Экскурсіі ў каледжы прыносяць карысць

Экскурсіі ў каледжы прыносяць карысць


Навучэнцы 7-11 класаў Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната пабывалі на прафарыентацыйнай экскурсіі ў Брэсцкім дзяржаўным гандлёва-тэхналагічным каледжы. Дата наведвання была абрана не выпадкова: навучальная ўстанова якраз праводзіла Дзень адчыненых дзвярэй.
На экскурсіі прысутнічалі навучэнцы шматлікіх школ Брэстчыны. У фае каледжа наведвальнікаў сустрэлі ветлівыя гаспадары, якія прадставілі прафарыентацыйны стэнд “Мая прафесія – мая будучыня”.
Гутарку з гасцямі арганізавалі намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Страпко і загадчык аддзялення грамадскага харчавання Іна Смаль. Спачатку прысутным быў паказаны інфармацыйны відэафільм пра гандлёва-тэхналагічны каледж. Пасля гэтага агітбрыгада першакурснікаў установы расказала і праспявала пра перавагі кожнай прафесіі (кандытар, повар, афіцыянт, прадавец), якую можна тут атрымаць.
Затым Таццяна Васільеўна пракансультавала прысутных наконт прагнозных паказчыкаў прыёму ў Брэсцкі дзяржаўны гандлёва-тэхналагічны каледж на 2018 год і прахадных балаў па спецыяльнасцях. Адзначыла, што высокая якасць навучання дазваляе студэнтам удзельнічаць у міжнародных конкурсах і займаць прызавыя месцы. У сваю чаргу, Іна Харытонаўна зай-мальна распавяла аб тым, як студэнты праходзяць навучальныя практыкі на розных прадпрыемствах горада, і запрасіла паступаць на навучанне да іх у каледж.
Да ўвагі гасцей мерапрыемства былі прапанаваны майстар-класы пад кіраўніцтвам Іны Смаль па карвінгу (мастацкай нарэзцы гародніны і садавіны) (на здымку), сервіроўцы стала сурвэткамі, асновах афармлення падарункаў, а таксама былі паказаны некаторыя спосабы завязвання гальштука. Навучэнка нашай школы-інтэрната Вольга Хурсіна паспрабавала сябе ў ролі афіцыянта і з лёгкасцю справілася з афармленнем сурвэтак. Сервіроўка стала спадабалася Паўлу Краснапольскаму, а хлебны млын не пакінуў абыякавым Сцяпана Сівуду.
Азнаямленне з матэрыяльна-тэхнічнай базай каледжа было не менш цікавым. Экскурсія на чале з Таццянай Страпко дазволіла навучэнцам зазірнуць у функцыянальныя кабінеты: арганізацыі буфетаў; тэхналогіі кактэйляў і напояў; абсталявання гандлёвых аб’ектаў грамадскага харчавання; тэхналогіі прыгатавання ежы; мікрабіялогіі, фізіялогіі харчавання, санітарыі і гігіены; эканомікі і фінансаў арганізацыі; псіхалогіі і прафесійнай этыкі. Асабліва запомніўся навучэнцам Жабінкаўскай школы-інтэрната “Кабінет тэхналогіі прыгатавання страў дыетычнага дзіцячага і лячэбна-прафілактычнага харчавання”.
Экскурсія ў Брэсцкі дзяржаўны гандлёва-тэхналагічны каледж дзецям вельмі спадабалася, было вельмі цікава і пазнавальна. Лічу, што такія прафарыентацыйныя мерапрыемствы прыносяць карысць і дапамагаюць з выбарам будучай прафесіі.
Зараніка ПЛАШКЕВІЧ, педагог-псіхолаг Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*