Вялікі поспех маленькай мастачкі

Алёна НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Па выніках VI Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце” работа сямігадовай Ульяны Лазавік з Жабінкі адзначана дыпломам ІІ ступені.

Конкурс праводзіцца з 2006 года, яго мэта – развіццё міжнароднага супрацоўніцтва і ўзае-маразумення паміж дзецьмі і краінамі свету. Ён дае магчымасць адлюстраваць усю шырыню жыццёвых інтарэсаў хлопчыкаў і дзяўчынак, іх надзеі і мары на будучае.
Сёлета конкурс аб’яднаў больш за сем тысяч юных талентаў ад 4 да 16 гадоў з дваццаці дзвюх краін свету: Азербайджана, Амана, Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Германіі, Грузіі, Ірана, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Сірыі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Украіны, Чэхіі і Эквадора. Яго ўдзельнікам была прапанавана наступная тэма: “Аб чым мараць дзеці?”. Малюнкі ў поўнай меры змаглі расказаць пра юных мастакоў з розных куточкаў свету, іх жыццё, захапленні і… мары.
Кожны раз конкурс завяршаецца выставай лепшых работ. Сёлета яе ўрачыстае адкрыццё адбылося 15 лютага ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у Мінску. Яе маштабы –
больш за 300 графічных і жывапісных работ. Адкрыў выставу начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі Беларусі Эдуард Тамільчык. Віталі ўдзельнікаў конкурсу дырэктар Нацыянальнага цэнтра Надзея Васільчанка, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, старшыня журы конкурсу Іван Кліменка, кіраўнік культурных праектаў прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэс-публіцы Беларусь – Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску, член журы Ала Кейге. У цырымоніі адкрыцця выставы прынялі ўдзел таксама і ганаровыя госці: паслы Сербіі, Туркменістана і Сірыі ў Беларусі, першыя сакратары Пасольстваў Азербайджана, Малдовы і Украіны, трэці сакратар Пасольства Расіі і часовы павераны ў справах Пасольства Эквадора ў Рэспубліцы Беларусь.
Госці падзякавалі ўдзельнікам конкурсу за цудоўныя работы, якія падарылі ўсім добры настрой, зарадзілі юных мастакоў новымі ідэямі, пашырылі ўяўленне пра жыццё хлопчыкаў і дзяўчынак з розных краін. Журы заўважыла, што малюнкі адрозніваюцца арыгінальным бачаннем свету, непасрэднасцю выражэння пачуццяў, творчай індывідуальнасцю. Такімі якасцямі вызначаўся і малюнак Ульяны Лазавік, які меў назву “А як вырасту –
стану мадэльерам!”. У ім дзяўчынка паспрабавала расказаць пра сваю дзіцячую мару наконт будучай прафесіі з дапамогай пэндзля і фарбаў, і ў яе гэта выдатна атрымалася. У намінацыі “Жывапіс” ва ўзроставай групе 7-9 гадоў яе работа была адзначана дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Ульяна – другакласніца, вучыцца ў сярэдняй школе № 2 і другі год наведвае аб’яднанне па інтарэсах “Выяўленчае мастацтва” пры раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Увасобіць мару на паперы дапамагла дзяўчынцы яе педагог Іна Рудкоўская. Высокую ўзнагароду ў сталіцы Ульяна атрымлівала разам з Інай Уладзіміраўнай і мамай Вольгай Яраславаўнай, якія былі побач і падтрымлівалі.
Хочацца пажадаць маленькай таленавітай мастачцы здзяйснення яе мары, каб у будучым яна стала на самой справе вядомым мадэльерам, а яе педагогу – невычэрпных сіл і натхнення ў развіцці творчых здольнасцяў выхаванцаў.
У чарговы раз конкурс паказаў, што мастацтва дае магчымасць дзецям раскрыць іх унутраны свет і расказаць пра самыя патаемныя жаданні. Дзякуючы яму хлопчыкі і дзяўчынкі бачаць свет па-іншаму, заўважаюць яго прыгажосць і гарманічна развіваюцца.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.