Ёсць пытанне? Ідзі на прыём
Адзін з чарговых прафсаюзных прыёмаў грама-дзян на Жабінкаўшчыне правялі галоўны прававы інспектар працы Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Анатоль Пятручык і намеснік пракурора Жабінкаўскага раёна Алена Сідарук. Ён адбыўся ў дзяржаўнай установе адукацыі “Яслі-сад № 3 Жабінкі”.
На гэты раз людзей, што звярнуліся, цікавілі пытанні парадку працаўладкавання маладых спецыялістаў і іншых катэгорый грамадзян; прадастаўлення працоўных адпачынкаў; магчымасці працы інваліда на ранейшай пасадзе паводле індывідуальнай праграмы рэабілітацыі і іншыя. Усім, хто прыйшоў на прыём, дадзены растлумачэнні.
Грашовая прэмія – за прыгожае афармленне
Падведзены вынікі агляду-конкурсу на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і дваровых тэрыторый. У намінацыі “Лепшая арганізацыя, індывідуальны прадпрымальнік” пераможцамі прызнаны: ПМК-19 (г. Жабінка) УП “Брэстводбуд”, ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” і ДУА “СШ № 1 г. Жабінкі”. За званне лепшага змагаліся таксама ЦБУ № 102 ААТ “Бел-аграпрамбанк”, КУП “Брэстаблдарбуд” Жабінкаўскае ДРБУ № 103, ЦБП № 109 ААТ “ААБ Беларусбанк”, ААТ “Вазнясенскі”, аддзел архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ, індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Роля.
Прыватныя дамы і тэрыторыю вакол іх найлепш аформілі Васіль Шурубейка (вул. Кобрынская ў райцэнтры), другое месца ў Ірыны Петуховай (вул. Вішнёвая) і трэцяе – у Васіля Марчука з вёскі Старое Сяло. У гэтай намінацыі было 19 прэтэндэнтаў на перамогу. Пераможцам будуць уручаны грашовыя прэміі ў памеры ад 5 да 10 базавых велічынь.
Юныя музыкі – лепшыя ў вобласці
На мінулым тыдні ў Брэсцкім музычным каледжы імя Рыгора Шырмы адбыўся абласны конкурс творчых калектываў “Аркестравы калейдаскоп”, які сабраў два дзясяткі прэтэндэнтаў на перамогу.
Сярод юных музыкаў былі і прадстаўнікі Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў – выхаванцы Наталлі Грэцкай. Выступленне ўзорнага аркестра народных інструментаў было выключным. Журы конкурсу ацаніла майстэрства жабінкаўцаў дыпломам І ступені!
З узнагародай вярнулася з “Аркестравага калейдаскопа” і Злата Лукашэвіч. У намінацыі “Вакал” дзяўчынка была ўганаравана граматай за выкананне песні “Ой, да не вечер”.
Аб беражлівасці – дзецям і дарослым
Музычныя кіраўнікі ясляў-сада № 3 г. Жабінкі падрыхтавалі відэаролік “Казка пра тое, як Мішутка беражлівасці вучыўся” і прапанавалі яго на абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”. У намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” выхавальнікі з Жабінкі былі ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
Цёплыя словы – куміру
У межах Усебеларускай акцыі “За любімую Беларусь” Жабінкаўскі РК ГА “БРСМ” аб’явіў конкурс “Валянцінка майму куміру”. Актывісты раёна мелі магчымасць зрабіць “валянцінкі” для сваіх куміраў (артыстаў беларускай эстрады, спартсменаў і г. д.) з цёплымі пажаданнямі і віншаваннямі, якія былі перададзены адрасатам. Як адзначыла першы сакратар РК “БРСМ” Марыя Сянішына, работы Наталлі Лазарук, Насці Зайко, Кацярыны Андрасюк, Юліі Урбан, Міраславы Кірылюк аказаліся самымі арыгінальнымі, і іх аўтаркі атрымалі дыпломы ад райкама.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%