Алеся ДАБРАВЕСТ.
Рэспубліканская выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка” – штогадовы і самы любімы праект у юных майстроў, які дае магчымасць прадэманстраваць ім свае творчыя работы. Сёлета яна 21-я па ліку. Каб работы прынялі ўдзел у заключным этапе выставы, ім патрэбна прайсці конкурсны адбор на трох папярэдніх. Яны здзіўляюць і захапляюць бязмежнасцю дзіцячай фантазіі, багаццем і смеласцю творчых ідэй.
Радуе, што работы выхаванцаў раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі – пастаянныя ўдзельнікі заключнага этапу выставы-конкурсу. Так, летась дыпломам ІІІ ступені была ўзнагароджана навучэнка аб’яднання “Ізадызайн” Марыя Постнікава (педагог Святлана Постнікава).
Сёлета ў студзені дыпломы ўдзельнікаў заключнага этапу “Каляднай зоркі” атрымалі дзевяць выхаванцаў раённага цэнтра творчасці, якія наведваюць аб’яднанні “Залатая саломка” (педагог Тамара Казлова), “Кераміка” (педагог Наталля Сцепанюк), “Фларыстыка” (педагог Святлана Постнікава) і “Чароўная саломка” (педагог Ірына Коваль).
З 17 снежня па 20 студзеня ў Брэсцкім абласным цэнтры моладзевай творчасці прайшла 47-я абласная выстава дзіцячай творчасці “Вясёлкавы калейдаскоп”. Работы навучэнцаў Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі вылучаліся на ёй разнастайнасцю матэрыялаў і тэхнікай выканання. Яны былі прадстаўлены ў намінацыях “Тэкстыль”, “Мастацкі роспіс”, “Кераміка”, “Лялька”, “Мастацкая саломка”, “Навагодні сувенір-падарунак”, “Сюжэтная кампазіцыя на тэму казкі”, “Жывапіс”. Вынікам
удзелу ў выставе сталі высокія ўзнагароды: дыпломам ІІ ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама адзначана работа Ягора Цыбульскага (педагог Святлана Постнікава); выхаванцы цэнтра атрымалі пяць дыпломаў І ступені, чатыры – ІІ-й і два дыпломы ІІІ ступені Брэсцкага абласнога цэнтра моладзевай творчасці.
Віншуем пераможцаў з высокімі творчымі вынікамі і жадаем новых дасягненняў!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%