Тарфяныя балоты дыктавалі змены ў жыцці

Тарфяныя балоты дыктавалі змены ў жыцці

Адрас пяты

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Фота аўтара.

Калі цяпер прамаўляецца слова “Гатча”, перш-наперш узнікае згадка-асацыяцыя з Гатча-Осаўскім радовішчам, і толькі пазней прыгадваецца дробнае паселішча ў Азяцкім сельсавеце. А між тым, населены пункт калісь атрымаў імя ад блізкага топкага балота, а праз час і сам “падараваў” назву багатым на прыродныя выкапні мясцінам, дзе пачалася здабыча торфу.
З тае пары мінула шмат гадоў. У наваколлі прыйшлі навукоўцы, за імі ўслед меліяратары, што асушылі балотную твань. Паблізу Гатчы адшукалі багатыя запасы торфу, былі знойдзены і перспектыўныя запасы “сонечнага каменя” – бурштыну.
Хуткія змены моцна закранулі навакольныя мясціны ды само паселішча, што некалі ўзнікла на купіне сярод глыбокай гразкай дрыгвы. Доўгі час балота і вызначала асаблівасці існавання ў гэтых мясцінах. Сорак пяць гадоў таму была Гатча сапраўднай вёскаю, у якой жылі 35 чалавек. Носьбітамі самых распаўсюджаных прозвішчаў былі Кузьмічы, Мартынчыкі, Яшчукі, Пратасюкі ды іншыя жыхары дзесяці гатчаўскіх хат. З нашымі днямі, калі застаўся тут усяго адзін дом, і не параўнаць.
Змены ж бываюць розныя. Пра тое разважаем са старшынёй Азяцкага сельвыканкама Ларысай Харс, якая цудоўна ведае, чым жыве кожны населены пункт на роднай зямлі.
Гатчы быў наканаваны такі лёс: вёска пачала мялець пад уплывам знешніх абставін, ліквідацыі забалочаных участкаў зямлі, будаўніцтва паблізу яе торфабрыкетнага завода. Гэтыя аб’ектыўныя прычыны змяншэння колькасці людзей дыктавала само жыццё. Як гаворыцца, палка з двума канцамі. З аднаго боку, асушэнне наваколляў прынесла ў палескі край доўгачаканыя змены, з іншага – зрабіла бесперспектыўнымі такія вёсачкі і хутары, як Гатча.
Здабыча торфу некалі была промыслам, на якім актыўна былі задзейнічаны тутэйшыя. Нават мясцовая дзятва школьнага ўзросту яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя не цуралася нялёгкай працы па здабычы торфу. Каб падзарабіць, многія ўладкоўваліся на летніх канікулах на яго пагрузку. Як згадваюць старажылы, працэс быў наступны: з забалочаных ямін працаўнікі ўручную выкопвалі торф, раскладвалі яго на зямлю, дзе й сушылі на сонейку, і толькі пасля можна было прыступаць да пагрузкі на аўтамашыны. Што сказаць, справа надзвычай нялёгкая. Амаль немеханізаваная. Патрабавалася ўзвесці новы завод.
Як запрацавала ва ўсю моц прадпрыемства ды ўзнік і стаў імкліва разрастацца на памежжы 1960-х і 1970-х гадоў пасёлак Ленінскі, многія жыхары з Гатчы вырашылі ісці на сустрэчу з цывілізацыяй. Такім чынам, драўляныя хаціны перавозіліся ў буйныя вёскі, а самі насельнікі ды іх нашчадкі перасяляліся ў Ленінскі.
Зараз Гатча пачынаецца ды заканчваецца першым (і апошнім) домам. У ім жывуць браты Папярэкі. Некалі, калі яшчэ існаваў калгас “Беларусь”, гаспадарка выкупіла ў колішняга ўласніка каменны дом (відаць, ён таму і застаўся на месцы некранутым, у адрозненне ад драўляных хацін, што на санках перавозілі ў больш перспектыўныя паселішчы, бо меў дабротны фундамент). Калі Папярэкі згадзіліся пасяліцца ў Гатчы, калгас выдзеліў ім гэтае жытло. З таго часу без малога мінула сорак гадоў, новыя ўласнікі прыжыліся, прыраслі каранямі да гэтай зямлі, працуюць у адкрытым акцыянерным таварыстве “Азяты АГРА”.
На здымку: указальнік з назвай Гатча сёння практычна абазначае ўсяго адну хату, у якой жывуць браты Папярэкі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*