Святлана БЯЛЯК.
Знаёмцеся: Аляксандра Скарына. Дзяўчынка вучыцца ў 6 класе трэцяй гарадской школы. Як і многія яе аднакласнікі любіць урокі рускай мовы і літаратуры, захапляецца Пушкіным. Саша добра вучыцца, вельмі прыветлівая, шчырая, мае шмат сяброў, упэўненая ў сабе і з’яўляецца душой любой кампаніі. А ў гэтым ёй, як лічыць сама Аляксандра, дапамагае… музыка.
У тры гады бацькі завялі яе ў “Каруначкі”. Ёй вельмі спадабалася танцаваць, нават зараз, праз восем гадоў, не ўяўляе свайго жыцця без кадрылі і “Лявоніхі”.
Калі вучылася ў другім класе, тата Васіль завёў яе ў музычную школу на праслухоўванне. Сашаньку ў клас баяна ўзяла Святлана Зотава. У музычнай дзяўчынкі ўсё выдатна атрымлівалася, і ўжо ў другой чвэрці яе з падрыхтоўчага адразу перавялі ў першы клас дзіцячай школы мастацтваў. Менавіта тады высветлілася, што ў дзяўчынкі прыгожы тэмбр голасу. Каб дадаткова развіваць дачушку, бацькі вазілі яе ў Брэст на заняткі да вядомых вакалістаў – Людмілы Лагуцёнак і Наталлі Мурзінай. Мама лічыць, што гэта дало свой плён – Саша за чатыры гады стала дыпламанткай шматлікіх конкурсаў спевакоў – ад раённага да міжнароднага ўзроўню. Сярод іх, напрыклад, конкурсы “Мы спяваем”, маладых выканаўцаў “Беларускія таленты”, міжнародны фестываль мастацтваў “Мы разам”, фестываль-конкурс патрыятычнай песні “Моладзь і час: подзвіг у імя будучага”, рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва “Ільвяня”, “Ладачкі”, “Галасы юнацтва” і інш.
А любімая песня Аляксандры “Ноч. Зоркі. Джаз” прынесла ёй днямі чарговую перамогу на IV адкрытым конкурсе мастацтваў “Беларускія таленты” ў намінацыі “Эстрадны вакал. Сола. 11 гадоў”.Дзяўчынка стала дыпламантам І ступені (на здымку).
…“Спяваць усюды і заўжды” – вось жыццёвы дэвіз шасцікласніцы Аляксандры Скарыны. Дзеля гэтага дзяўчынцы давялося поўнасцю адмовіцца ад марозіва, арэхаў і газіроўкі. І каб усё атрымлівалася, працалюбівай і настойлівай Сашы даводзіцца нямала над сабой працаваць і паўсюль паспяваць. Увесь тыдзень распісаны па хвілінах: тройчы на тыдзень танцуе ў “Каруначках”, чатыры дні грае на баяне ў школе мастацтваў, два – спявае ў вакальнай студыі “7 нот” і ў Брэсцкім гарадскім духавым аркестры. Яе працоўны дзень пачынаецца ў 7.20 раніцы, калі з рукзаком выходзіць на аўтобус, што давязе да школы, і вяртаецца пасля ўсіх гурткоў, танцаў, рэпетыцый, выступленняў пасля 20.00… А яшчэ ўрокі зрабіць трэба, дапамагчы маме і пабавіцца з малодшым брацікам Жэнькам. Аляксандра паспявае ўсё, бо ёй дапамагае музыка.
Дзяўчынка марыць стаць прафесійнай спявачкай. “Хочацца трапіць у праект “Голас. Дзеці”, спець дуэтам з Ані Лорак і паспрабаваць сябе ў ролі фотамадэлі”, –
прызнаецца юная вакалістка. Няхай яе смелыя мары ажыццяўляюцца!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%