адміністрацыйнай практыцы Уладзіміра Сароку.
З маладых супрацоўнікаў выдатна спраўляюцца са сваёй службай старшы інспектар прафілактыкі Дзіна Доста і ўчастковы інспектар Дзмітрый Салей.
Аднак, на маю думку, усе нашы работнікі – выдатныя міліцыянеры. Калі аддзел знаходзіцца на добрым рахунку – гэта заслуга не начальніка, не намеснікаў, а кожнага супрацоўніка.
Працуюць у нас і прадстаўнікі міліцэйскіх дынастый. У сённяшняга начальніка Жабінкаўскага РАУС Андрэя Лаготы бацька і дзядзька служылі тут. Зараз яны з’яўляюцца членамі ветэранскай арганізацыі. Мой тата таксама служыў у аддзеле. У Вікторыі Раецкай бацька працаваў ва УУС Брэсцкага аблвыканкама. У Вячаслава Шаноева ў нашым аддзеле служыла маці, у Ігара Семенюка – бацька. Тата Сяргея Філіповіча працаваў у Жабінкаўскім аддзеле Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Гэта паважаныя і годныя людзі.
Я хачу павіншаваць з прафесійным святам не толькі сваіх калег, але і іх сем’і. Таму што жонка міліцыянера, напрыклад, перажывае не менш, чым муж, пакуль той на службе. Сям’я – гэта падтрымка і апора для кожнага чалавека. Хачу пажадаць нашым супрацоўнікам, каб у іх быў надзейны тыл, каб іх заўсёды чакалі дома. Абавязкова жадаю ўдачы, поспехаў, моцнага здароўя.
Помніце, паважаныя калегі, што мы зай-маемся важнай справай, па-сапраўднаму дапамагаем людзям.
Запісала Крысціна СЕМЯНЮК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.