Зменшыўся агульны лік злачынстваў

Зменшыўся агульны лік злачынстваў

Летась пракуратура Жабінкаўскага раёна ва ўзаемадзеянні з праваахоўнымі і дзяржаўнымі органамі, а таксама іншымі суб’ектамі прафілактыкі правяла значную работу па ўмацаванні законнасці і правапарадку, абароне інтарэсаў грамадзян на тэрыторыі раёна.
У 2017 годзе ў параўнанні з аналагічным перыядам 2016-га знізіўся агульны лік зарэгістраваных злачынстваў са 163 да 146, або на 10,5 %. Раскрывальнасць іх склала 71 % (сярэднеабласны паказчык – 65,2 %). Колькасць зарэгістраваных злачынстваў, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх, павялічылася з 9 да 10. Усе яны былі раскрыты.
У структуры злачыннасці асабліва цяжкія злачынствы складаюць 2 %, цяжкія – 5 %, менш цяжкія – 75 %, тыя, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, – 18 %.
Зменшылася колькасць зарэгістраваных злачынстваў на тэрыторыях Жабінкаўскага, Ленінскага, Ракітніцкага і Азяцкага сельскіх Саветаў. У той жа час павялічыўся іх лік у Хмелеўскім сельсавеце, Крыўлянскім і Сцяпанкаўскім, што сведчыць пра недастатковы ўзровень прафілактычнай работы на ўказаных тэрыторыях.
У Жабінцы зарэгістраваны 72 злачынствы. На шчасце, не было зафіксавана забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці пацярпелага, згвалтаванняў. У той жа час павялічыўся лік махлярстваў, вымагальніцтваў, рабаванняў і разбояў. З 33 да 41 вырасла колькасць злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення, з 45 да 53 – раней асуджанымі.
У мінулым годзе адбылося 9 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх адзін чалавек загінуў, 9 атрымалі раненні. Па віне нецвярозых кіроўцаў ДТЗ не зарэгістраваны.
З 73 да 69 зменшылася колькасць крадзяжоў маёмасці, у тым ліку з жылля грамадзян з 24 да 22. У Жабінцы зарэгістравана 26 крадзяжоў (36 %), у сельскай мясцовасці – 47 (64 %). Сталі менш красці веласіпеды (8 выпадкаў замест 14), але ўзрасла колькасць крадзяжоў грошай – з 9 да 12 выпадкаў. Статыстыка крадзяжоў мабільных тэлефонаў засталася на ранейшым узроўні – 7.
Праблему ўяўляе алкагалізацыя насель-ніцтва, якая працягваецца і паслужыла ўмовай здзяйснення 41 злачынства, ці 28 % ад ліку здзейсненых злачынстваў. У выніку выпадковага атручвання алкаголем памерла 7 чалавек. Таксама летась зарэгістраваны тры факты гібелі людзей на вадзе, адзін з загінулых знаходзіўся ў нецвярозым стане. Прычына – неасцярожнасць самога патанулага.
Трэба адзначыць, што ў мінулым годзе ў раёне зменшылася колькасць злачынстваў, якія здзяйсняюцца непаўналетнімі і лік асоб, што іх здзейснілі. Чатырма падлеткамі здзейснены тры злачынствы (у 2016 годзе васьмю падлеткамі здзейснена шэсць злачынстваў). Аднак назіраецца рост адміністрацыйных правапарушэнняў, у тым ліку дробных крадзяжоў і хуліганстваў.
Такім чынам, прыведзены аналіз сведчыць пра недастатковасць мер, прымаемых суб’ектамі прафілактыкі раёна па папярэджанні дробных хуліганстваў і крадзяжоў, адсутнасць належнай індывідуальнай работы аддзела адукацыі, спорту і турызму з падлеткамі. Недастаткова эфектыўна праводзіцца прафілактычная работа Жабінкаўскай ЦРБ па прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод непаўнагадовых.
Па-ранейшаму вялікую ўвагу пракуратура надае выкананню на Жабінкаўшчыне патрабаванняў заканадаўства аб працы і яе ахове, захаванню палажэнняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.03.2004 № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” (у рэдакцыі Указа Прэзідэнта Беларусі ад 12.10.2015 № 420). Праверкі выканання названага заканадаўства праведзены ў ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, “Ракітніца”, “Мацеевічы”, “Азяты Агра”, “Жабінкаўская сельгастэхніка”, “Хмелева” і іншых арганізацыях. Са шкадаваннем варта адзначыць, што практычна ва ўсіх правераных прадпрыемствах і арганізацыях раёна патрабаванні заканадаўства аб ахове працы выконваюцца неналежным чынам. Не выкаранены факты знаходжання працаўнікоў у рабочы час у стане алкагольнага ап’янення.
Падчас праведзеных праверак устаноўлены факты безгаспадарлівасці, незабеспячэння захаванасці сабранага ўраджаю і маёмасці.
Уладзімір КІРЫЛЮК, пракурор Жабінкаўскага раёна, старшы саветнік юстыцыі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*