“Астап Бэндэр” у спадніцы

Шкада, што не жывуць сёння Ільф ды Пятроў, якія стварылі раманы “Дванаццаць крэслаў” і “Залатое цяля” пра вядомага махляра Астапа Бэндэра. Колькі пакаленняў людзей чытаюць пра хітрыя прыгоды “вялікага камбінатара”! Зараз знакамітыя сатырыкі мелі б неабсяжны размах для адлюстравання сваіх герояў. Бо навука далёка рушыла наперад, і цяпер падмануць бясхітраснага чалавека стала намнога прасцей.
Напрыклад, наша гераіня Жанна К. змясціла на інтэрнэт-рэсурсе “Кufаr.bу” аб’яву, што гатова за 292 рублі прадаць шчаня пароды “ёркшырскі тэр’ер”. У хуткім часе Наталля Б. пералічыла на Жанніну банкаўскую картку названую суму. Як аказалася пасля, таго “тэр’ера” сама Жанна ў вочы не бачыла. 15 студзеня на махлярку была ўзбуджана справа па частцы 1 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Злачынны поспех, мусіць, акрыліў зламысніцу. Яна ў інтэрнэце прапануе шчанюкоў яшчэ трох парод. І што б вы думалі: толькі за адзін месяц, каб купіць, адгукнуліся… чатыры жабінкаўцы, якія пералічылі на Жанніну карту паўтысячы рублёў. Калі зразумелі, што пародзістых сабачак ім не ўбачыць, як і сваіх грошай, забілі трывогу. На махлярку 2 лютага зноў была заведзена справа – цяпер па частцы
2 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса. Гэта тыповы канец любых бэндэраўскіх спраў!..

Хто ж падрабляе нумары?

Хто і калі з дапамогай зварачнага апарата выдаліў частку фрагмента нумарной дэталі з аўтамабіля “Аўдзі 80” і на яго месца ўварыў частку другой, Алена Г., купляючы машыну, не ведала. Гэта выявілася, калі новая гаспадыня вырашыла паставіць аўтамабіль у Дзяржаўтаінспекцыі на ўлік.
Супраць невядомай асобы, якая пайшла на злачынства, прадугле-джанае часткай 1 артыкула 381 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – падробка ідэнтыфікацыйнага нумара аўто, узбуджана справа. Дарэчы, за апошнія месяцы гэта ўжо другое падобнае злачынства.

Пераблытаў адрасы?

Дзмітрый Б. працаваў вадзіцелем ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”, быў матэрыяльна-адказнай асобай. У снежні на чыгуначнай станцыі Брэст-Паўночны ён па таварна-транспартнай накладной атрымаў 19,53 тоны шчэбню, які належаў філіялу КУП “Брэстаблдарбуд” Жабінкаўскае ДРБУ № 103. Кошт грузу – 437 рублёў 32 капейкі.
Дзмітрыю неабходна было даставіць шчэбень на будаўнічы аб’ект у вёску Ямна Брэсцкага раёна. Але чамусьці ягоны “МАЗ” праскочыў паварот на Ямна і памчаўся па трасе. Што, кіроўца пераблытаў адрасы? З поўнай упэненасцю можам сказаць, што не, бо машына прамчалася звыш дваццаці кіламетраў па шашы, павярнула ў Бусні Жабінкаўскага раёна, дзе шафёр хуценька збыў прывезены груз за 250 рублёў.
Злодзею, мусіць, не ўдалося пакарыстацца грашыма, бо ў яго адразу пачаліся непрыемнасці: на Дзмітрыя Б. заведзена справа па частцы 1 артыкула 211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Невядомыя: браканьер і злодзей

Напрыканцы студзеня паблізу квартала № 9 Пятровіцкага лясніцтва, у парушэнне патрабаванняў “Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання”, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, браканьерам была застрэлена казуля. Згодна з таксай, знішчэнне адной жывёліны цягне за сабой пакаранне ў размеры 120 базавых велічынь. Такім чынам, лясніцтву былі нанесены страты на суму 2940 рублёў.
Не пазней за 31 студзеня нехта чужы пабываў у гаспадарчай пабудове, што месціцца ў двары № 32 на вуліцы Цэнтральнай у Саках, і украў вуглашліфавальную машынку “Маkіtа GА5030”, якая належала Мікалаю С., тым самым нанёсшы гаспадару стратаў на 100 рублёў.
І браканьер, і злодзей пакуль невядомыя. На іх заведзены крымінальныя справы, і хочацца верыць, што следчым удасца выйсці на след злачынцаў і кожны панясе заслужанае пакаранне.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.