“Ганаруся тым, што тут працую”

Алёна НІКАНЧУК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
На працягу 27 гадоў Надзея Багрова (у дзявоцтве Арапчук) застаецца верная свайму роднаму сельгаспрадпрыемству – ААТ “Рагазнянскі”.
Тут усё сваё жыццё працавалі бацькі Надзеі: тата Анатоль Мікітавіч – слесарам, мама Алена Фёдараўна – даяркай. З чацвёртага класа Надзейка бегала на ферму дапамагаць матулі: карміла рагуль, даіла. Як сама ўспамінае, хадзіла за ёю следам – настолькі ўсё было цікава.
1990 год стаў знакавым у жыцці дзяўчыны. Яна скончыла Ленінскую адзінаццацігодку, уладкавалася на працу ў “Рагазнянскі” ў кандытарскі цэх, які быў на той час у гаспадарцы, і выйшла замуж за Віктара Багрова. Напачатку маладая сям’я жыла разам з Надзеінымі бацькамі ў Філіпавічах. Праз год у Багровых нарадзіўся першынец – сынок Дзімка, яшчэ праз паўтара – другі сынок, якога назвалі Аляксандрам. Як Сашку споўніліся два гадкі, Надзея выйшла на працу – цялятніцай на ферму ў Філіпавічах. Калі яе зачынілі, перайшла на ацячызненскую.
Праз некаторы час Багровы атрымалі домік у Буснях, і з тае пары Надзея Анатольеўна пачала працаваць даяркай на малочнатаварнай ферме “Бусні-2”. На працягу 11 гадоў яна рупілася на гэтым месцы.
У 2004-м у дом Багровых бусел прынёс радасную вестку аб нараджэнні дачушкі Ганначкі. Зараз дзяўчынка – сямікласніца.
Далейшае працоўнае жыццё Надзеі Багровай звязана з МТФ “Бусні-1”, дзе была загадчыкам. З кастрычніка 2010-га яна займае такую ж пасаду, толькі ўжо на малочнатаварнай ферме “Бусні-1000”.
У Надзеі Анатольеўны шмат абавязкаў. Так, пад яе пільнай увагай кармленне рагуль. Менавіта яна складае для іх рацыён харчавання, што з’яўляецца справай адказнай. З дня ацёлу каровы падзяляюцца на групы, пры гэтым улічваецца іх фізіялагічны стан, у кожнай, як мінімум, 200 галоў. Колькасць груп залежыць ад перыядычнасці ацёлу, як правіла, іх дзве, бывае і тры. У кожнай – свой рацыён харчавання, а як вядома, як накорміш, так і надоіш. Ад адной рагулі ў суткі на ферме атрымліваюць 24,8 кілаграма малака. За леташні год надаілі 8455 кілаграмаў. Усё малако мае гатунак “экстра”, яго адпраўляюць на “Савушкавы прадукт”. Да абеду вываз малака ажыццяўляецца транспартам сельгаспрадпрыемства: у Брэст вадзіцелі “Рагазнянскага” робяць чатыры рэйсы. Пасля абеду сваю цыстэрну прысылае “Савушкавы прадукт”. Кожны дзень гаспадарка прадае брэсцкаму таварыству больш за 30 тон малака гатункам “экстра”.
Надзея Анатольеўна вядзе ўлік пагалоўя, кармоў. У яе падначаленні – 23 чалавекі, якія абслугоўваюць ферму. Тут працуюць даяркі, жывёлаводы, цялятніца, лабаранты, ветэрынарныя ўрачы, слесары, вартаўнікі – калектыў не малы. Бывае, што хтосьці захварэў, і патрэбна ажыццявіць замену. У працэсе работы ўсё ўзгадняецца з галоўным заатэхнікам Святланай Прудзялюк.
Разам з Надзеяй Багровай у “Рагазнянскім” працуе вадзіцелем яе муж Віктар Аляксеевіч, а лабарантам – родная сястра Таццяна Швек.
Летась Надзея Анатольеўна атрымала дыплом аб вышэйшай адукацыі: скончыла Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны па спецыяльнасці “Зоаінжынер”. Яе добрасумленная праца неаднаразова адзначалася граматамі раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Летась імя Надзеі Багровай было занесена на раённую Дошку гонару.
У вольны час мая гераіня любіць гатаваць і частаваць родных усялякай смакатой. У яе атрымліваюцца неверагодныя пірагі і рулеты, чабурэкі, пончыкі і піражкі з рознымі начынкамі. За святочным сталом, калі збіраецца ўся сям’я: сыны з нявесткамі, унукі – у Багровых абавязкова гучаць песні. На-дзея Анатольеўна мае прыгожы голас і заўсёды спявае. Перавагу аддае народным песням, а таксама з рэпертуару Надзеі Кадышавай, Марыны Дзявятавай і Алены Васілёк.
Падчас размовы з Надзеяй Багровай адчуваеш, што гэта чалавек, які па-сапраўднаму любіць сваю справу, перажывае за яе. Бачна, што багаты працоўны вопыт жанчыны дапамагае ёй умела кіраваць вытворчым працэсам і дасягаць пастаўленых мэтаў.
– Калектыў “Рагазнянскага” – гэта адзіная зладжаная каманда на чале з дырэктарам таварыства Аляксандрам Семенюком, – гаворыць Надзея Анатольеўна. – Дзякуючы сумесным намаганням мы маем добрыя вынікі. Пацвярджэнне таму – неаднаразовае лідарства гаспадаркі па многіх паказчыках. Летась, напрыклад, “Рагазнянскі” заняў першае месца ў раёне і трэцяе ў вобласці па вытворчасці малака. Ганаруся тым, што тут працую!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.