Эканамічны дабрабыт раёна: учора, сёння, заўтра

 

Адбылося сумеснае пасяджэнне Жабінкаўскага райвыканкама і ХХVIII сесіі раённага Савета дэпутатаў 27 склікання. На іх, акрамя дэпутатаў, запрашаліся намеснікі старшыні, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, сельскагаспадарчых таварыстваў, сельсаветаў. Таксама прынялі ўдзел і выступілі старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Белавежскай выбарчай акругі № 8 Жанна Стаціўка.

Напачатку былі разгледжаны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Жабінкаўскага раёна ў 2017 годзе і задачы па выкананні прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2018 год. З дакладам выступіў старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. У абмеркаванні даклада ўдзельнічалі дырэктар ААТ “Рагазнянскі” Аляксандр Семянюк, начальнік Жабінкаўскага вузла электрасувязі Мікалай Гацкевіч, дырэктар ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” Міхаіл Кляўзо, начальнік Жабінкаўскага раёна электрасетак Дзяніс Шышчыц, а таксама Галіна Акуліч, дэпутат па Жабінкаўскай выбарчай акрузе № 16.
Затым быў разгледжаны блок пытанняў, што датычацца развіцця фінансавай дзейнасці ў раёне. Пра выкананне раённага бюджэту ў 2017 годзе, унясенне змяненняў у рашэнне Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 14 студзеня 2016 г. № 62, ад 23 лістапада 2010 г. № 23, ад 23 снежня 2016 г. № 89 гаварыла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Святлана Плавух.
Аб унясенні змяненняў у рашэнні райсавета дэпутатаў ад 23 снежня 2016 г. № 107, № 93 і № 103 дакладвала начальнік упраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Любоў Селівонік.
Начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Аляксандр Казак у сваю чаргу паведаміў, як зменяцца межы вёскі Нагараны, а таксама аб вызначэнні межаў могілак у вёсцы Рачкі.
Аб планах работы Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў 27 склікання на І квартал 2018 года расказаў старшыня райсавета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк.
З даклада старшыні райвыканкама Дзмітрыя Гарадзецкага.

Прамысловасць

Удзельная вага ў аб’ёмах прамысловай вытворчасці па выніках 2017 года на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” чакаецца на ўзроўні 74 %. Плануецца выпусціць 129 тыс. тон цукру з буракоў. Нягледзячы на больш нізкі ў гэтым сезоне выхад цукру за кошт зніжэння яго ўтрымання ў каранях, гэта стала магчымым у сувязі з ростам сярэднесутачнай вытворчасці на 580 тон (і склала 8750 тон у суткі).

Доля ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” у структуры прамысловай вытворчасці раёна склала 23 % і павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам на 6 працэнтных пунктаў. Летась было выраблена 117 тыс. тон камбікармоў (+12 тысяч тон), вырашчана 42 тысячы тон свініны (+27 %).
Такая станоўчая дынаміка стала магчымай у многім дзякуючы падпісанню Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
№ 73 “Аб пытаннях зернеперапрацоўчых прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці”, які дазволіў рэструктурызаваць фінансавыя абавязкі, што прывяло да павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемства.
Станоўчая дынаміка развіцця ў мінулым годзе, нягледзячы на складаныя кліматычныя ўмовы, адзначана на ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”. Па выніках года тэмп росту вытворчасці паліўных брыкетаў склаў 103,1 %, што забяспечыць атрыманне чыстага прыбытку 6 тыс. рублёў (улічваючы суму чыстых страт 1,5 млн. рублёў у 2016 годзе). Разам з тым прадпрыемства не пачало выпуск тарфянай сушонкі.

