Падведзены вынікі штогадовага раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў 2017 годзе і вызначаны пераможцы. Расказвае начальнік упраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Любоў Селівонік:
– Галоўная задача любога наймальніка – прадаставіць працаўніку не толькі пэўны аб’ём работы, але і стварыць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы, папярэдзіць вытворчы траўматызм. На гэта накіравана Дзяржаўная праграма аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады.
Згодна з ёй, на Жабінкаўшчыне каторы год ладзіцца раённы агляд-конкурс на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. Па выніках за мінулы год у ёй удзельнічалі 19 прэтэндэнтаў на перамогу. Па колькасці набраных балаў вызначыліся лепшыя: сярод прадпрыемстваў вытворчай сферы – ПМК-19 УП “Брэстводбуд”, сельгасарганізацый – ААТ “Вазнясенскі” і невытворчай сферы – УАЗ “Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца”.
Пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі ў памеры 30 базавых велічынь.
Што канкрэтна было зроблена? Так, у ПМК-19 у мінулым годзе былі праведзены ўсе запланаваныя мерапрыемствы, якія палепшылі ўмовы і ахову працы, папярэдзілі няшчасныя выпадкі і захворванні. У арганізацыі праводзіцца мэтанакіраваная работа па выкананні Дырэктывы № 1, узмоцнены кантроль працоўнай і вытворчай дысцыпліны (летась быў зволены п’яны работнік і той, што дапусціў прагул). Таксама было праведзена 12 дзён аховы працы і бяспекі дарожнага руху, на прадпрыемстве арганізаваны папярэднія і перыядычныя медагляды. У рамонтна-механічнай майстэрні ёсць усе неабходныя санітарна-бытавыя памяшканні (гардэробныя, пакоі прыёму ежы, душавыя), на вытворчых участках абсталяваны вагоны-бытоўкі. Усе рабочыя месцы забяспечаны медыцынскімі аптэчкамі.
У ААТ “Вазнясенскі”, як і ў ПМК-19, выкананы ўсе мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне ўмоў і аховы працы, папярэджанне няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Летась праведзена 12 дзён аховы працы, створана адпаведная камісія. Дзейнічае кабінет, аснашчаны нагляднымі дапаможнікамі, плакатамі, нарматыўнымі прававымі актамі па ахове працы, навукова-метадычнай літаратурай, камп’ютарамі. Вытворчыя памяшканні ў гаспадарцы і працоўныя месцы аснашчаны сродкамі калектыўнай аховы, адпавядаюць санітарным нормам, правілам, гігіенічным нарматывам. На належным узроўні арганізавана работа ў гэтым накірунку і ў райбальніцы.
Таксама хочацца адзначыць належную падрыхтоўку да агляду-конкурсу Жабінкаўскага камбікормавага завода, дыстанцыі пуці, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, санаторыя “Буг”, аддзелаў: адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, ААТ “Рагазнянскі” і “Мацеевічы”.
Запісала Святлана БЯЛЯК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%