Вы калі-небудзь бралі кнігу ў бібліятэцы ўсляпую, не ведаючы ні аўтара, ні назвы твора? Наўрад ці. Звычайна мы прыходзім у храм кніг з канкрэтнай мэтай: узяць сабе што-небудзь для душы або творы на пазакласнае чытанне дзецям. Прыслухоўваемся да парад бібліятэкараў, якую кнігу лепш узяць, знаёмімся з новымі паступленнямі.
А вось дзіцячая бібліятэка ў лютым заінтрыгавала сваіх чытачоў незвычайнай акцыяй “Спатканне ўсляпую… з кнігай”. Яе ідэя належыць бібліятэкару Вользе Гурыш. Вольга Дзмітрыеўна вырашыла арганізаваць чытачам спатканні з цікавымі выданнямі. Кожная кніга, што прымае ўдзел у акцыі, абгорнута шчыльнай паперай і перавязана шпагатам. Да кнігі прымацавана міні-анатацыя, кшталту “Твор пра сабаку, які тройчы мяняў сваіх гаспадароў” альбо “Вы калі-небудзь пісалі лісты таму, каго ніколі не бачылі? А галоўны герой гэтага твора пісаў”. Пад абгорткай схаваліся і запрашаюць чытачоў на спатканне “Чырвоныя ветразі” А. Грына, “Каштанка” А. Чэхава, “Дзінка”
В. Асеевай, “Два капітаны” В. Каверына, “Людзі на балоце” І. Мележа і многія іншыя цікавыя кнігі.
Акцыя выклікала вялікі інтарэс у чытачоў. Некаторыя прыйшлі “на спатканне” ўжо двойчы. Яшчэ тры выданні-ўдзельнікі чакаюць тых, хто аддасць ім перавагу, вылучыць сярод іншых кніг.
Аматары прыгожага мастацкага слова, а таксама загадкавасці і таямніц, схадзіце на спатканне ўсляпую з кнігай – не пашкадуеце.
Наталля ВАЛОШКА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%