Сельская гаспадарка

Сельскагаспадарчая вытворчасць раёна захавала дасягнутыя ў папярэднім годзе тэндэнцыі развіцця. Павялічылася вытворчасць малака і мяса, прадукцыйнасць сельскагаспадарчых жывёл.
Каля 70% выручкі ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі атрымліваецца ў жывёлагадоўлі. Таму гэта галіна цяпер і ў перспектыве з’яўляецца асновай эканамічнага дабрабыту сельскагаспадарчых арганізацый.
Укладзеныя сродкі ў будаўніцтва, мадэрнізацыю, забеспячэнне абсталяваннем малочнатаварных фермаў акупаюцца прыбаўкай малака і мяса. Гэта дазволіла атрымаць звыш 61 тыс. тон малака, што на 5,7 тыс. тон больш, чым у 2016 годзе.
Пры гэтым рост вытворчасці дасягнуты не толькі за кошт павелічэння пагалоўя дойнага статка (+135 галоў), але і за кошт прадукцыйнасці. Толькі за 11 месяцаў мінулага года прадукцыйнасць кароў павялічылася на 643 кг і склала 6056 кг. Гэта другое месца ў вобласці і сёмае ў рэспубліцы.
Па выніках года атрыманы надой ад каровы звыш 8,5 тыс. кг у ААТ “Рагазнянскі”, звыш 8 тыс. кг – у ААТ “Вазнясенскі”, ад 7 да 8 тыс. кг – у ААТ “Хмелева”, ААТ “Ракітніца”, ААТ “Жабінкаўскі”.
Для грамадскага пагалоўя ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна нарыхтавана 60 тысяч тон кармавых адзінак, ці 27,4 цэнтнера на адну ўмоўную галаву, што пры рацыянальным выкарыстанні дазволіць забяспечыць статак кармамі да новага ўраджаю.
У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ў вазе пасля дапрацоўкі намалочана 46,6 тыс. тон збожжавых і зернебабовых культур (без уліку кукурузы на збожжа), што на 5 % больш за папярэдні ўзровень, масланасення рапсу – 3 тыс. тон (рост у 2,8 раза), бульбы – 5,3 тыс. тон, на 67 % больш, чым у 2016 годзе.
Мінулы год аказаўся ўдалы для вырошчвання цукровых буракоў. Валавы збор упершыню склаў амаль 80 тыс. тон (+7 % да леташняга ў чыстай вазе).  Гэта дазволіла раёну заняць у абласным спаборніцтве 2-е месца.
А ў спаборніцтве сярод сельскагаспадарчых арганізацый вобласці ААТ “Вазнясенскі” заняў першае месца і ААТ “Рагазнянскі” – трэцяе месца.
Сёлета перад раёнам пастаўлена задача забяспечыць тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі 102,9 %.
Неабходна завяршыць рэканструкцыі МТФ “Стаўпы” ААТ “Вазнясенскі” і МТФ “Падлессе” ААТ “Хмелева”.
Уласныя сродкі гаспадарак будуць накіраваны на будаўніцтва прафілакторыяў для цялят (ААТ “Арэпічы”, ААТ “Азяты Агра”, ААТ “Мацеевічы”, ААТ “Рагазнянскі”, ААТ “Жабінкаўскі”).

Будаўніцтва

Наяўнасць буйных будоўляў, такіх як рэканструкцыя цукровага завода, будаўніцтва завода па вытворчасці прэміксаў, суперканцэнтратаў і прэстарцерных кармоў ЗАТ “Консул”, будаўніцтва басейна ў санаторыі “Надзея”, дазволіла раёну па выніках года выканаць дадзены паказчык па тэмпе росту будаўніча-мантажных работ на ўзроўні 130 %.
За 11 месяцаў 2017 года ў раёне было ўведзена 13,5 тыс. квадратных метраў жылля, ці 135 % да задання, а па выніках года чакаецца ўвод парадка 15 тыс. квадратных метраў.
Горад упрыгожылі два шматкватэрныя жылыя дамы на 40 і 60 кватэр. У іх пабудавана 16 арэндных кватэр.
З выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі палепшылі свае жыллёвыя ўмовы 25 шматдзетных сем’яў і 1 сям’я, якая выхоўвае дзіця-інваліда.
У 2017 годзе Жабінка працягвала развівацца як горад-спадарожнік Брэста. Завершана водазабеспячэнне і будаўніцтва дарог у квартале індывідуальнай забудовы “Здзітава-Усходні”, першая чарга водазабеспячэння ў Шчэгліках. Таксама адрамантаваны дах і зроблена цеплавая мадэрнізацыя гульнёвай залы і адзінаборстваў ФАУ “СК “Бадзёрасць”. На 85 % выкананы работы па рэканструкцыі пуцеправода па вул. Кірава. ДРБУ выканала рамонт гравійнага пакрыцця аўтадарогі Бусні – Ленінскі і Булькова – Задзерць, выканана апрацоўка пад’езду да санаторыя “Буг”, рамонт 13 аўтобусных прыпынкаў і пракладзена 800 метраў веласіпеднай дарожкі на аўтадарозе Ківацічы – Мацясы – Агароднікі – Жабінка. Да раённых “Дажынак” выкананы рамонт вуліц у аграгарадку Ленінскі на суму 150 тыс. рублёў.
Задачы на бягучы год, якія стаяць перад будаўнічай галіной нашага раёна: выканаць даведзенае заданне па тэмпе росту аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ на ўзроўні 86 % да мінулага года; забяспечыць будаўніцтва трох шматкватэрных жылых дамоў; заасфальтаваць дарогу Жабінка – Рачкі – Тэльмы; забяспечыць аб’ём падрадных работ не ніжэй за 101,5 % да ўзроўню мінулага года. Усе перадумовы ў нашых арганізацый для гэтага ёсць.
Плануецца таксама пачаць рэканструкцыю гарадскога водазабору, галоўнай каналізацыйнай помпавай станцыі ў г. Жабінка, працягнуць будаўніцтва сетак у далучанай вёсцы Шчэглікі і падрыхтаваць праектную дакументацыю на будаўніцтва дарог у размешчаных у ёй кварталах індывідуальнай жылой забудовы.

