У Мінску, у будынку Нацыянальнай бібліятэкі, прайшоў ІІІ з’езд РГА “Белая Русь”. Грамадскае аб’яднанне падвяло вынікі працы за апошнія пяць гадоў і абазначыла планы на будучыню.
Як і ў папярэднія разы, мерапрыемства прайшло на высокім узроўні. Дэлегатам і ўдзельнікам з’езда накіраваў прывітанне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. “Створаная па народнай ініцыятыве “Белая Русь” стала па-сапраўднаму масавым рухам, адным са стаўпоў грамадзянскай супольнасці, ядром здаровых і канструктыўных сіл нашай краіны. Ваша цеснае ўзаемадзеянне з органамі ўлады і праца з рознымі слаямі насельніцтва дапамагаюць забяспечваць паспяховае правядзенне сацыяльна-эканамічнай палітыкі дзяржавы”, – адзначыў Кіраўнік краіны.
З’езд адкрыў старшыня грамадскага аб’яднання Аляксандр Радзькоў. У сваім дакладзе ён адзначыў: “Сёння “Белая Русь” валодае кадравым, тэхнічным і тэхналагічным патэнцыялам, які дазваляе сістэмна ўдзельнічаць у рабоце беларускай грамадзянскай супольнасці”.
У шэрагах “Белай Русі” сёння больш за 170 тысяч удзельнікаў, аб’яднаных у 8 тысяч пярвічных арганізацый.
Да дэлегатаў і ўдзельнікаў з’езда звярнулася Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава: “Праца кожнага з вас дарагога каштуе. Хацела б перадаць словы ўдзячнасці ўсім пярвічным арганізацыям. На вас ускладзена велізарная адказнасць – даносіць да кожнага чалавека ў нашай краіне пасылы, якія генерыруе Прэзідэнт”. Кіраўнік Адміністрацыі заклікала РГА “Белая Русь” надаваць яшчэ больш увагі рабоце з людзьмі на месцах. “Мы павінны быць больш актыўнымі, шанаваць тое, што ёсць, актыўна супрацоўнічаць з іншымі фарміраваннямі, грамадскімі і дзяржаўнымі структурамі, актыўна даносіць пазіцыю да нашых жыхароў, да кожнага грамадзяніна”, – адзначыла Наталля Качанава.
Як прадстаўнік Брэсцкай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” на з’ездзе з дакладам выступіў генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Віктар Міронаў. Сярод прыярытэтных накірункаў дзейнасці грамадскага аб’яднання ён адзначыў маніторынг выканання даручэнняў Прэзідэнта, работу з маладымі кадрамі, дыялог з бізнесам, пракладванне “моста” паміж народам і ўладай.
З’езд прызнаў работу “Белай Русі” у 2012-2017 гадах здавальняючай. У наступныя пяць гадоў дзейнасць аб’яднання будзе скіравана на забеспячэнне грамадскай падтрымкі палітыкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, аб’яднанне грамадства для вырашэння задач па развіцці нашай краіны і вывучэнне меркавання грамадзян па важнейшых грамадскіх пытаннях. Больш увагі РГА “Белая Русь” будзе надаваць супрацоўніцтву з БРСМ і БРПА.
Па выніках ІІІ з’езда быў сфарміраваны новы склад Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання. У яго ўвайшоў і Віктар Міронаў. Савет абраў новым старшынёй аб’яднання кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзьку. Таксама сфарміравана цэнтральная кантрольна-рэвізійная камісія РГА “Белая Русь”. Зацверджаны новыя рэдакцыі статута і праграмы грамадскага аб’яднання.
Аляксандр АПЕКУНОЎ, старшыня Жабінкаўскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%