“Белае золата” – менавіта так часам называюць прадукцыю малочнатаварных ферм. Каб малочныя рэкі не мялелі, нямала даводзіцца папрацаваць над аднаўленнем статка, кармавой базай, тэхналагічным узбраеннем дый кадравым забеспячэннем.
Так, па выніках работы за мінулы год 507 сельгаспрадпрыемстваў рэспублікі атрымалі надой на адну фуражную карову звыш 5000 кілаграмаў малака (у той жа час 742 так і не ўзялі гэтую малочную “планку”, пры гэтым 15 гаспадарак, што завяршаюць рэспубліканскую зводку, не змаглі атрымаць нават дзвюх тон малака ад каровы).
А як жа выглядае Жабінкаўшчына на фоне поспехаў краіны? Варта адзначыць, што сем сельгаспрадпрыемстваў трапілі ў лік “пяцітысячнікаў”. Прычым ААТ “Рагазнянскі” ўваходзіць у дваццатку малочных лідараў нашай краіны. За мінулы год з МТФ “Бусні-1”, “Бусні-1000” было атрымана 12040 тон малака (што складае 115,3 % да ўзроўню 2016 года), і ад кожнай рагулі надаілі 8564 кілаграмы малака. Заўважце, сярэдні ўдой за год павялічыўся на 1116 кілаграмаў (!). Гэта неверагодна нават на рэспубліканскім узроўні. Таксама ў лідарах ААТ “Вазнясенскі”. За мінулы год сярэдні ўдой ад каровы ўзрос на паўтоны і склаў 8101 кілаграм, вытворчасць малака павялічылася на 108,2 %. ААТ “Хмелева” з надоем ад каровы 6466 кілаграмаў займае 186-ы радок рэспубліканскай зводкі. Усяго на два радкі табліцы і на 23 кілаграмы ў надоях яму саступае ААТ “Ракітніца”. Дзякуючы намаганням маладога кіраўніка гаспадаркі, відавочныя зрухі ў лепшы бок у жывёлагадоўлі бачныя: за год сярэдні надой ад каровы вырас на 1334 кілаграмы. ААТ “Жабінкаўскі” і “Арэпічы” ў шэрагу “шасцітысячнікаў”. ААТ “Азяты АГРА” займае 378 месца ў рэспубліцы з надоямі ад каровы 5439 кілаграмаў. “Плюс” хоць і не вялікі – 48 кілаграмаў, але назіраецца. Значыць, ёсць надзея, што “белае золата” – гэта той скарб, які дапаможа жывёлаводам штодзённа мець грошы ў касе сельгасарганізацый.
Святлана БЯЛЯК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%