Жыллёва-камунальная гаспадарка

Летась пабудаваны сеткі водазабеспячэння ў квартале “Камсамольскі”, пракладваюцца сеткі каналізацыі ў кварталах “Паўднёвы” і “Усходні”. На дадзеныя мэты з бюджэту вылучана каля 408 тыс. рублёў.
Мінулы год адзначаны прыцягненнем сродкаў замежных грантаў. Першы вопыт нашага раёна стаў паспяховым. Праект па будаўніцтве ачышчальных збудаванняў г. Жабінка быў адабраны да рэалізацыі ў рамках праграмы трансмежнага супрацоўніцтва Польшча – Беларусь – Украіна 2014 – 2020 з прадастаўленнем гранта ў суме 2 млн. еўра.
Пры гэтым застаўся шэраг нявырашаных праблем. Гэта ўцечкі і няўлічаныя выдаткі вады, якія перавышаюць нарматыў, перавышэнне ўдзельных нормаў выдатку электраэнергіі па водазабеспячэнні і водаадвядзенні, перавышэнне планава-разліковага кошту па вывазе ТКА. Перад ЖКГ стаяць сур’ёзныя задачы на 2018 год:
– арганізаваць будаўніцтва ачышчальных збудаванняў з прыцягненнем сродкаў гранта ЕС;
– выканаць капітальны рамонт не меней 3 % эксплуатаванай плошчы жыллёвага фонду ў год;
– зменшыць страты і няўлічаныя выдаткі вады да нарматыўных 12 %;
– падрыхтаваць праектную дакументацыю на будаўніцтва кацельні на фрэзерным торфе ў мікрараёне цукровага завода;
– мадэрнізаваць кацельні ў вёсках Арэпічы, Падлессе і Сцяпанкі для зніжэння сабекошту цеплавой энергіі;
– стварыць адзіную дыспетчарскую службу па Жабінкаўскім раёне.

Ахова здароўя

З 1 студзеня 2017 года ўсе 5 сельскіх амбулаторый  працуюць па прынцыпе ўрача агульнай практыкі.
Значна палепшыліся ўмовы знахо-джання пацыентаў і працы медперсанала ў стацыянарных і амбулаторных падраздзяленнях. Былі праведзены бягучыя рамонты: аперацыйнага блока хірургічнага, дзіцячага, тэрапеўтычнага аддзяленняў, складскіх памяшканняў харчаблока, Ленінскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, фасада Хмелеўскай амбулаторыі, Пшанайскага ФАПа.
Закуплена новае абсталяванне на агульную суму 45 тыс. руб., у тым ліку для рэанімацыйнага аддзялення.
У нашым раёне не дапушчана выпадкаў дзіцячай смяротнасці, што назіраецца толькі ў 3-4 раёнах вобласці.
Летась на 8 % больш аказана платных медыцынскіх паслуг насельніцтву.
У першым квартале бягучага года ў тэрапеўтычным аддзяленні будзе адкрыта платная палата павышанай камфортнасці, а таксама набыты новыя дарагія датчыкі для УГД-апарата, што дазволіць палепшыць якасць абследавання.
Будзе працягвацца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы аховы здароўя раёна, каб максімальна ахапіць насельніцтва дыспансерызацыяй. Запланаваны капітальны рамонт інфекцыйнага корпуса з адкрыццём міжраённага аддзялення для лячэння пацыентаў з псіхасаматычнай паталогіяй, для чаго ўжо рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя.

