Грошы фальшывыя, пакаранне сапраўднае

Упраўленне ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама надае вялікую ўвагу барацьбе з фальшываманецтвам у сувязі з актуальнасцю дадзенай праблемы для нашага рэгіёна.
Сёлета на Брэстчыне зарэгістравана 118 фактаў збыту падробленых грашовых знакаў. Практычна ўсе несапраўдныя банкноты выяўляліся пры абмене валюты ў абменных пунктах банкаўскіх устаноў так званымі “добрасумленнымі збытчыкамі” і былі ўвезены, як правіла, з краін блізкага замежжа (Украіны, Расіі). З мэтай атрымання ўяўнага прыбытку асобныя грамадзяне купляюць з рук валюту, якая можа аказацца фальшывай, і ў выніку рызыкуюць страціць усю суму, бо фальшывыя грашовыя сродкі канфіскоўваюцца з абароту.
Пры ажыццяўленні аперацый з наяўнымі грашыма праяўляйце пільнасць, бо асноўная маса фальшывых банкнот збываецца на рынках, у крамах, а таксама пры здзяйсненні незаконных здзелак з замежнай валютай.
Выязджаючы за межы Беларусі ў камандзіроўкі, па сямейных абставінах, з мэтай працаўладкавання або адпачынку, не звяртайцеся да паслуг асоб, якія прапануюць купіць валюту па курсе на парадак ніжэй, чым у банкаўскіх установах. Абменьвайце грошы толькі ў банках.
Разлік фальшывымі купюрамі прыводзіць да крымінальнай адказнасці па арт. 221 КК Рэспублікі Беларусь “Выраб, захоўванне або збыт падробленых грошай ці каштоўных папер”. За дадзеныя дзеянні Крымінальным кодэксам прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін да пятнаццаці гадоў.
Калі ў вас узнікла сумненне ў сапраўднасці грашовых купюр або вы маеце ў сябе падробленыя банкноты, неабходна звярнуцца ў бліжэйшы орган унутраных спраў. Пры выяўленні асоб, якія займаюцца вырабам і збытам фальшывых банкнот, неадкладна тэлефануйце на нумар 102.
Аляксандр ЛІСЮК, старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.