За папулярызацыю кніжнай спадчыны Скарыны

Па выніках 2017 года, які прайшоў пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, прэміяй Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” адзначаны калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Лаўрэатам высокай узнагароды ён стаў за работу па факсімільным узнаўленні і папулярызацыі кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. “Мы паспрабавалі зрабіць усё для таго, каб дастойна адзначыць юбілей нацыянальнага і міжнароднага маштабу”, – падкрэсліў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі. Ён звярнуў увагу, што прэмія – высокая ацэнка заслуг не толькі цяперашняга калектыву, але і ўсіх людзей, якія працавалі ў Нацыянальнай бібліятэцы за 95 гадоў яе існавання. Першыя выданні Францыска Скарыны ў яе фондах з’явіліся практычна адразу пасля заснавання. Усе гэтыя гады супрацоўнікі ўстановы даследавалі і захоўвалі спадчыну першадрукара.

Чым зацікавім замежных турыстаў?

Як вядома, з першага дня года турысты – грамадзяне 77 краін – маюць законныя падставы наведваць Жабінкаўшчыну без візы на працягу 10 сутак. З гэтай нагоды пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Алы Ануфрыюк адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета па турызме. Галоўнае пытанне, што разглядалася: якія магчымасці ёсць у раёне, каб зацікавіць замежных турыстаў? Гэта санаторыі “Буг” і “Надзея”, 70 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, краязнаўчы музей у Малых Сяхновічах, сядзібы аграэкатурызму. Аднак, у бліжэйшы час патрабуецца распрацаваць 3-5 турыстычных маршрутаў, прыдатных для гасцей з-за мяжы, улічваючы нацыянальны каларыт і транзітны характар жабінкаўскай зямлі. Неабходна наладзіць таксама выраб сувенірнай прадукцыі і ўлічваць тое, што ў 2018 годзе ў краіне плануецца да 70 значных спартыўных мерапрыемстваў, нямала гасцей будуць рухацца па аўтадарозе М1.

Выратавальнікі вачамі дзяцей

Жабінкаўскі раённы аддзел надзвычайных сітуацый сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама праводзіць раённы этап агляду-конкурсу “Выратавальнікі вачамі дзяцей”.
Запрашаем хлопчыкаў і дзяўчынак ад 7 да 17 гадоў праявіць сваю фантазію ў намінацыях: казка, апавяданне, верш, малюнак, плакат, самаробка, скульптура малых формаў, мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Конкурсныя работы прымаюцца да 2 лютага. Іх тэматыка – “Прамысловая бяспека вачамі дзяцей”, “Выратаванне на водах”, “Пажары і надзвычайныя сітуацыі, рух юных выратавальнікаў-пажарных”. Больш падрабязную інфармацыю чытайце на сайце “Сельскай праўды”.

Дзеля міру і ладу ў сям’і

Як паведаміў у рэдакцыю начальнік Жабінкаўскага РАУС Андрэй Лагота, ў аддзеле састаяць на ўліку 120 асобаў, якія злоўжываюць алкаголем. Участковыя інспектары своечасова выяўляюць такіх, кантралююць іх паводзіны, каб папярэдзіць п’янства на ранняй стадыі.
Увогуле, распіццё алкагольных напояў і піва на стадыёне, у парку, скверы, грамадскім транспарце (акрамя спецыяльна вызначаных для гэтага месцах), а таксама з’яўленне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе караецца штрафам да 8 базавых велічыняў.
Нагадваем, што да 15 студзеня супрацоўнікі міліцыі праводзяць комплекс мерапрыемстваў па папярэджанні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян у сферы сямейна-бытавых адносін.
Пад асаблівай увагай асобы раней асуджаныя і сямейныя скандалісты, што любяць высвятляць адносіны нападпітку.

“Не ў групе рызыкі”

У лістападзе-снежні мінулага года праходзіў абласны агляд-конкурс мастацкага плаката, малюнка “Небяспечна – СНІД” у межах Сусветнай кампаніі супраць СНІДу і дзяржпраграмы “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі”.
З дапамогай фарбаў удзельнікі конкурсу намагаліся выказаць свае адносіны да глабальнай праблемы ВІЧ/СНІД, да яе прафілактыкі, сфарміраваць адказныя паводзіны, талерантныя адносіны да людзей з ВІЧ і г. д.
Актыўнымі былі школьнікі з усёй Брэстчыны. А Карына Панкова, вучаніца 10 “А” класа першай гарадской школы нашага райцэнтра стала пераможцай конкурсу. Яе плакат “Не ў групе рызыкі” заняў ганаровае першае месца.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.