“Каруначкі” – адна вялікая сям’я

Паважаная рэдакцыя! Хачу праз газету выказаць словы ўдзячнасці кіраўніку ўзорнага ансамбля народнага танца “Каруначкі” Ірыне Румко.
Адзінаццаць гадоў таму я прывяла да Ірыны Феафанаўны сваю пляменніцу Наталлю Волк. Як спецыяліст, яна ўбачыла здольнасці дзяўчынкі да танцаў і пачала развіваць іх. Паміж імі адразу склаліся добрыя адносіны і ўзаемаразуменне. Наташа з задавальненнем хадзіла на рэпетыцыі і асвойвала няпростыя танцавальныя элементы. Вельмі хвалявалася, калі выступала ўпершыню. З той пары мінула шмат часу. У памяці шматлікія канцэрты “Каруначкаў” на гарадскіх і раённых святах, выступленні на абласных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях, адкуль жабінкаўскія танцоры вярталіся з перамогамі, паездкі з разнастайнымі праграмамі ў Расію і Польшчу. У іх прымала ўдзел і мая пляменніца, якая выконвала ў танцах вядучыя партыі і саліравала.
“Каруначкі” – гэта адна вялікая і дружная сям’я, якая жыве цікава і насычана. За гэта вялікі дзякуй кіраўніку калектыву Ірыне Румко. Для нашых дзяцей яна стала другой мамай, якая перажывае за кожнага свайго выхаванца не толькі падчас выступленняў. Ірына Феафанаўна цікавіцца асабістым жыццём сваіх падапечных, з’яўляецца для іх не толькі педагогам, але й блізкім сябрам і дарадцам. Яна заўсёды ў цесным кантакце з бацькамі і роднымі дзяцей. Уявіць цяпер “Каруначкі” без Ірыны Феафанаўны немагчыма!
10 лютага ў гарадскім Доме культуры адбыўся канцэрт танцавальнага калектыву. У зале прысутнічалі бацькі, родныя, сябры юных артыстаў, а таксама шматлікія прыхільнікі творчасці “Каруначкаў”. Я сядзела ў першым радзе і з вялікім задавальненнем назірала за той дзеяй, што адбывалася на сцэне. Якія нашы дзеці малайцы! Такая думка неаднаразова мільгала ў галаве падчас канцэрту. Пасля кожнага нумара – шквал апладысментаў ад удзячных гледачоў. Слёзы радасці і хвалявання на вачах з’яўляліся тады, калі на сцэне бачыла сваю Наташку. На жаль, мая дзяўчынка не будзе больш танцаваць у калектыве, бо сёлета яна – выпускніца. Прыйшоў час развітацца з “Каруначкамі”. Хачу сказаць вялікі дзякуй Ірыне Румко за ўвагу і клопат, якімі яна атуляе нашых дзяцей. Ірына Феафанаўна – сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Жадаю ёй моцнага здароўя, шчасця, радасці, сямейнага дабрабыту. А “Каруначкам” – новых цікавых нумароў, чарговых перамог на конкурсах і фестывалях, творчага даўгалецця!
Таццяна ДАВІДЗЮК, жыхарка Жабінкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.