У скарбонцы навукоўцаў – шэраг перамог

У апошнюю суботу студзеня наш райцэнтр сустракаў гасцей з усёй Брэстчыны. Навукова-практычная канферэнцыя “З навукай у будучыню” сабрала лепшых юных даследчыкаў з усёй вобласці – а гэта 184 вучні школ, ліцэяў і гімназій.
Спачатку канкурсантаў запрасілі ў ГДК. Тут, у фае, самым разумным і дапытлівым навучэнцам прапаноўвалася пазнаёміцца з выставай-творчасцю юных выхаванцаў РЦТДіМ. Затым у поўнай глядзельнай зале са сцэны будучых дзеячаў навукі віншавалі і жадалі поспехаў на канферэнцыі ганаровыя госці – першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Жук і намеснік старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Ала Ануфрыюк. Вядучыя аб’явілі таксама састаў журы – гэта 15 высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія маюць навуковую ступень, дацэнты, выкладчыкі ўніверсітэтаў. Юных навукоўцаў віталі выхаванцы вакальнай студыі “Вясёлкавы мікс” пад кіраўніцтвам Вікторыі Міцковіч.
Затым пасланцы ўсіх рэгіёнаў Брэстчыны накіраваліся ў першую гарадскую школу, дзе былі падзелены на 15 секцый, каб прадэманстраваць свае веды і вопыт па абраных прадметах.
Каманда жабінкаўцаў прымала ўдзел у 8 секцыях і ў кожнай мела поспех. Хто ж яны, самыя дапытлівыя падлеткі, якім выпала выдатна абараніць гонар Жабінкаўшчыны? Знаёмцеся:
Соф’я Санюк, вучыцца ў дзявятым класе другой гарадской школы. Яна мае высокія балы па ўсіх школьных прадметах, аднак найбольш дзяўчыне падабаецца геаграфія. Разам з настаўніцай Вольгай Дудар яна спрабавала раза-брацца, як жамавіны могуць стаць крыніцай атрымання энергіі. Яе доказы, прыведзеныя аргументы так уразілі журы, што ў секцыі “Геаграфія” ёй не аказалася роўных, і дзяўчыне быў уручаны заслужаны дыплом першай ступені!
Лізавета Папко, дзесяцікласніца гарадскога ліцэя, выдатна выступіла ў секцыі “Руская літаратура”, атрымала дыплом І ступені. Падрыхтавала літаратуразнаўцу Людміла Прановіч. Выпускніца ліцэя Ірына Мецялёва ў гэтай жа секцыі таксама выдатна пацвердзіла ўзровень сваіх ведаў і заняла другое месца (яе кіраўнік – Святлана Пятручык).
Яшчэ адна ліцэістка Вольга Цупа прадэманстравала глыбокае веданне гісторыі і атрымала дыплом ІІІ ступені ў секцыі “Гісторыя і сучаснасць”.
Адразу тры адзінаццацікласнікі ліцэя – Юрый Ігнацюк, Дзмітрый Якімук і Андрэй Грэтчанка (іх кіраўнік – Ганна Васілюк) паказалі высокае веданне матэматыкі і былі ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені.
Кацярына Казінская, дзевяцікласніцца другой гарадской адзінаццацігодкі, яшчэ не вызначылася, якую прафесію абраць пасля заканчэння школы. Аднак тое, што спецыяльнасць будзе звязана з англійскай мовай, ведае дакладна. Ужо зараз дзяўчына паказвае выдатнае валоданне замежнай мовай і вярнулася з канферэнцыі з дыпломам ІІІ ступені. Любоў да мовы краіны туманнага Альбіёну дзяўчынцы прывіла Наталля Казак.
А вось Таццяна Даманская, настаўніца хіміі трэцяй гарадской школы, падрыхтавала да канферэнцыі дзевяцікласніцу Ульяну Петрашэвіч. Дзяўчына ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені.
Мікіта Кучко з першай гарадской школы сярод усіх школьных прадметаў найбольш упадабаў працоўнае навучанне. У аднайменнай секцыі юнак удала выступіў і атрымаў дыплом ІІІ ступені.
Самая малодшая з прадстаўнікоў каманды Жабінкаўшчыны – Дар’я Масяйчук з першай гарадской. Яна заўжды ўважліва слухае сваю любімую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Людмілу Шэйка. Дзяўчынка паспрабавала свае сілы ў канферэнцыі і адзначана пахвальным лістом.
Малайцы, жабінкаўцы, не падвялі! Няхай поспех спрыяе ім на наступных канферэнцыях рэспубліканскага ўзроўню і ўвогуле па жыцці.
Вольга КАРПУК.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.