Дзеля абароны фаўны і флоры планеты

Сусветны дзень дзікай прыроды адзначаецца штогод 3 сакавіка. Яго дэвіз: “Будучыня дзікай прыроды ў руках кожнага”. Параўнальна маладое свята ў 2013 годзе прапанавала адзначаць Арганізацыя Аб’яднаных Нацый для павышэння ўзроўню дасведчанасці насельніцтва пра небяспекі, з якімі сутыкаецца фаўна і флора планеты. Абраная дата супадае з днём падпісання Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры. Страта асяроддзя пражывання і інтэнсіўнасць вядзення сельскай гаспадаркі з’яўляюцца аднымі з рэальных і адчувальных праблем прыроды. Тысячы прадстаўнікоў флоры і фаўны, паводле Чырвонага спісу Міжнароднага саюза аховы прыроды, паступова знікаюць і патрабуюць нашага ўдзелу. Дзікай прыродзе пагражаюць урбанізацыя, браканьерства, забруджванне і разбурэнне асяроддзя пражывання жывёл. Паўсюдныя форумы, канферэнцыі і з’езды шукаюць разнастайныя спосабы, дзякуючы якім людзі змогуць не дапусціць знішчэння дзікага асяроддзя. Часцей за ўсё незаконна гандлююць сланамі, яшчарамі, насарогамі, акуламі і тыграмі. Пры цяперашніх тэмпах вымірання каля 20 % відаў дзікіх жывёл у свеце могуць назаўсёды знікнуць на працягу бліжэйшых 30 гадоў. У Сусветны дзень дзікай прыроды многія людзі наведваюць жывёл у заапарках ці на сафары, адпраўляюцца ў музеі прыроды, батанічныя сады ці нацыянальныя паркі, каб убачыць вялікую разнастайнасць флоры і фаўны сваімі вачамі. Валанцёры ачышчаюць ад смецця, якое забруджвае воднае і наземнае асяроддзе, месцы ўздоўж пляжа, парку ці ўчасткаў дарог. У дадатак да ўсяго, адходы могуць атручваць арганізмы жывёл або стаць пасткамі для іх. Для масавага інфармавання насельніцтва аб праблемах у дзікай прыродзе дэманструюцца дакументальныя фільмы. Большасць міжнародных форумаў заканчваюцца ахвяраваннямі для абароны біяразнастайнасці планеты.

Наталля ЯКІМАВЕЦ, галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*