Адукацыя

З 1 верасня 2017 года ў сувязі з невысокай колькасцю выхаванцаў зачынены Вежкаўскі яслі-сад.
Праводзілася мэтанакіраваная работа па стварэнні камфортных, сучасных умоў для навучання і выхавання дашкольнікаў і навучэнцаў. На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года выдаткавана больш за 500 тыс. рублёў. На 22 % больш, чым у 2016 годзе, аказана платных адукацыйных паслуг (32 тыс. рублёў).
Да пачатку навучальнага года завершана праграма па забеспячэнні ўстаноў адукацыі канторкамі.
Папоўніўся аўтапарк школьных аўтобусаў. За кошт сродкаў абласнога бюджэту ў снежні мінулага года набыты аўтобус у Якаўчыцкую сярэднюю школу і два – за кошт раённага бюджэту.
Вялікая ўвага надавалася пытанням арганізацыі якаснага харчавання ва ўстановах адукацыі, кантролю за яго арганізацыяй. Так, летась праведзены рамонт харчаблока сярэдняй школы № 3, на 2018 запланавана ажыццявіць яго ў першай і другой гарадской школах.
Набыты 4 камп’ютарныя класы для Якаўчыцкай, Маціевіцкай, Ленінскай школ і сярэдняй школы № 3 Жабінкі на суму больш за 30 тыс. рублёў.
Штогод планамерна абнаўляюцца мэбляй і абсталяваннем кабінеты фізікі і хіміі. Так, у сярэднюю школу № 3 за кошт рэспубліканскага бюджэту набыты кабінет хіміі.
Працягваецца ўкараненне праекта “Электронная школа”: “Электронны дзённік”/“Электронны журнал” для аналізу паспяховасці і наведвальнасці. Сёння ў гэтым накірунку працуюць ва ўсіх гарадскіх школах і ў ліцэі.
З мэтай забеспячэння даступнасці дашкольнай адукацыі і для задавальнення запытаў бацькоў адкрыты 4 групы кароткачасовага знаходжання, дзве з іх – тэматычнай накіраванасці. З лютага будзе адкрыта яшчэ адна “Матчына школа” ў яслях-садзе № 3.
У 2018 годзе плануецца правесці рамонт дзіцячых садоў № 1 і № 5, спартыўнай залы першай гарадской школы, правесці замену камп’ютарнага класа другой гарадской школы,  прадоўжыць абсталяванне навучальных кабінетаў хіміі, фізікі, біялогіі, працоўнага навучання, набыць транспартныя сродкі для падвозу школьнікаў.

Культура

Найбольш значнымі культурнымі падзеямі раёна летась сталі святкаванне 200-годдзя Жабінкі, раённае свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі” ў аграгарадку Ленінскі,  раённае свята “Хмелеўская Cёмуха”, ноч музеяў “Надвячоркам у Малых Сяхновiчах”.
У сваю чаргу, артысты Жабінкаўскага раёна бралі ўдзел у святкаванні Дня горада Брэста: творчыя калектывы ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” сталі ўдзельнікамі карнавальнага шэсця на цэнтральнай вуліцы горада. Упершыню летась Жабінка прыняла адзін з канцэртаў у рамках Міжнароднага фестывалю класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары”, а восенню на сцэне ГДК быў паказаны спектакль XXII Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Белая Вежа”.
Творчыя калектывы раёна годна прадстаўлялі Жабінкаўшчыну на абласных конкурсах, фестывалях і святах. Калектыў Хмелеўскага СДК і ўзорны ансамбль народнага танца “Каруначкі” абаранялі гонар вобласці на Рэспубліканскім конкурсе “Суквецце культур”. Удзел народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” ў фестывалі “Спасаўскія запусты” (г. Бяла-Падляска, Рэспубліка Польшча) быў адзначаны Падзякай бургамістра Бельска-Падляскага.
Узорны ансамбль народнага танца “Каруначкі” атрымаў Гран-пры Міжнароднага фестывалю “Дарункі зямлі” (Польшча). Кавер-група “БаянДай” стала пераможцам у дзвюх намінацыях на абласным конкурсе інструментальнай музыкі “Музычны калейдаскоп” (г. Пружаны). Народны вакальны ансамбль “Каларыт” заняў трэцяе месца сярод акадэмічных калектываў на абласным песенным форуме “З любоўю да песні” (г. Пружаны).
2018 год – сярэдзіна пяцігодкі. І калі па асобных паказчыках (экспарт тавараў, экспарт паслуг, колькасць занятага ў эканоміцы насельніцтва, колькасць працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы, удзельная вага стратных арганізацый) за два гады выканалі даведзеныя пяцігадовыя задачы, то па індэксе прамысловай вытворчасці, прадукцыі сельскай гаспадаркі, рэнтабельнасці продажаў раёну давядзецца яшчэ шмат зрабіць.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.