Веласіпедыст – таксама кіроўца

Вадзіцель транспартнага сродку, пешаход, веласіпедыст – усе з’яўляюцца ўдзельнікамі дарожнага руху і абавязаны выконваць правілы, бо аднолькава роўныя перад законам. Аднак некаторыя, у прыватнасці кіроўцы аўтамабіляў, лічаць, што перавага на дарозе належыць ім. Тады як жа быць з іншымі – пешаходамі і веласіпедыстамі?
Статыстыка гаворыць сама за сябе. Як бы імкліва не ішоў працэс аўтамабілізацыі жыхароў нашай вобласці, адной з самых масавых катэгорый удзельнікаў руху застаюцца веласіпедысты. Не кожны чалавек можа дазволіць сабе купіць машыну і пастаянна траціць грошы на паліва і дарагія запчасткі. Ну а веласіпед – зусім іншая справа: і просты, і зручны, і параўнальна не дарагі, даступны практычна ўсім, што ў сваю чаргу робіць гэты сродак перамяшчэння сапраўды агульнанародным. Колькасць веласіпедаў з кожным днём расце.
У апошні час праехацца на двухколавым сябры не грэбуе ні стары, ні малады. Але ўзнікае пытанне: ці ўсе, перш чым сесці за яго руль, маюць хаця б невялікае паняцце аб правілах руху? На жаль, колькасць дарожна-транспартных здарэнняў сведчыць пра адваротнае.
Што ж прыводзіць людзей на бальнічны ложак, у чым прычына вялікай колькасці трагедый на дарогах? У першую чаргу, гэта няведанне элементарных правілаў бяспечных паводзін на дарозе і адсутнасць узаемаветлівасці і ўзаемапавагі паміж удзельнікамі дарожнага руху.
Рухацца на веласіпедзе трэба па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці – па абочыне, тратуары ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкоды для бяспечнага руху пешаходаў. Пры адсутнасці дадзеных элементаў дарогі ці немагчымасці праезду па іх дапускаецца рух веласіпедыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін рад не далей за адзін метр ад яе правага краю.
Пры перамяшчэнні па дарозе ў цёмны час сутак і пры недастатковай бачнасці на веласіпедзе павінны быць уключаны: спераду – фара з белым святлом, ззаду – ліхтар з чырвоным.
Пры перасячэнні праезнай часткі дарогі па пешаходным пераходзе веласіпедыст павінен весці веласіпед побач з сабой і кіравацца патрабаваннямі, прадугледжанымі Правіламі для руху пешаходаў.
Веласіпедысту забараняецца: выкарыстоўваць тэхнічна няспраўныя веласіпеды, паварочваць налева або разварочвацца на дарозе, якая мае больш за адну паласу ў дадзеным накірунку, рухацца ва ўмовах снегападу і галалёдзіцы.
За парушэнне Правілаў дарожнага руху веласіпедыст будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры ад 1 да 3 базавых велічыняў. За парушэнне ПДР, здзейсненае ў стане ап’янення, штраф узрастае ад 3 да 5 базавых велічыняў.
Паважаныя веласіпедысты, перш чым парушаць Правілы дарожнага руху, добра падумайце, ці будзе апраўдана ваша рызыка, што вы выйграеце і што можаце страціць. Пры любых акалічнасцях імкніцеся аналізаваць сітуацыю і своечасова прымаць адзінае дакладнае рашэнне. І памятайце: правілы створаны ва ўсім свеце не для таго, каб іх парушаць, а для таго, каб бездакорна выконваць усе іх патрабаванні. Будзьце ўважлівыя і асцярожныя!
Раман КРУПКО, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.